Літаральна перад пачаткам поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну ў беларусаў скралі вялізны ўчастак зямлі на тэрыторыі Краснадарскага краю Расеі.
Глядзіце сюжэт у нашым відэа:
«Датычыць гэтая інфармацыя продажу ў лютым 2022-га ўчастку зямлі, што належаў на правах уласнасці Рэспубліцы Беларусь. Падкрэслім: на правах уласнасці. Вядзецца пра ўчастак плошчай 97 248 квадратных метраў, размешчаны па адрасе пасёлак Красная Паляна Адлерскага раёну гораду-курорту Сочы», – гаворыць у расследаванні прадстаўнік «BELPOL» Уладзімір Жыгар.
Паводле супольнага расследавання ініцыятывы «BELPOL» і тэлеканалу «Белсат», участак плошчаю амаль 10 гектараў належаў Рэспубліцы Беларусь, а кіравала гэтай зямлёй дзяржаўнае прадпрыемства «Санаторый Беларусь», што ўваходзіць у структуру прадпрыемстваў Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі.
«Лукашэнка патаемным распараджэннем для службовага карыстання (“дсп” – паметка на дакуменце, і гэты дакумент паказаны) выводзіць яго са складу дзяржаўнай маёмасці, нашай з вамі беларусаў маёмасці, і нейкім дзіўным чынам перадае нікому не вядомай фірме, і прадае за ў 20 разоў ніжэйшы кошт, чым яно б каштавала па рынку», – кажа кіраўнік рэдакцыі інфармацыі «Белсату» Ігар Кулей.
Участак цішком выкупіла зарэгістраваная ў 2021-м у Расеі кампанія «Комплекс Инвест». А літаральна праз некалькі месяцаў фірма перайшла ва ўласнасць таварыства з абмежаванай адказнасцю «Рэгіянальны парадак». Праз заснавальнікаў і кіраўнікоў гэтае таварыства звязанае з фірмай-пракладкай для продажу электраэнергіі ва Украіну «Vector Energy Innovation FZCO» і з закрытым акцыянерным таварыствам «Вектар Капітал Груп».
«”Вектар Капітал Груп” кіруюць два былыя намеснікі Кіраўніцтва справамі – Свірыдаў і Селіванаў – і былы кіраўнік Кіраўніцтва справамі Шэйман. Фірма падсправаздачная непасрэдна Лукашэнку і грошы зарабляе – дакладней, крадзе – менавіта для таго, каб падтрымліваць рэжым», – кажа Уладзімір Жыгар.
Паводле крыніцаў «BELPOL», «Вектар Капітал Груп» – паменшаная копія Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі. І функцыі ў гэтай фірмы падобныя, толькі пад маскаю прыватнай структуры.
«Лукашэнка ў пэўны момант, хутчэй за ўсё (з таго, што мы з гэтага расследавання разумеем), зразумеў, што яму не вечна сядзець у Беларусі, што раней 30 гадоў ён рабіў нейкія цёмныя справункі праз Кіраўніцтва справамі, і гэта ўсё праходзіла, але цяпер гэтую структуру лепш ствараць незалежна, каб яе можна было заўсёды вывезці», – мяркуе Ігар Кулей.
Што ў Краснай Паляне будзе менавіта чарговая рэзідэнцыя Лукашэнкі, пераконваюць здабытыя «BELPOL» праектныя дакументы групы кампаніяў «Краснодаргражданпроект», што забудоўвае скрадзены ў беларусаў участак. Каб даведацца, на якім этапе будоўля цяпер, журналістка праграмы «Тыдзень» Юлія Цяльпук патэлефанавала ў тэхнічны аддзел арганізацыі ад імя адміністрацыі краю:
– Хочам унесці ў спіс конкурсных праектаў ваш загарадны гатэльны комплекс «Красная Паляна».
– Ён у стадыі рэалізацыі, ён у актыўнай будоўлі, яшчэ не пабудаваны і ў эксплуатацыю не ўведзены. А дзе вы бачылі, калі не сакрэт? Мы проста пра яго асабліва не афішуем інфармацыі.
У галоўным будынку запраектаваныя банкетная зала, кінатэатр, ахова, працоўны кабінет, асобныя кухні для гарачых і халодных страваў, гардэробная, і нават пакой для лыжаў. Апроч асноўнага будынку на тэрыторыі размесцяцца яшчэ з дзясятак розных аб’ектаў: катэджы для віп-гасцей, гатэль, рэстаран, гаражы і месцы для адпачынку.
Кошт меркаванай рэзідэнцыі Аляксандра Лукашэнкі ў Сочы бізнесовец Аляксандр Кныровіч ацаніў на 50 мільёнаў долараў. Калі ж дадаць рынкавы кошт скрадзенага ўчастку – прынамсі сто мільёнаў долараў, – выходзіць 150 мільёнаў, якія недаатрымаюць беларусы.
Цалкам супольнае расследаванне «Белсату» і «BELPOL», а таксама падрабязны матэрыял пра новую рэзідэнцыю Лукашэнкі ў Краснай Паляне глядзіце ў нашай учорашняй праграме «Тыдзень». І сачыце за навінамі, бо расследавальнікі абяцаюць неўзабаве абнаўленні, датычныя і гэтай, і іншых гісторыяў, звязаных з Лукашэнкам. Між іншага, аб продажы яшчэ аднаго беларускага ўчастку ў Сочы.
Ірына Дарафейчук, «Белсат»