Дзіцячы спорт знаходзіцца па-за палітыкай?


Выканаўчы дырэктар Беларускага фонду спартовай салідарнасці Аляксандр Апейкін выступае за адмену міжнародных санкцыяў супраць беларускіх спартоўцаў. Праўда, ён бароніць дзяцей і юнакоў: «Адхіленне ад удзелу распаўсюджваецца на ўсе ўзросты. Паўстае такое цывілізацыйнае пытанне, бо праз некалькі гадоў мы сапраўды можам сутыкнуцца з такой сітуацыяй, што ўсе спартовыя сувязі будуць завязаныя на расейскія структуры, расейскія клубы, расейскія федэрацыі».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Пасля пачатку вайны Расеі супраць Украіны пад бан ад міжнародных федэрацыяў трапіла большая частка беларускіх спартоўцаў.

Напрыклад, у лёгкай атлетыцы. А таксама амаль усе камандныя віды спорту, за выняткам футболу. Ды шмат якія зімовыя дысцыпліны: біятлон, лыжныя гонкі, фрыстайл ды іншыя.

Але беларусы могуць выступаць пад нейтральным сцягам у спаборніцтвах па футболе, тэнісе, дзюдо, шахматах, у некаторых гімнастычных дысцыплінах. Ад нядаўняга часу – і ў плаванні.

Для пашырэння дазвольнага спісу Фонд спартовай салідарнасці разлічвае на дапамогу іншых дэмакратычных сілаў.

«Размова ідзе пра вялікую інфармацыйную кампанію ўсіх дэмакратычных сілаў, – кажа Аляксандр Апейкін. – Мы мусім патлумачыць Еўропе і Украіне, што Беларусь гэта не Расея, што беларусы гэта не агрэсары і не суагрэсары, а ў большасці ахвяры ваенна-палітычнага кіраўніцтва Беларусі».

Першапачаткова пра адмену абмежаванняў для спартоўцаў-юніёраў Апейкін выказаўся ў сваім «Фэйсбуку». Допіс выклікаў жывую дыскусію. Адно з папулярных меркаванняў, што ў такім выпадку павінны быць вызваленыя палітвязні.

«Калі будуць распачынаць адмену нейкіх санкцыяў, неабходна каб краіна якая іх здымае ці прапаноўвае гэта рабіць, памятала, што ў Беларусі тысячы палітзняволеных, што іх неабходна ўключаць як адну з умоваў зняцця гэтых санкцыяў», – упэўнены муж палітзняволенай журналісткі Ірыны Слаўнікавай Аляксандр Лойка.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Дзеці гуляюць у «Перагорнуты футбол». Менск, Беларусь. 10 верасня 2022 года.
Фота: Белсат

Былы беларускі лыжнік, пераможца этапу кубка свету Сяргей Далідовіч лічыць зняцце санкцыяў для беларускіх юніёраў бессэнсоўным, калі яно спрацуе толькі ў адзін бок. Бо застаюцца і тыя спартоўцы, на якіх наклала абмежаванні Беларусь.

«Калі здымуць санкцыі з юніёрскага спорту, мая дачка нічога не выйграе. Яна ўсё роўна не зможа ўдзельнічаць у спаборніцтвах, таму што не зможа канкураваць з людзьмі, якія ў Беларусі. Не зможа праходзіць адборачныя турніры, наогул нічога не зможа», – разважае Далідовіч.

А да таго ж Далідовіч скептычна ставіцца да ідэі, што ідэалогія «русского мира» станоўча паўплывае на фармаванне асобаў юных беларускіх спартоўцаў.

«Не выпадае казаць пра тое, што калі людзі пачынаюць ездзіць на спаборніцтвы ў Расею, яны інакш думаюць, – мяркуе Далідовіч. – Як можна чалавека памяняць – ён што, пранікнецца “рускім духам” ці “рускім светам”? Вядома, не. Дух чалавека, ягоны ўнутраны стан ідзе ад бацькоў».

Сам жа факт распачатай дыскусіі наконт верагоднасці адмены бану для юных беларускіх спартоўцаў і неабходных умоваў для гэтага Аляксандр Апейкін лічыць надзвычай важным. Бо гэта дапаможа дэмакратычным сілам акрэсліць спрэчныя моманты і выпрацаваць кансалідаваную пазіцыю на гэты конт.

Ян Федаровіч, «Белсат»