Расея атакавала энергетычную інфраструктуру Украіны


Расейскі Белгарад апошнім часам стаўся прыфрантавым горадам з усімі асаблівасцямі гэткага статусу. Расея ж працягвае атакаваць аб’екты ўкраінскай энергетыкі. Паводле ЗСУ, уначы расейцы выпусцілі 60 «Шагэдаў», тры аэрабалістычныя ракеты Ха-47-эМ-2 «Кинжал», 9 кіраваных авіяракетаў Ха-59, дзве балістычныя ракеты «Искандер-М», а да таго ж крылатыя ракеты «Искандер-К» і Ха-101/Ха-555. 84 цэлі з 99-ці былі збітыя сіламі ўкраінскай паветранай абароны.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Не ўсе паветраныя цэлі атрымліваецца збіваць – яны манеўруюць, не ляцяць па прамой. Могуць ляцець 2000 кіламетраў, знаходзіцца некалькі гадзін у нашай паветранай прасторы. На жаль, трапляюць, гэта балюча. Але нашыя СПА працуюць», – зазначае вайсковы аналітык, былы працаўнік СБУ Іван Ступак.

На фронце цяпер трымаецца хісткая раўнавага. Галоўнакамандуючы ЗСУ Аляксандр Сырскі заявіў пра гатовасць эфектыўна абараняць Харкаў у выпадку наступу Расеі. Да таго ж назваў завышаным лік 500 тысяч жаўнераў, якіх неабходна мабілізаваць у склад ЗСУ.

«З самага пачатку было зразумела, што 500 тысяч мы не зможам набраць, – разважае Іван Ступак. – Прыйдзецца некаторыя галіны эканомікі проста знішчаць – забіраць мужчын. Прадпрыемствы будуць спыняцца, грошы не будуць ісці ў бюджэт, не будзе фінансавацца армія. Гэта ўсё ўзаемазвязана. Хутчэй за ўсё, маё меркаванне, размова пойдзе пра лічбу ў памеры 250-350 тысяч чалавек».

Тым часам Уладзімір Зяленскі ў інтэрв’ю журналісту CBS спрагназаваў імаверны летні наступ Расеі. Прэзідэнт Украіны заклікаў краіны Захаду паспяшацца з дапамогаю.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. НПЗ у Куйбышаве, атакаваны дронам.
Крыніца: 24tv.ua

«Расея будзе рыхтаваць контрнаступальныя дзеянні. Гэта можа быць канец траўня або чэрвень. І да гэтага мы мусім рыхтавацца. Каб утрымаць сітуацыю, нумар 1 – гэта паветраная абарона і артылерыйскія снарады. Гэта тое, што нам патрэбна», – кажа прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

Значную частку ўзбраенняў Украіна атрымлівае з ЗША. Але дапамогі з-за акіяну ўсё менш. З канца мінулага года Кангрэс не можа зацвердзіць вылучэння Кіеву шасцідзесяці мільярднага пакету вайсковай дапамогі, які раней ухваліў Сенат.

«Гэта вельмі вострае пытанне, якое турбуе як амерыканскіх заканадаўцаў, так і амерыканскіх падаткаплатнікаў, – мяркуе эксперт-амерыканіст Антон Пянькоўскі. – Чым далей гэтае пытанне будзе разглядацца ў 2024 годзе, тым больш яно будзе звязанае з прэзідэнцкімі выбарамі ў ЗША».

Проста цяпер кангрэсмены – на велікодных вакацыях, з якіх вернуцца толькі 9-га красавіка. Зрэшты, не факт, што адразу па выхадзе на працу спікер Майк Джонсан паставіць пытанне дапамогі Украіне на галасаванне.

Ян Федаровіч, «Белсат»