Смартфоны могуць забараніць: клопат – ці татальны кантроль?


ЮНЭСКО ў сваім дакладзе рэкамендуе не выкарыстоўваць тэлефонаў на ўроках. Маўляў, нават калі смартфон побач – ён адцягвае дзіця ад заняткаў. Можна ўжываць гаджэты для навучальнага працэсу, але настаўнік мусіць быць кваліфікаваны ў гэтым пытанні.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Намагаюцца сфармаваць іншыя методыкі навучання, калі віртуальная прастора ўключаецца ў навучанне. Я думаю, што гэта больш нармальны шлях, таму што шлях забаронаў у гэтым плане бескарысны і неэфектыўны», – лічыць метадолаг, экспертка ў пытаннях адукацыі Святлана Мацкевіч.

Паводле розных даследаванняў, ад 70 ледзь да не 100 адсоткаў карыстальнікаў маюць сімптомы намафобіі – залежнасці ад смартфона, якая выклікае нават прыступы панікі, калі ён недасяжны.

Сярод прыкметаў залежнасці: частае несвядомае правяранне экрана на новыя апавяшчэнні, страх прапусціць званок альбо паведамленне, перавага онлайну над жывой камунікацыяй, трывога, калі тэлефон не побач.

«Дзіцёнак хутка атрымлівае інфармацыю. Ён не мае ніякіх перашкодаў, ён не ўкладае ў гэта нейкую сілу волі. Мы выхоўваем такіх своеасаблівых паразітаў, якім не падабаецца напружвацца, якія любяць усё гатовае», – папярэджвае псіхолаг Ала Марціновіч.

Ужо з самага дзяцінства дзеці маюць доступ прынамсі да гаджэтаў бацькоў. А паводле даследавання «Common Sense Media», свой смартфон яны атрымліваюць у сярэднім у 10–12 гадоў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Pexels / Pixabay

Сусветная арганізацыя здароўя рэкамендуе ўвогуле не дапускаць да экранаў дзяцей, якім менш за 2 гады. Дзецям ад 2 да 5 гадоў даваць доступ не больш як на гадзіну на дзень. Дзецям ад 5 да 17 гадоў – абмежаваць экранны час. Гадзінаў арганізацыя не акрэсліла, але зазвычай лекары раяць не перавышаць дзвюх гадзінаў, не ўлічваючы хатняга задання. Вырашэнне праблемы прапанавала Ала Марціновіч:

«Трэба неяк напружваць дзіця, каб у яго не было часу, каб у яго быў нейкі план. Трэба разумець, як правільна праводзіць размовы: не давіць, не прэсаваць, неяк падключацца да нашага дзіцёнка, на яго мове размаўляць, матываваць, паказваць матывацыю, неяк угаворваць. Для шматлікіх бацькоў гэта цяжка».

Таму псіхолаг раіць падключаць сістэму стымулаў – узнагароджваць дзяцей за зробленую працу, за поспехі. У тым ліку грашыма.

У Беларусі тэлефонамі на ўроках забаранілі карыстацца ў 2019 годзе. У тым жа годзе ў інтэрнэт трапіў дыктафонны запіс, як вучняў прымушаюць уступаць у БРСМ, а пасля ў 2021-м – відэа, як настаўніца крычыць і ледзь не б’е дзіця.

З 2022 года здымкі на ўроках і пазакласных мерапрыемствах без дазволу адміністрацыі забароненыя.

«Цяпер і дадатковая ёсць матывацыя: намагаюцца ізаляваць маладое пакаленне ад знешняй праблематыкі, якая прысутнічае ў беларускім полі. Ад палітычнай праблематыкі, ад сацыяльнай праблематыкі», – дадае Святлана Мацкевіч.

Беларускім школьнікам можна карыстацца тэлефонам на перапынку альбо тэлефанаваць бацькам толькі пры вострай неабходнасці.

Яна Шэк, «Белсат»