Берасце – жылы комплекс на месцы былога масавага пахавання


Гаворым пра генацыд – забываемся пра Галакост. У Берасці ўсё ж пабудуюць жылы комплекс на месцы былога пахавання ахвяраў гета. Аднавіць будаўніцтва, што прыпынялі чатыры гады таму, плануюць налета. Падрабязнасці – у матэрыяле Аляксандра Асколава.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Берасце. Квартал, абмежаваны вуліцамі Савецкай, Дзяржынскага, Куйбышава і праспектам Машэрава. Нягледзячы на знойдзеныя тут у 2019-м людскія парэшткі, на гэтым месцы паўстане жылы комплекс. Урбаніст Данііл Аленіўс лічыць, што вострай практычнай патрэба ў гэтым няма:

«У зонах такіх масавых пахаванняў лепш нічога не будаваць. Я не думаю, што ў нас такі вялікі брак тэрыторыі, што не хапае зямлі ні ў Берасце, ні ў іншых гарадах».

Парэшткі тысячы двухсот чатырнаццаці асобаў чатыры гады таму пахавалі на Паўночных могілках, побач з помнікам ахвярам Берасцейскага гета. У 2022-м кампанія «Айран ІнвестПраект» выйграла аўкцыён на працяг забудовы. Мясцовы гарвыканкам заяўляе: дадатковыя раскопкі / новых парэшткаў не выявілі. Для ўладаў у першую чаргу пераважаюць прагматычныя меркаванні, а не высокія каштоўнасці – упэўнены наш эксперт:

«У прынцыпе, у чыноўнікаў стаіць адная мэта – як мага хутчэй і як мага больш простымі сродкамі пабудаваць гэты дом. Для іх абсалютна няважна, ці стаіць ён на спрэчнай тэрыторыі, ці займае ён зялёную зону, ці былога пахавання».

Днямі ў Менску ўшаноўвалі памяць ахвяраў іншага гета. Упаўнаважаны ў справах рэлігіяў і нацыянальнасцяў Аляксандр Румак назваў Галакост, цытата, «напамінам пра трагедыю ўсяго беларускага народу».

Сацыёлаг Аляксей Ластоўскі лічыць, што «для таго, каб давесці ідэю пра тое, што нацысты імкнуліся знішчыць беларусаў, апынулася неабходным таксама ўключыць у беларускі народ і габрэяў, паколькі інакш не атрымалася б тых маштабаў трагедыі».

Сапраўды, на пачатку 2022 года ў Беларусі пачалася кампанія прасоўвання тэзы пра «генацыд беларускага народу». Лукашэнка падпісаў адпаведны закон. Цяпер за адмаўленне факту, цытата: «планамернага фізічнага знішчэння беларускага народу» прадугледжаная крымінальная адказнасць. Пра што сведчаць гэтыя высілкі ўладаў?

«Усё гэта накіравана на тое, каб стварыць зручны для рэжыму інфармацыйны фон», – кажа праваабаронца Раман Кісляк.

Прапаганда нібыта кажа: «Мы ахвяры, вакол нацысты».

«Гэта тое, што назіраецца і ў Беларусі, і ў Расеі: выкарыстанне падзеяў мінулага для цяперашняй сітуацыі», – дадае эксперт.

Выпадак з Берасцейскім гета – толькі адзін з прыкладаў таго, як лукашэнкаўскія ўлады ставяцца да ахвяраў рэпрэсіяў. Як жа павінна быць арганізавана ўшанаванне ахвяр рэпрэсій?

«Тое, якім чынам гістарычная памяць павінна быць прадстаўлена ў грамадскай прасторы павінна выпрацоўвацца праз публічнае меркаванне і ўлік інтарэсаў розных бакоў. Пакуль што мы бачым, што для беларускіх уладаў прасцей працаваць праз нейкія закрытыя механізмы прыняцця рашэнняў» – кажа сацыёлаг Аляксей Ластоўскі.

Ушанаванне ахвяраў рэпрэсіяў у Беларусі – палітычна афарбаваная тэма, кажа Ластоўскі. Замест маніпуляцыі гістарычнымі падзеямі дзеля палітычных мэтаў, мусіць ісці гаворка пра напамін аб людской трагедыі.

Аляксандр Асколаў, Белсат.