«ByPol»: Лукашэнка можа падпісаць Закон аб народным апалчэнні


Бліжэйшым часам Аляксандр Лукашэнка падпіша Закон аб народным апалчэнні. Пра гэта з пазнакаю «тэрмінова» паведамляе аб’яднанне былых сілавікоў Беларусі «ByPol». Арганізацыя ўдакладняе: узброеныя фармаванні будуць стварацца ў перыяд ваеннага становішча са звычайных жыхароў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Сярод асноўных задачаў гэтак званых апалчэнцаў «ByPol» называе:

1. Спрыянне карным структурам Аляксандра Лукашэнкі пры забеспячэнні ваеннага становішча.

2. Атрыманне інфармацыі пра дзеянні войскаў «праціўніка» і асобаў, якія яму дапамагаюць.

Распрацоўванне гэтага закону можа быць прыкметаю падрыхтоўкі Лукашэнкі да вайны, упэўненыя ў абʼяднанні.

«Раней такога не было і раней яны не думалі пра ваеннае становішча. А цяпер яны хочуць заканадаўча зрабіць і давесці да людзей, што будзе ваеннае становішча і будзе створана гэтае народная апалчэнне», – кажа кіраўнік «ByPol» Аляксандр Азараў.

У сваю чаргу амерыканскі Інстытут вывучэння вайны ацэньвае рызыку ўдзелу Беларусі ў вайне супраць Украіны як «вельмі нізкую». Аднак прадстаўнік Абʼяднанага пераходнага кабінету ў транзіце ўлады Павел Латушка нагадвае: усё будзе залежаць ад стратэгічных планаў Крамля.

«Мы павінны з вамі разумець, што беларускі плацдарм – у стратэгічных інтарэсах Расеі. Ён ужо выкарыстоўваўся, выкарыстоўваецца і, я перакананы, на жаль, будзе выкарыстоўвацца ў інтарэсах Масквы», – распавядае Павел Латушка.

Тым часам у Менскай вайсковай камендатуры робіцца комплекс захадаў для пераводу з мірнага на ваенны час. Міністэрства абароны Беларусі заяўляе, што гэта робіцца згодна з планам раптоўных праверак узброеных сілаў краіны.

«Гэта ўзмацненне жорсткасці ўсіх тых захадаў, якія яны робяць і так у мірны час. Узмацненне жорсткасці кантролю, узмацненне кантролю за ўсімі перасоўваннямі. Выяўленне падазроных асобаў, магчымых дыверсантаў, дэзерціраў і гэтак далей».

Рыхтуюцца і ў беларускім Міністэрстве ўнутраных справаў. На даручэнне Аляксандра Лукашэнкі ў краіне стварылі новы асобы атрад спецыяльнага прызначэння – «Рысь».

«Стварэнне дадзенага падраздзялення проста прадыктавана часам на сённяшні дзень. Задача яго – забяспечыць бяспеку нашых грамадзянаў на ўсёй тэрыторыі. Неабходна будзе ўзмацненне мяжы? Гэты атрад будзе выбываць і выконваць пэўныя задачы», – кажа міністр унутраных справаў Беларусі Іван Кубракоў.

У сваю чаргу прадстаўнік Абʼяднанага пераходнага кабінету Беларусі ў справе абароны і нацыянальнай бяспекі Валерый Сахашчык заявіў, што Расея спрабуе анэксаваць Беларусь. Ён прапанаваў сакратару Савету бяспекі, генерал-лейтэнанту Аляксандру Вальфовічу правесці дыялог, каб развязаць усе пытанні, цытата, «без супрацьстаяння». На думку Сахашчыка, бліжэйшым часам рэжым Лукашэнкі можа сам пачаць шукаць варыянты перамоваў.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»