Футбольныя зборныя байкатуюць Расею


Нацыянальная асацыяцыя футболу Украіны і яшчэ прынамсі дзесяці дзяржаваў не будуць удзельнічаць у турнірах з расейскімі камандамі. Такія заявы прадстаўнікі футбольных арганізацыяў зрабілі пасля таго, як УЕФА дазволіў расейскім футбольным камандам, дзе ўзрост гульцоў не перавышае сямнаццаці гадоў, вярнуцца да міжнародных турніраў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Расейскія мужчынская і жаночая каманды (U-17) дапушчаныя да ўдзелу ў міжнародных футбольных спаборніцтвах. Усе матчы з іхным удзелам мусяць праводзіцца без сцяга краіны, гімну, нацыянальнай формы і не на тэрыторыі Расеі.

«У мяне дваякае ўражанне: з аднаго боку – дапусцілі, а з другога боку – з намі адмаўляюцца гуляць, але гэта паўбяды. Я разумею футбалістаў, што трэба выступаць, але з іншай пазіцыі – гуляць без сцяга і гімна. Такога я сабе не ўяўляю», – падкрэсліў былы гулец футбольнай зборнай Расеі Раман Шырокаў.

Тым часам вядомы спартовы каментатар і вядоўца праўладных імпрэзаў Дзмітрый Губерніеў не згодны з такім меркаваннем.

«Я вось не разумею! У юных футбалістаў з’явілася надзея на гульні ў вялікіх турнірах. Так, без сцяга і гімну, але гуляць! Аднак тут залямантавалі іншыя: нельга так, трэба абавязкова са сцягам! А вы саміх хлопцаў спыталі, іхных бацькоў, настаўнікаў? Ці дзеці павінныя тухнуць без гульняў з супернікамі? Трэба выступаць пры любой магчымасці, супрацьдзеянне ўжо пачалося! А гімн і сцяг вернем, без сумневаў».

Пра што можа сведчыць той факт, што Расею, хоць яшчэ пакуль і на юнацкім узроўні, гатовыя пусціць на міжнародную арэну?

«Адзіная прычына, якая можа быць, што федэрацыя тэстуе Міжнародны алімпійскі камітэт і міжнародную супольнасць на тую столь прымальных дзеянняў, якія ўсе стрываюць у дачыненні Расеі», – зазначыў былы генеральны сакратар НАК Беларусі Анатоль Котаў.

Байкот матчаў пры ўдзеле расейскіх зборных акрамя Украіны падтрымалі ўжо футбольныя асацыяцыі Польшчы, Латвіі, Літвы, Эстоніі, Швецыі, Даніі, Фінляндыі, Нарвегіі, Ірландыі ды Англіі. Ці праігнаруе гэты факт УЕФА? Або ўсё ж Расею зноў адхіляць ад турніраў?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Футбольнае поле. Крыніца: unsplash.com

«Такая палітычная барацьба – каляспартовая – будзе працягвацца. Яна будзе весціся з аднаго боку краінамі, з другога – актывістамі, праваабарончымі арганізацыямі, як Беларусі так і Украіны», – кажа заснавальнік інтэрнэт-парталу «Tribuna.com» Дзмітрый Навоша.

Вяртанне расейскіх камандаў у турніры пад эгідай УЕФА – незалежнае рашэнне ці ўсё ж Расея магла неяк прастымуляваць футбольных функцыянераў?

«Лабіяванне ў бок Расеі ніколі не спыняецца. Футбол – гэта вялікія грошы. Расейскія клубы цярпяць ад таго, што не выступаюць на міжнароднай арэне», – падкрэсліў былы генеральны сакратар НАК Беларусі Анатоль Котаў.

Тэндэнцыя допуску расейскіх і беларускіх спартоўцаў да ўдзелу ў міжнародных спаборніцтвах пашыраецца. Магчымы іх удзел і ў Алімпіядзе, хоць і без апазнавальных знакаў. Гэта пацяпленне – з боку Міжнароднага алімпійскага камітэту – ці клопат пра спартоўцаў, якія не падтрымоўваюць вайну ва Украіне?

«На жаль, я не бачу тут ніякага клопату пра вольных атлетаў з Беларусі, тых, хто выказаўся супраць вайны і Лукашэнкі. Я баюся, што гэта памылка, якая будзе толькі павялічваць колькасць скандалаў у спорце», – распавёў Дзмітрый Навоша.

Фінальная частка чэмпіянату Еўропы-U17 сярод мужчынаў пройдзе ў наступным годзе на Кіпры, а жаночы турнір адбудзецца ў траўні ў Швецыі. Цікавы факт: шведы заявілі, што ў любым выпадку не пусцяць зборную Расеі на сваю тэрыторыю.

Павел Алейнікаў, «Белсат»