Улады не даюць беларусам скардзіцца ў ААН


Грамадзяне Беларусі больш не змогуць скардзіцца ў Камітэт правоў чалавека ААН. Лукашэнка падпісаў закон, які спыняе дзеянне адпаведнага пратаколу да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«На канец верасня Камітэт правоў чалавека вынес 184 рашэнні адносна Беларусі. І ў большасці выпадкаў было зафіксаванае парушэнне нейкіх правоў заяўнікаў у Камітэт», – распавядае юрыст Мікіта Мацюшчанкаў з праваабарончай арганізацыі «Respect-Protect-Fulfill».

Камітэт правоў чалавека разглядаў, напрыклад, скаргі на смяротныя прысуды ў Беларусі. І выяўляў парушэнне права на справядлівы судовы працэс і права на жыццё. Хаця ўлады ігнаравалі рашэнні, сама наяўнасць такой пляцоўкі назаляла рэжыму, кажа праваабаронца Раман Кісляк з арганізацыі «Human Rights Impact».

«Вядома, улады гэта раздражняе, і яны хочуць прыбраць гэтую працэдуру, каб не было фіксацыі факту парушэння Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах», – тлумачыць Раман Кісляк.

А вось дэпутатка парламенту Лілія Ананіч сцвярджае, што Камітэт правоў чалавека ААН умешваўся ва ўнутраныя справы Беларусі.

«Суверэнная Беларусь, што не скарылася дыктату калектыўнага Захаду, як косць у горле для тых, хто хацеў бы захаваць аднапалярны свет і прымусіць нас жыць паводле чужых для нашага грамадства і дзяржавы законаў. На жаль, асобныя інстытуты міжнароднага права […] перасталі выконваць сваю канструктыўную ролю і […] выкарыстоўваюцца як інструмент ціску на «непажаданыя» краіны», – заявіла Лілія Ананіч.

Улады не даюць скардзіцца ў міжнародныя інстанцыі ды пераследуюць праваабаронцаў. Такіх, напрыклад, як Леанід Судаленка, што дапамагаў беларусам рыхтаваць звароты ў Камітэт. Агулам з 2020 года ад рэпрэсіяў пацярпелі 35 тысяч беларусаў – адзначаюць у ААН. І сітуацыя з правамі чалавека не паляпшаецца.

«Людзі маюць тры выбары: або маўчаць і быць лаяльнымі, або быць гатовымі сядзець у турме, або з’ехаць. Гэта, вядома, не знішчэнне людзей фізічна, але велічэзнае парушэнне правоў чалавека», – распавяла ў інтэрвʼю «Белсату» адмысловая спавяшчальніца ААН аб Беларусі Анаіс Марэн.

Працэдура выхаду з пратаколу да Міжнароднага пакту аб правах вымагае, аднак, да трох месяцаў, адзначае юрыст Мікіта Мацюшчанкаў. Цягам гэта часу яшчэ можна падаваць скаргі.

«Калі гэтыя тры месяцы скончацца, на Беларусь можна будзе яшчэ скардзіцца ў Камітэт па ліквідацыі дыскрымінацыі адносна жанчын. І ёсць яшчэ такі механізм у ААН – працоўная група па адвольных затрыманнях. Туды таксама можна падаць скаргу», – тлумачыць Мікіта Мацюшчанкаў.

І якія б законы ні прымалі дзейныя ў Беларусі ўлады, адказнасці за парушэнні правоў чалавека з іх ніхто не здыме.

«Дзяржава можа дэнансаваць факультатыўны пратакол, але яна не можа дэнансаваць сам Пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах. Гэта асаблівая міжнародная дамова, там ёсць прынцып кантынуітэту. Дэнансацыя не прадугледжаная ў прынцыпе», – кажа Раман Кісляк.

Таму трэба працягваць фіксаваць усе парушэнні правоў чалавека з боку ўладаў, мяркуе праваабаронца. Каб выкарыстаць сабраныя факты як доказную базу на будучых судовых працэсах.

Валянцін Васіленка, «Белсат»