Лукашэнка пагражае адабраць дыпломы ў дактароў


«Так, у нас дзесьці там не хапае дактароў, паколькі некаторыя дактары збеглі з прафесіі і чорт ведае чым займаюцца, – усё ж такі прызнаў дэфіцыт медыкаў у Беларусі Лукашэнка.

Дый кажа, што ведае, як гэтую праблему залагодзіць: «Ёсць у мяне варыянты, але не цяпер. Мы вырашым гэтую праблему бліжэйшым часам. Ты доктар? Ідзі працуй. Не? Пакладзі дыплом. А дыплом не хочуць. Ну, слухайце, 6 гадоў вучыцца і дыплом кінуць»

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Але гэткая захада разлічаная не на тых спецыялістаў, што пайшлі з медыцыны ў іншыя прафесійныя сферы, мяркуе доктар і прафсаюзны актывіст Станіслаў Салавей. Рэжым такім чынам перадусім імкнецца спыніць эміграцыю медыкаў з Беларусі.

«Такое рашэнне, магчыма, замарудзіць на кароткі тэрмін адток медыкаў. Дапусцім, атрымае дзяржава з 2024 па 2025 год, што з’едзе менш, чым магло б – бо дыпломаў на руках не будзе. Але на перспектыву ў 10 гадоў гэта вельмі адбівае жаданне ісці вучыцца ў медычны ўніверсітэт», – адзначыў Станіслаў Салавей.

Раней, каб затрымаць працоўную сілу ў краіне, Лукашэнка прапанаваў зрабіць адпрацоўванне пасля заканчэння ВНУ абавязковым нават для платнікаў ды павялічыць яго тэрміны. Прынамсі, да 5 гадоў. А для так званых мэтавікоў – нават да 7. Хаця яшчэ ў 2021 годзе Лукашэнка патрабаваў увесці 10-гадовае адпрацоўванне для медыкаў, якія вучыліся за сродкі бюджэту. Але гэтая пагроза не ажыццявілася.

«Іхная мэта – выжыванне. Іхная мэта ўтрымаць медыкаў. Вось яны і прыдумляюць самыя простыя спосабы, як ім здаецца. Проста забараніць. Проста зараз усіх асудзяць, забяруць пашпарты, дактароў пачнуць за вывучэнне польскай мовы асуджаць да 3-5 гадоў «хатняй хіміі», прымушаючы хадзіць на працу і з працы. Тут ужо складана здзівіцца таму, што яны твораць»

Фактычна ж патрэба ў дактарах для Беларусі нарастае. Пра гэта сведчаць дадзеныя Рэспубліканскага банку вакансіяў. Прынамсі, калі сёлета ў студзені ў ім было каля 4600 прапановаў для дактароў, то ў жніўні гэтая колькасць вырасла амаль да 4800. Цяпер жа ў Беларусі шукаюць амаль на 150 спецыялістаў болей. І нягледзячы на ўсе прыманыя ці планаваныя захады, нястача медыкаў пры цяперашнім рэжыме будзе і далей павялічвацца, мяркуе палітычны блогер Мікалай Маслоўскі:

«У Беларусі ўжо вялікі недахоп медыкаў. А яшчэ праз паўгода іх увогуле можа не застацца. А кожны медык, які з’ехаў за мяжу, знайшоў там годную працу, пацягне за сабою калегаў, сямʼю, сяброў».

Ужо цяпер праблема дэфіцыту кадраў – агульная для ўсёй эканомікі Беларусі. Паводле афіцыйнай статыстыкі, у верасні занятымі ў ёй былі 4,14 мільёны асобаў. А гэта 56,5 тысяч асобаў менш, чым летась.

Ірына Юрʼева, «Белсат»