Шайгу паказаў Хрэніну набор для збітых лётчыкаў


Чым вышэй градус супрацьстаяння Расеі з блокам NATO, тым больш напружання ў Беларусі ў стасунках з суседзямі. Дзяржаўны памежны камітэт, падкантрольны Лукашэнку, абвінаваціў Мінабароны Польшчы ў маніпуляцыях на тэму масавай нелегальнай міграцыі праз Беларусь. Таксама лукашэнкаўскія сілавікі заяўлялі, што палякі нібыта зноў уварваліся ў беларускую паветраную прастору. Ажно двойчы.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Суворае абвінавачанне. Міністэрства абароны Лукашэнкі заявіла, што польскі верталёт двойчы парушыў беларускую мяжу, і даволі глыбока ўвайшоў у нашую паветраную прастору. У Менску нават выклікалі ў Міністэрства замежных справаў польскага часовага паверанага.

«Паводле запыту, ў польскага боку быў пацверджаны палёт верталёту Узброеных сілаў Польшчы. Каля 15:20 паветранае судна перасякло мяжу Рэспублікі Беларусь, паглыбіўшыся на дальнасць на 1,5 кіламетра. У 16:22 верталёт паўторна парушыў дзяржаўную мяжу, паглыбіўшыся на 300 метраў», – заявіў Сяргей Качур, прадстаўнік камандавання Паветраных сілаў і Войскаў паветранай абароны.

Польшча адкідвае абвінавачанні ў парушэнні беларускай мяжы.

«Заява беларускага боку аб нібыта перасячэнні мяжы польскім верталётам непраўдзівая. Гэта пацвярджаюць запісы кантролю палёту і радарных станцыяў – такога здарэння не было», – падкрэслілі ў Аперацыйным камандаванні Узброеных сілаў Польшчы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Польскі верталёт Мі-24. Крыніца: Polsat

Але гэтаксама Аперацыйнае камандаванне Узброеных сілаў Польшчы каментавала інцыдэнт 1 верасня. Як тады паведамляў Памежны камітэт Лукашэнкі, польскі Мі-24 заляцеў у Гарадзенскую вобласць больш чым на кіламетр. Хаця насамрэч верталётнае супрацьстаянне пачалося 1-га жніўня, калі над польскай Белай Вежай ляталі Мі-8 з комплексам радыёэлектроннай барацьбы і ўдарны Мі-24 пад чырвона-зялёнымі сцягамі. Польскія медыі пазней паведамлялі, што верталётамі кіравалі расейцы. Такія інцыдэнты небяспечныя, бо чужы верталёт ці самалёт могуць проста збіць, што справакуе баявыя дзеянні. Але ёсць і «удар радарам» – калі чужому пілоту паказваюць, што яго бачна і на яго навялі ракеты.

«Ёсць такая практыка, што калі такі верталёт перасякае мяжу, дастаткова сістэмай проста навесціся, і ў верталёце ўсё пачне выць і свяціцца, як елка на Новы Год. І тады яны пойдуць назад. Таму ў пэўнай ступені дастаткова проста навесціся баявой зброяй на верталёт – і ён будзе вяртацца», – тлумачыць палітолаг Аляксандр Казак, спецыяліст у нацыянальнай бяспецы.

На шчасце, пакуль абышлося. Але Расея і падначаленыя Лукашэнкі шукаюць новыя магчымасці ўзмацніць сваю паветраную абарону. Сёння ў Туле Савет міністраў абароны краінаў СНД прыняў пастанову палепшыць сумесныя сістэмы ваеннага прызначэння.

«Спланаваныя супольныя мерапрыемствы падрыхтоўкі войскаў у межах аб‘яднанай сістэмы паветранай абароны дзяржаваў СНД на 2024 год, ухваленыя вайскова-тэхнічныя і фінансавыя пытанні супрацы ў галіне паветранай абароны», – паведаміў пасля Савету міністр абароны РФ Сяргей Шайгу.

У Садружнасць незалежных дзяржаваў уваходзяць Азербайджан, Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Малдова, Расея, Таджыкістан і Узбекістан. Але Малдова паступова адмяняе свой удзел у дамовах СНД, напрыклад, пра бесперашкодныя палёты праз сваю прастору спецрэйсаў, кшталту борт №1 Пуціна ці Лукашэнкі. Бо дамовы СНД не адпавядаюць сённяшнім ваенным рэаліям.

Таму ў Тулу міністр Малдовы не прыляцеў, і не меў магчымасці паглядзець на тульскіх збройных заводах на спецраспрацоўку – пісталет-кулямёт для збітых расейскіх лётчыкаў з НАЗ (насімага аварыйнага запасу).

«Мы прынялі рашэнне, што нам трэба для лётчыкаў. У НАЗ пад сядзенне закладваем 40 патронаў. Патрон калібру 9х19», – паказваў калегам Сяргей Шайгу.

Шайгу заявіў, што краіны СНД мусяць далучыцца да супрацы з расейскім вайскова-прамысловым комплексам. Віктар Хрэнін яго падтрымаў.

«Толькі дзякуючы супольным намаганням мы зможам утрымаць сітуацыю пад кантролем і не дапусціць з‘яўлення новых пагрозаў як унутры Садружнасці, так і на яе межах», – заявіў у Туле міністр абароны Лукашэнкі Віктар Хрэнін.

Наўрад ці СНД далучыцца да расейскай гонкі ўзбраенняў, мяркуе Аляксандр Казак. За выключэннем Беларусі, якая можа нарасціць выпуск вайсковай тэхнікі кшталту цягачоў МЗКЦ.

«Акрамя таго выдатны завод БелОМО, які ў стане рабіць неблагую оптыку, якой карыстаюцца расейскія танкі. Яны займаюцца таксама мадэрнізацыяй іх. І проста оптыка на расейскую зброю», – нагадвае палітолаг Аляксандр Казак.

Тым часам у суседняй Літве на аэрадроме ў Шаўляі на баявое чаргаванне стаў лятучы радар NATO – «AWACS».

«Кожны раз, калі самалёт з комплексам радыёвыяўлення ўзлятае над рэгіёнам, мы бачым, што робіць наш сусед, і гэта дазваляе нам рэагаваць адпаведным чынам, а нашаму кіраўніцтву – прымаць адпаведныя рашэнні», – патлумачыў камандуючы Паветранымі сіламі Літвы Антанас Матуціс.

«Гэтыя місіі адбываюцца з часу ўварвання ў Крым. Ужо амаль 10 гадоў, як мы праводзім такія місіі. Нічога асаблівага, звычайная справа. Нам проста трэба рухацца бліжэй да ўсходняга флангу Еўропы, каб лепш збіраць інфармацыю», – распавёў камандуючы гэтай сістэмай «AWACS» Маўрыц’ё Маджа.

Авіяцыйны комплекс радыёвыяўлення і навядзення адсочвае паветраны рух ажно на 400 кіламетраў і дакладна бачыць, што дзе лятае.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»