У Пецярбурзе завяршыўся двухдзённы саміт «Расея-Афрыка»


Танцы з бубнам скончыліся, а партнёры так і не сталі ў карагод. У Пецярбурзе завяршыўся двухдзённы саміт «Расея-Афрыка», дзе Уладзімір Пуцін два дні пераконваў гасцей з іншага кантыненту выразна прыняць палітычны бок Крамля – ужо сёння, узамен за матэрыяльныя бонусы – ужо заўтра. Аднак, падобна, мэты не дасягнутыя.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

На сёлетнім форуме Расея-Афрыка ў Пецярбурзе Уладзімір Пуцін ужываў у прамовах вялікія лічбы. Ён заявіў, што Расея спісала афрыканскім краінам ажно 23 мільярды долараў. Праўда, на мінулым форуме ў Сочы 4 гады таму ён казаў пра спісанне 19 мільярдаў. Атрымліваецца, за 4 гады Расея спісала афрыканскім краінам 4 мільярды – не так і шмат, калі раскінуць на ўсіх.

Таксама Пуцін прапанаваў афрыканцам падключыцца да расейскай сістэмы СПФС, каб абыходзіць санкцыі ў агульнапрынятай сістэме SWIFT.

«Гатовыя да супрацы з афрыканскімі краінамі па падключэнню да створанай у Расеі Сістэме перадачы фінансавых паведамленняў (СПФС)», – заяўляў Пуцін у першы дзень саміту.

Пуцін прапанаваў афрыканцам падлучыцца да адзінай інфармацыйнай прасторы, да якой ужо прывязаная Беларусь – каб атрымліваць усе еўразійскія навіны з Масквы,

«Таксама гатовыя падзяліцца з афрыканскімі партнёрамі нашым інтэграцыйным досведам па лініі Саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі», – прапаноўваў Пуцін афрыканскім гасцям.

Аднак на саміце ніхто не прадстаўляў Беларусь на высокім узроўні. Перадусім таму, што афрыканскі рынак занадта бедны, каб замяніць еўрапейскі.

«Гэтыя краіны не змогуць стаць заменай заходняму рынку, бо гэта заўжды быў прэміум-рынак, рынак, гатовы плаціць за прадукцыю звышпрыбытковую для Беларусі», – тлумачыць Рыгор Ніжнікаў з Фінскага інстытуту міжнародных адносінаў.

Таксама расейскія СМІ паведамілі, што Пуцін запрасіў у Вялікую Дваццатку Афрыканскі Саюз – аб’яднанне большасці краінаў на кантыненце:

«Расея выступае за ўключэнне Афрасаюзу ў якасці паўнавартаснага ўдзельніка да працы Групы Дваццаці».

Але гэта яшчэ ў снежні зрабіў Джо Байдэн.

«Сёння я заклікаю Афрыканскі звяз далучыцца да “Вялікае дваццаткі” сталым чальцом», – заявіў 46-ы прэзідэнт ЗША на саміце ЗША-Афрыка 15 снежня 2022 г.

Адметна, што з 54 запрошаных на саміт кіраўнікоў афрыканскіх краінаў, прыехалі толькі 17, астатнія – міністры і намеснікі. Пуцін яшчэ не выканаў абяцанні, якія даў афрыканцам 4 гады таму ў Сочы, тлумачыць эксперт.

«Класічная расейская стратэгія: абяцай шмат, каб прыцягнуць увагу, а потым будзь што будзе, на авось», – тлумачыць Ігар Сэмывалос з Цэнтру блізкаўсходніх даследаванняў (Кіеў).

За гэты час нямала краінаў Афрыкі прыйшло ў заняпад, а Расея распачала паўнавартасную вайну ва Украіне.

«Адзінае, дзе яны эфектыўна дзейнічалі, гэта спроба выкарыстоўваць ПВК для падтрымкі аўтарытарных дыктатарскіх рэжымаў, удзел у баявых дзеяннях на баку то ўлады, то апазіцыі», – адзначае Ігар Сэмывалос.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Саміт Расея-Афрыка ў 2019 годзе.
Фота: summitafrica.ru

Цікавостка саміту – на ім нібыта прысутнічаў уладальнік Групы Вагнэра Яўгеній Прыгожын. Неафіцыйна.

«Якраз у Афрыцы – Лівіі, ЦАР, Малі – знаходзяцца самыя баяздольныя падраздзяленні вагнэраўцаў, бо Прыгожыну трэба ахоўваць свае радовішчы, свае інтарэсы, выконваць абавязальніцтвы аховы першых асобаў дзяржаваў», – нагадвае палітолаг, афрыканіст Андрэй Рудык.

Галоўная параза Пуціна – ад яго публічна запатрабавалі разблакаваць порт Адэсы для паставак харчоў, то бок вярнуцца да выканання Збожжавай Умовы.

«Неабходна дасягнуць кансэнсусу ў пытанні “збожжавай угоды”, і ўлічваць усе патрэбы краінаў, які патрабуюць гэтага», – так гучала заява прэзідэнта Егіпту Абдэля Фатаха ас-Сісі ў інтэрпрэтацыі расейскага перакладчыка.

Пуцін адказаў прэзідэнту Егіпту, што хлеб даражэе, таму што краіны Захаду вінаватыя. Запрапанаваў замяніць украінскае збожжа нават бясплатна расейскім.

Крэмль рыхтуецца да доўгатэрміновай, зацяжной вайны, і шантаж свету голадам у бедных краінах стаў звычайнай палітыкай Крамля, тлумачыць Рыгор Ніжнікаў.

«Праз новую палітыку спрыяння голаду ў свеце яны будуць спрабаваць заахвоціць Захад ісці на перамовы, бо будуць спрыяць голаду ў Афрыцы, каб цэны на збожжа, на хлеб у Паўночнай Афрыцы выраслі так, што Еўропа пабачыць новую хвалю міграцыі», – папярэджвае Рыгор Ніжнікаў.

У Пецярбург не прыехаў прэзідэнт Нігеру Мухамэд Базум – яго зрынулі паўстанцы, у якіх у руках былі і расейскія сцягі. Таксама цяпер прыходзяць паведамленні пра баявыя сутыкненні між Руандай і Дэмакратычнай Рэспублікай Конга. А значыць, Афрыка мае 2 новыя крызісы.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»