Новаўвядзенне для «дармаедаў» і эмбарга на імпарт: што зменіцца з 1 красавіка?


Атрымалі прыбытак з-за мяжы ці прадалі другую за апошнія пяць год кватэру? У вас засталося некалькі дзён, каб адсправаздачыцца перад падатковай службай. Фізічныя асобы мусяць падаць дэкларацыю да 1 красавіка. Што яшчэ падрыхтаваў для беларусаў другі вясновы месяц?

Новы месяц – новыя складанасці для так званых «дармаедаў»

Ад 1 красавіка чыноўнікі ў Беларусі будуць абнаўляць базу незанятых у эканоміцы штомесяц. Да гэтага з такой перыядычнасцю карэктавалі спісы толькі тых беларусаў, якія з’ехалі за мяжу.

«Калі мы сутыкаемся з сітуацыяй велізарнага дэфіцыту бюджэту, які з кожным годам нарастае, складаецца сітуацыя недахопу сродкаў у бюджэце. Таму калі базы дармаедаз будуць абнаўляцца фактычна штомесяц, будзе аказвацца большы ціск на людзей», – кажа эканамістка Аліса Рыжычэнка.

Да таго спісы абнаўлялі штоквартал. Уласнікі жылля, уключаныя ў базу не занятых у эканоміцы, аплачваюць камуналку паводле большых тарыфаў.

Падвышэнне коштаў на цыгарэты

Першы дзень карсавіка адаб’ецца на гаманцах курцоў: ужо чацвёрты раз ад пачатку года падаражэюць цыгарэты. Змены закрануць 24 маркі ад гарадзенскай тытунёвай фабрыкі «Нёман», па 25 марак – тытунёвых фабрык «Тытунь-інвест» і «Сентоні-пра». У асноўным падаражэнне складзе 20 – 30 капеек за пачак.

Эмбарга на імпарт

Еўрапейскіх тавараў у беларускіх крамах паменее. З 1 красавіка забаронены імпарт з Літвы шэраг тавараў літоўскага паходжання (малако і вяршкі згушчаныя, садавіна і арэхі, кава, сокі, воды, воцат, калготкі, панчохі, гольфы, шкарпэткі, асобныя будаўнічыя вырабы, лядоўні, маразільнікі і іншае). Таксама забараняецца ўвоз праз беларуска-літоўскую мяжу вады, піва, віна, вінаграднага сусла, вермутаў, іншых зброджаных напояў, этылавага спірту, воцату, шынаў, пакрышак, ужываных аўтазапчастак і вопраткі. Выключэнне – тавары для асабістага карыстання.

У Саўміне гэткі захад назвалі адказам на закрыццё Вільней з 1 сакавіка двух пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю. А ў МЗС Беларусі заявілі, што ад эмбарга пацерпяць шматлікія лагістычныя аператары Літвы.

«Абмежаванне перамяшчэння грузаў праз мытную мяжу з ЕЗ з’яўляецца найбольш адчувальнай абмежаванай мерай для рэжыму Лукашэнкі і сталі прычынай увядзення імпартных абмежаванняў ужо самім рэжымам. На эканоміцы краін Балтыі рашэнне беларускгаа боку не адаб’ецца ніяк, а вось беларускаму насельніцтву давядзецца плаціць больш за еўрапейскія тавары альбо набываць тавары расейскай і кітайскай вытворчасці», – кажа эксперт BEROC Алег Мазоль.

А вось увозіць тавары для асабістага карыстання бязмытна беларусы будуць паводзле новых нормаў. З 1 красавіка скароцяцца нормы бясмытнага ўвозу ў Беларусь тавараў для асабістага карыстання. Яны складуць 500 еўраў і 25 кг для тавараў, што ўвозяцца наземным транспартам, і 200 еўраў і 31 кг для да тавараў, што ўвозяць у міжнародных паштовых адпраўленнях і перавозчыкам у адрас фізічных асобаў. Цяпер можна ўвозіць тавараў на 1 тысяч еўра і вагой 31 кг.

«Верагодна, аб’ём замоваў у замежных інтэрнэт-крамах дасяягнуў такіх маштабаў, што ўрады ЕЗ вырашылі падвысіць абарону ўнутранага рынку. Для беларусаў гэта будзе азначаць, што за імпартныя тавары давядзецца плаціць даражэй. Таксама пачне расці кошт тавараў на ўнутраным рынку, паколькі вытворцы будуць падвышаць цэны на фоне зніжэння канкурэнцыі з боку імпарту», – адзначае Алег Мазоль.

Аднак Еўразійская эканамічная камісія да 1 красавіка можа прыняць іншае рашэнне адносна бязмытных нормаў увозу. Гэтак летась ліміты працягнулі за некалькі дзён да сканчэння іх тэрміну.

Новыя авіярэйсы

«Белавія» адкрывае рэгулярныя рэйсы ў Маскву (Шарамеццева): з 1 красавіка – з Гомля і 3 красавіка – з Берасця. З 26 красавіка авіякампанія запускае прамыя рэйсы з Менску ў сталіцу Дагестана – Махачкалу. Таксама акрамя таго, авіякампанія з 16 красавіка арганізуе дадатковы рэйс у Індыю, а з 19 красавіка па 15 лістапада будзе рэалізоўваць палётную праграму ў Турцыю (Анталля, Ізмір і Бодрум).

Расейская авіякампанія «Red Wings» з 21 красавіка запускае прамыя рэгулярныя рэйсы з Архангельску ў Менск. А «Uzbekistan Airways» з 6 красавіка павялічвае колькасць рэгулярных рэйсаў па маршруце Ташкент – Менск – Ташкент.

Ірына Юр’ева belsat.eu