«Сентоні ПРА»: з'явіўся новы гулец на рынку тытуню


Кампанія іншая – твары ранейшыя. У Беларусі з’явіўся новы вытворца цыгарэтаў – таварыства з абмежаванай адказнасцю «Сентоні ПРА». Але юрыдычны адрас навастворанай кампаніі супадае з адрасам бізнесу ўладальніка «Тытунь-Інвесту» і сеткі «Карона» Паўла Тапузідыса. Якога называюць гаманцом Лукашэнкі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«”Карона” папала пад санкцыі Еўразвязу і ЗША, таму яна не мае права карыстацца міжнароднымі брэндамі выпускаць прадукцыю, а вельмі хочацца, таму зрабілі новую кампанію, якая будзе рабіць роўна тое самае, што ўжо робяць іншыя кампаніі ў Беларусі. Гэта аперацыя прыкрыцця» , – тлумачыць прадпрымальнік, вядоўца праграмы «Атма$фера» на «Белсаце» Аляксандр Кныровіч.

Палова «Сентоні ПРА» належыць працаўніку таго ж «Тытунь-Інвесту» Сяргею Карповічу. Уладальнік другой паловы – кампанія «Буд-АнДзі».

«Яна належыць бізнесоўцу Андрэю Піскарову. Гэта выхадзец з міністэрства замежных справаў, які пасля працаваў на бізнесоўца Юрыя Чыжа, які на піку сваёй карʼеры быў так званым гаманцом Лукашэнкі», – кажа журналіст расследавальніцкага выдання «Бюро» Аляксандр Ярашэвіч.

«Сентоні ПРА» будзе вырабляць цыгарэты, якія ў Беларусі спачатку выпускала дзяржаўная гарадзенская фабрыка «Нёман», а пасля ўвядзення ў 2021-ым санкцыяў – кампанія Тапузідыса «Тытунь-Інвест». Заявілі пра вытворчасць трох дзясяткаў марак брэндаў «Kent», «Pall Mall», «Rothmans», «Vogue», «Lucky Strike». Пра выкарыстанне гэтых брэндаў новая кампанія наноў мае дамовіцца з «British American Tobacco», якой яны належаць.

«Каб беларускія праўладныя алігархі не маглі выкарыстоўваць міжнародныя брэнды, трэба каб самі міжнародныя брэнды – “British American Tobacco” і іншыя – займалі зразумелую пазіцыю наконт супрацы з рэжымамі, якія ўдзельнічаюць у агрэсіі», – лічыць Аляксандр Кныровіч.

Да зʼяўлення «Сентоні ПРА» прадукавала цыгарэты ў Беларусі яшчэ адна кампанія – «Інтэр Табака» Аляксея Алексіна. Яна ж фактычна і кантралюе збыт прадукцыі «Нёмну». Раней зʼяўлялася інфармацыя, што Алексін, якога таксама лічаць гаманцом Лукашэнкі, хоча выкупіць кампанію Тапузідыса, нагадвае Аляксандр Ярашэвіч.

«Па гэтай новай кампаніі мы бачым, што там сярод уладальнікаў зʼяўляецца чалавек Андрэй Піскароў, які звязаны з Алексіным. У мяне гіпотэза, што ён крыху даціснуў і атрымаў долю ў новай кампаніі», – кажа Аляксандр Ярашэвіч.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Цыгарэты.
Фота: Uznayvse.ru

Абысці абмежаванні новай кампаніі будзе няпроста, мяркуе юрыст Нацыянальнага антыкрызіснага ўпраўлення Міхаіл Кірылюк. Бо еўрапейскія санкцыі датычаць усяго тытунёвага бізнесу, а амерыканскія хоць і персанальныя…

«Калі вядомы бізнесмен адкрывае кампанію на кагось з ім моцна звязанага, можна знайсці доказы, можна правесці расследаванне, можна даказаць, што гэтая асоба выконвае ролю намінальнага кіраўніка і звязаная з гэтай кампаніяй», – перакананы юрыст Нацыянальнага антыкрызіснага ўпраўлення Міхаіл Кірылюк.

Таму каманда Народнага антыкрызіснага ўпраўлення выступае за больш празрыстыя – сектаральныя – санкцыі. А таксама прапаноўвае павялічыць адказнасць за спробы абысці абмежаванні.

«На жаль, мы не бачым крымінальных справаў у Еўразвязе і ЗША, якія датычылі б спробаў абыходзіць гэтыя санкцыі. Хаця падставы на ўзроўні закону, я лічу, ёсць, не хапае толькі палітычнай волі», – кажа Міхаіл Кірылюк.

Як адзін са спосабаў абыходу абмежаванняў – кантрабанда на дзяржаўным узроўні. Гэтак, напярэдадні польскія мытнікі выявілі буйную партыю кантрабандных цыгарэтаў з Беларусі ў грузавым цягніку з угнаеннямі. Рынкавы кошт цыгарэтаў складае каля мільёна долараў. Паводле Памежнай службы Польшчы, незаконны ўвоз тытунёвых вырабаў з нашай краіны летась вырас у 12 разоў у параўнанні з папярэднім годам.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»