Замежныя турысты едуць у Беларусь


Сталічныя гатэлі перад Новым годам занятыя расейцамі. Сёння замовіць месца калі і можна, то вельмі нятанна.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«На жаль ужо нумароў няма», «няма, нічога не будзе, толькі аднамесцавы нумар», «стандартны нумар, 487 беларускіх рублёў на дваіх са сняданкам», – так адказвалі на нашае пытанне ў менскіх гатэлях.

З Расеі ў нашую краіну часцей едуць на адпачынак сем’ямі людзі з грашыма – турысты, што раней ездзілі адпачываць у Еўропу. І якім у верасні краіны Балтыі ды Польшча закрылі ўезд паводле турыстычных візаў. Чыноўнікі сцвярджаюць, што цікавяць расейскага турыста нашая гісторыя, клімат, прыродныя рэсурсы, архітэктура.

«Людзі, якія ўпершыню сюды трапілі, уяўлялі сабе, што прыкладна гэта краіна з такой жа культурай, як нейкі расейскі рэгіён. І яны здзіўленыя, для іх шмат адкрыццяў. Гэта і каталіцкая канфесійная культура, і замкі нашыя, і этнаграфія, якая адрозніваецца», – пералічвае прадстаўнік «Гатэльнага холдынгу Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь» Аляксей Стрэльчанка.

Агулам сёлета са студзеня да верасня Беларусь наведалі на 22 адсоткі замежных турыстаў больш як за адпаведны перыяд летась, сцвярджае Міністэрства спорту і турызму.

«Лідаруе па-ранейшаму Расейская Федэрацыя – 393 тысячы, Літва ў 7 разоў павялічыла патокі – 315 тысячаў, Латвія – таксама амаль у 7 разоў, 647 %», – кажа намеснік міністра спорту і турызму Алег Андрэйчык.

Павелічэнню колькасці турыстаў з заходніх суседак спрыяе бязвізавы рэжым з нашаю краінай, які дзеіць з 15-га красавіка для грамадзянаў Літвы і Латвіі, а з 1-га ліпеня – для грамадзянаў Польшчы. Хоць міністэрствы замежных справаў краінаў Балтыі заклікалі сваіх грамадзянаў устрымацца ад паездак у Беларусь.

«Звязана з эканамічнай сітуацыяй у Літве і цэнамі ў Беларусі. Такім чынам, людзі едуць не атрымаць асалоду ад прыгажосці Горадні, Менску ці іншых гарадоў, а элементарна па больш танныя прадукты, у тым ліку па паліва», – кажа доктар палітычных навук Вадзім Валавы.

На мінулым тыдні Лукашэнка бязвіз працягнуў і на наступны год. Аднак Сойм Латвіі зрабіў захады: увёў папраўкі ў заканадаўства, якія мусяць зменшыць увоз у краіну з Беларусі цыгарэтаў і алкаголю, а ў парламенце Літвы плануюцца слуханні ў гэтым пытанні.

«Закрываць усе кранікі для бюджэтных паступленняў рэжыму Лукашэнкі неабходна. Мы не маем выбару, калі мы разумеем, якімі ўдзельнікамі некаторыя нашыя жыхары становяцца. Гэта трэба спыніць», – кажа дэпутат Еўрапарламенту з Літвы Пятрас Аўштравічус.

Зрэшты, у самых літоўцаў, апытаных намі, паездкі ў Беларусь асабліваю папулярнасцю не карыстаюцца.

«Не згодныя мы палітычна з Беларуссю цяпер, я так думаю. Прынцыпова няма за чым туды ехаць. Палітычная, напэўна, самая першая прычына».

«Мяне там нічога не звязвае, і мне там не трэба нічога».

«Мяжа нас затрымлівае, умовы, якія там на мяжы, доўга стаяць, а так у прынцыпе вельмі прыгожая краіна», – кажуць жыхары Вільні.

Беларускія чыноўнікі разлічваюць налета на прыток турыстаў з Кітаю, Індыі ды постсавецкіх краінаў Азіі. Плануюць таксама прыцягваць яшчэ больш расейскіх турыстаў, між іншага ладзячы аўтобусныя туры з Расеі ў Беларусь.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»