Рэжым небяспечна выкарыстоўвае радыеактыўныя зоны краіны


На тэрыторыях, якія 37 гадоў таму пацярпелі ад Чарнобылю, – 16 праектаў . Савет Міністраў пастанавіў аднавіць шпіталі, памяшканні некаторых прадпрыемстваў. Але 7 ініцыятываў – гэта новыя сельскагаспадарчыя пабудовы: малочна-таварныя фермы, свінагадоўчы комплекс, цялятнік ды зернесушылка.

«Дык вы яшчэ Чарнобылем жывяце?», – запытаўся Аляксандр Лукашэнка падчас камандзіроўкі ў Ветку, – «Сёння ўжо гэтыя праблемы, страх і іншае сышлі. Людзі разумеюць, што гэта нармальная зямля і тут можна жыць».

Ці так гэта? Параўнаем мапу новых праектаў з афіцыйнаю мапаю прагнозу радыеактыўнага забруджвання на 2026 г. Можна пабачыць, што пяць з гэтых праектаў застаюцца ў жоўтых зонах забруджання. А вёска Будкі – увогуле ў аранжавай. У гэтых зонах жыць і весці гаспадарку мусіць быць забаронена, сцвярджае расейскі фізік-ядравік, удзельнік Беларускай антыядравай кампаніі Андрэй Ажароўскі, да таго ж падкрэслівае, што паказнікі на мапе заніжаныя:

«Вяртацца на забруджаныя землі – гэта скрайне небяспечная ідэя. Я трошкі здаля пачну. У Беларусі перанасяленне нейкае? Жаданне Лукашэнкі залезці ў забруджаныя тэрыторыі мае ідэалагічны характар. Яму трэба паказаць, праз калена пераламаць народную думку – трэба паказаць, што Чарнобыль прайшоў».

А вось журналісты «Associated Press» на трыццацігоддзе чарнобыльскай катастрофы паказалі адваротнае. Узялі на аналіз малако з фермы за 45 км ад ЧАЭС і выявілі перавышэнне нуклідаў стронцыю. Гэткае малако пасля перамяшалі б з чыстым і выставілі на паліцы крамаў.

Але забруджаныя тэрыторыі працягваюць залучаць у сельскую гаспадарку на дзяржаўным узроўні. Пасля катастрофы зону забруджання зменшылі на больш як тысячу паселішчаў.

«Яны хочуць максімізаваць выкарыстанне хоць таго, што ёсць, у тым ліку коштам не тое што неэтычным… Гэта дзеянні, якія патэнцыйна нясуць вялікую пагрозу здароўю людзей», – абураецца эканаміст і публіцыст Алесь Чайчыц.

Гэтак, са спісу забруджаных тэрыторыяў выключылі Мазыр. Гомель перавялі ў зоны з перыядычным радыяцыйным кантролем, нібы горад стаў бяспечней. Алесь Чайчыц лічыць, што прычынаю ў тым ліку было жаданне ўладаў зменшыць колькасць ільготаў і выплатаў для пацярпелых жыхароў:

«Гарады – гэта канцэнтрацыя насельніцтва. Канечне, дзе канцэнтрацыя насельніцтва, там канцэнтрацыя патэнцыйных атрымальнікаў ільготаў, сацыяльнай дапамогі. І, канечне, гэта тое, дзе будуць спрабаваць рэзаць у першую чаргу».

Да 2090 году ўлады плануюць выкрасліць з забруджанай зоны ўсе паселішчы. Але ці будуць гэтыя тэрыторыя сапраўды бяспечныя для жыцця? Андрэй Ажароўскі адказвае на пытанне:

«Павінна прайсці 10 перыядаў паўраспаду, каб радыенукліды, якія трапілі ў навакольная асяроддзе, з натуральных прычынаў распаліся да нязначных канцэнтрацый. Давайце палічым. Для цэзію і стронцыю – гэта 300 гадоў. Вось праз 300 гадоў, хутчэй за ўсё, можна забыцца пра гэтыя мапы і сапраўды займацца там сельскай гаспадаркай».

А на некаторых тэрыторыях пасля выбуху застаецца плутоній, які ўвогуле распадаецца 24 тысячы гадоў.

Яна Шэк, «Белсат»