Некалькі чалавек затрымалі на мяжы, калі яны ехалі па дакументы


Хочаш дыплом ці атэстат, а сам за мяжою – будзеш мець праблемы! Указ Лукашэнкі аб непрызнанні даверанасцяў, аформленых у замежжы, прынялі да выкарыстання ў навучальных установах.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Вось што нам распавялі ў БДУІР:

– Паводле апошняга ўказу нашага прэзідэнта [відаць, маецца на ўвазе А. Лукашэнка] за 7 верасня, даверанасць толькі натарыяльная, выдадзеная ў Рэспубліцы Беларусь.

– І нават родзічы ці блізкія не могуць забраць?

– Так, нельга.

Кіраўнік фонду «BYSOL» Андрэй Стрыжак не сумняецца: усё робіцца для таго, каб заманіць людзей у краіну і паздзекавацца з тых, хто не пад іхнай уладаю.

«Усё роўна ён спрабуе нагадзіць людзям, усё роўна ён спрабуе давесці, што ён самы галоўны, нават у такіх дробязях, як дыпломы, спрабуе гэта давесці».

Адсутнасць атэстатаў ці дыпломаў стварае практычныя нязручнасці беларусам за мяжою: гэтыя дакументы патрэбныя для працягу адукацыі, а часам і для працаўладкавання.

«Рэжым Лукашэнкі наўпрост парушае канвенцыю 1961 года, падпісаную ў Гаазе, якая практычна гаворыць пра тое, што краіны пагаджаюцца прызнаваць даверанасці, падпісаныя за мяжою. Парушэнне сапраўды наўпроставае. І мы вывучаем механізмы, як задзеяць механізмы прымусу, каб даверанасці, выдадзеныя за мяжою, прымаліся ў Беларусі», – гаворыць  намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Валер Кавалеўскі.

Беларуская мяжа.
Фота: sb.by

Разам з тым прадстаўнікі дыяспары перасцерагаюць ад паездак у Беларусь па дакументы. Некалькіх асобаў ужо затрымалі.

«Гэта рызыка, нават калі чалавек не ўдзельнічаў у пратэстах, а проста даўно не зʼяўляўся на радзіме. Знайсці выйсце без дакументаў, я думаю, можна, а вось пасядзець 5, 7, 10 гадоў… Кожнаму самому вырашаць», – сцвярджае  намеснік прадстаўніка Абʼяднанага пераходнага кабінету ў транзіце ўлады Арцём Праскаловіч.

«Ніколі не паступайце бяздумна. Бо наступным крокам будзе званок вашых заплаканых сваякоў, якія будуць казаць: а што нам рабіць у гэтай сітуацыі? І, на жаль, адкажу, што ў гэтай сітуацыі можна толькі вывучаць тое, што можна перадаваць у складзе перадачаў у турму, і чакаць», – раіць Андрэй Стрыжак.

Эксперты папярэджваюць: непрызнанне даверанасцяў датычыць не толькі выдачы дыпломаў, але і распараджэння маёмасцю. Паводле Андрэя Стрыжака, гэта можа быць першым крокам рэжыму ў спробах адбіраць уласнасць ва ўцекачоў.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»