Літва просіць прыпыніць працу БелАЭС


Літоўская дзяржаўная інспекцыя бяспекі атамнай энергетыкі звярнулася да Міністэрства надзвычайных сітуацыяў Беларусі з просьбаю прыпыніць працу БелАЭС. Між іншага Літва хоча атрымаць інфармацыю аб устаноўленых гранічных значэннях актыўнасці радыенуклідаў, якія станцыя выкідвае ў навакольнае асяроддзе.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Ад пачатку эксплуатацыі першага энергаблоку БелАЭС мы не атрымалі адказаў на мноства пытанняў датычна ядравай бяспекі, – зазначае намеснік кіраўніка ў агульных пытаннях ядравай бяспекі Літоўскай дзяржаўнай інспекцыі бяспекі атамнай энергетыкі Сігітас Шляпавічус. – Пачынаючы ад падбору і ацэнкі пляцоўкі, да рэкамендацыяў стрэс-тэстаў, а таксама ацэнкі ўздзеяння крушэння вялікага самалёта. Таму, на нашую думку, гэтая электрастанцыя павінна быць спыненая. Тады б усе праблемы ў сферы бяспекі былі вырашаныя».

Міністэрства энергетыкі Беларусі паспяшалася зняпраўдзіць інфармацыю пра выкід радыенуклідаў на БелАЭС:

«Радыяцыйная абстаноўка застаецца ў норме, перавышэнняў няма, што сведчыць аб бяспечнай і надзейнай працы БелАЭС. Станцыя функцыянуе ў штатным рэжыме, першы энергаблок працуе на намінальнай магутнасці, на другім працягваюцца работы для асваення магутнасці рэактару ў межах этапных праграмаў».

Аднак на меркаванне інжынера-фізіка Андрэя Ажароўскага, радыенукліды, якія станцыя выкідвае ў асяроддзе падчас працы, можна адсачыць толькі з адмысловымі прыборамі:

«Штатныя выкіды малыя. Неабходныя спецыялізаваныя прылады, якія пампуюць вялізныя аб’ёмы паветра праз фільтры. Потым гэтыя фільтры вымяраюцца. Гэта настолькі складана, што ў Расеі, наколькі я ведаю, ёсць толькі дзве кропкі, дзе гэтыя фільтры вымяраюць з усіх атамных станцый».

БелАЭС. 25 красавіка 2021 года. Астравецкі раён, Беларусь.
Фота: ВК / Белсат

Таксама эксперт звяртае ўвагу на даследаванні нямецкіх навукоўцаў. Яны лічаць бяспечным пражыванне на адлегласці не бліжэй за 50 кіламетраў ад АЭС. У іншым выпадку ўзрастае рызыка захворвання на анкалагічныя хваробы. Сталіца Літвы Вільня мае да станцыі меншую адлегласць. Таму перасцярогі нашых суседзяў наконт бяспекі Андрэй Ажароўскі называе цалкам слушнымі.

Да таго ж непадалёк ад станцыі месцяцца беларускія Ашмяны, Смаргонь і, вядома, Астравец.

«У 50 кіламетрах ад станцыі на 20 адсоткаў вышэйшая рызыка анкалагічных захворванняў. У 5 кіламетрах – большая ў два разы. Таму не павінна быць побач з атамнымі станцыямі буйных гарадоў. Атамная прамысловасць гэтае пытанне ніяк не вырашыла, таму сусветная практыка – будуйце далей ад гарадоў», – кажа Ажароўскі.

Літоўскі бок звярнуўся таксама ў Міжнароднае агенцтва атамнай энергетыкі з мэтай паўплываць на беларускіх атамшчыкаў. На думку дырэктара энергетычных праграмаў цэнтру Разумкова Уладзіміра Амельчанкі, надзеі нешта змяніць – марныя. Ён лічыць, што станцыя фактычна кантралюецца Расеяй, якая не будзе падаваць праўдзівую інфармацыю адносна яе стану. Як прыклад, Амельчанка дае рэакцыю датычна захопу Запарожскай АЭС.

«Былі прынятыя рэзалюцыі МАГАТЭ адносна поўнага вываду расейскіх акупацыйных войскаў са станцыі і перадачы яе пад поўны кантроль Украіне. Аднак расейскі бок цалкам праігнараваў нават такія дакументы самага высокага ўзроўню, як рэзалюцыя МАГАТЭ», – кажа Уладзімір Амельчанка.

БелАЭС ад моманту ўвядзення ў эксплуатацыю пераследуюць скандалы. Так, у 2021-ым яе спынялі на рамонт восем разоў. А летась станцыя не працавала 165 дзён. Між тым Міністэрства энергетыкі справаздачыцца пра ўвядзенне ў эксплуатацыю ўжо другога рэактару, які цяпер праходзіць неабходныя выпрабаванні.

Ян Федаровіч, «Белсат»