Беларусь дапамагае ўкраінскаму алігарху Фірташу


Беларусь дала апальнаму ўкраінскаму алігарху Дмытру Фірташу дыпламатычную пасаду. І тым самым уратавала яго ад экстрадыцыі ў ЗША. Прынамсі пакуль…

Дмытро Фірташ – украінскі алігарх. Ягоныя кампаніі ажыццяўляюць дзейснасць ва Украіне, Аўстрыі, Вугоршчыне, Нямеччыне, Італіі, Таджыкістане, Швейцарыі ды Эстоніі. Валодае актывамі ў хімічнай прамысловасці, энергетыцы, нерухомасці, агра- і медыябізнесе ды газавай галіне. У 2018-м Фірташ кантраляваў да 70 % газавай індустрыі ва Украіне. Яго называлі адным з гаманцоў экс-прэзідэнта краіны Віктара Януковіча.

На запыт амерыканскіх уладаў Фірташа затрымалі ў Аўстрыі ў сакавіку 2014-га года. Тады суд выпусціў яго пад заклад 125 мільёнаў еўраў.

«Паводле звестак у медыях, Фірташ нібыта даваў хабары ў Індыі, у ЗША. А паколькі гэта тычылася інтарэсаў тытанавай галіны ў Злучаных Штатах, то супраць Фірташа распачалі справу па абвінавачанні яго ў карупцыі. І вось ЗША з 2014 года спрабуюць дабіцца экстрадыцыі Фірташа», – мяркуе палітолаг з Украіны Уладзімір Фясенка.

У Штатах бізнесоўцу пагражае канфіскацыя ўсіх актываў і 50 гадоў турмы. Цягам амаль дзесяці гадоў Фірташ спрабуе абскардзіць сваю экстрадыцыю ў Амерыку. На дапамогу прыйшло беларускае Міністэрства замежных справаў. З рашэння Найвышэйшага зямельнага суда Вены ў крымінальных справах за 14-га чэрвеня значыцца, што Фірташ з 2021-га года мае статус дарадцы сталага прадстаўніцтва Беларусі пры міжнародных арганізацыях у Вене.

«Будучы дарадцам пры фактычна дыпламатычнай місіі Беларусі ў Вене, Фірташ прэтэндуе на дыпламатычны імунітэт. Але гэты імунітэт не аўтаматычны. Урад Аўстрыі яго фактычна не прызнае. Бо дыпламатычны імунітэт распаўсюджваецца толькі на акрэдытаваных пры Міністэрстве замежных справаў Аўстрыі дыпламатычных работнікаў. Акрэдытацыі пры МЗС Аўстрыі Фірташ не атрымліваў», – распавядае рэдактар украінскай службы Deutsche Welle Яўген Тэйзэ.

Аднак адвакаты Фірташа дамагліся вяртання справы на разгляд у першую інстанцыю, дзе будзе вырашацца, ці прызнаваць ягоны дыпламатычны імунітэт законным. У сваю чаргу былы беларускі дыпламат, а цяпер кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка не можа прыгадаць выпадкаў, калі б нейкі алігарх займаў дыпламатычную пасаду. Дзеянні беларускай дыпламатычнай місіі ў Аўстрыі палітык назваў парушэннем працэдураў:

«Мне цікава, ці Фірташ прайшоў стажыроўку ў Міністэрстве замежных справах ва ўпраўленні, што адказвае за міжнародныя гуманітарныя арганізацыі. Так што зразумела, гэта справа прыкрыцця, гэта справа за грошы. Гэта справа пра лабіяванне. Лабіяванне інтарэсаў Фірташа і нейкія, я думаю, карупцыйныя схемы, якія могуць прыкрываць гэта. Персанальныя адносіны з Лукашэнкам».

Больш за тое, гэты выпадак можна кваліфікаваць як парушэнне Беларуссю Венскай канвенцыі аб правах дыпламатычных стасункаў 1961-га года.

«Умоўна, чалавек ніколі не займаўся спортам, ніколі не быў пры ААН і тут ён робіцца прадстаўніком Беларусі ў ААН. Яны разумеюць зманлівасць сітуацыі і вядома ж прапануюць дзяржаве на добраахвотных пачатках прыбраць гэтага чалавека. І звычайна такі чалавек сыходзіць у водпуск і не вяртаецца з яго», – кажа юрыст-міжнароднік Лявон Марозаў.

У самой беларускай амбасадзе ў Аўстрыі, зазначае рэдактар украінскай службы «Deutsche Welle» Яўген Тэйзэ, не каментуюць, чым займаецца Фірташ на пасадзе пры ААН.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»