Мінуў год працы МЗС без Уладзіміра Макея


Прайшоў год з дня смерці Уладзіміра Макея, тагачаснага міністра замежных справаў. Ягоны сыход быў настолькі раптоўным і нечаканым, што яшчэ паўмесяца замежнае ведамства нашай краіны працавала без кіраўніка. Урэшце летась у снежні міністэрства ўзначаліў першы намеснік Макея і ягоны блізкі сябар Сяргей Алейнік.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«І за часамі Макея, і цяпер, за часамі новага міністра Алейніка, беларускі МЗС у прынцыпе мае вельмі абмежаваныя магчымасці, абмежаваны функцыянал. І гэта тлумачыцца спецыфікай сістэмы, якую стварыў Лукашэнка. Астатнія, груба кажучы, гэта такія хлопчыкі на пабягушках у яго», – кажа палітычны аналітык праекту «Позірк» Аляксандр Класкоўскі.

Адразу па прызначэнні Алейніка было шмат пытанняў, чаму ж менавіта яго Лукашэнка выбраў быць сувязным з вонкавым светам. У той час былы дыпламат і сённяшні кіраўнік Антыкрызіснага народнага ўпраўлення Павел Латушка адказваў гэтак:

«Ён адданы сістэме поўнасцю, але адначасова ён той, хто схільны ўсталёўваць нейкія камунікацыі з Захадам. Ягонае прызначэнне можа сведчыць пра жаданне Лукашэнкі зменшыць уплыў Расеі і павялічыць камунікацыю з Захадам».

Алейніка і сапраўды называлі адмыслоўцам у справах Еўропы за ягоныя сувязі з Вялікай Брытаніяй і Ватыканам. Аднак прагнозы і спадзевы не спраўдзіліся. Беларусь яшчэ больш зблізілася з Расеяй, цалкам разарваўшы стасункі з Захадам пасля падтрымання расейскай агрэсіі ў вайне з Украінай.

«Гэта таксама звязана як з агульнай сітуацыяй, якая мае месца быць у Беларусі: маштабныя рэпрэсіі і тысячы палітзняволеных. Так, гэта праецыруецца і на дзеянні рэжыму ў адносінах да самога Рымска-каталіцкага касцёлу ў Беларусі. Паглядзіце, затрыманні ксяндзоў, рэпрэсіі ў адносінах да вернікаў Рымска-каталіцкага касцёлу», – кажа Павел Латушка.

Уладзімір Макей.
Фота: МЗС Беларусі

Што ж тычыцца замежнай палітыкі, то, мяркуючы паводле сайту міністэрства, большасць працоўных сустрэчаў Алейнік праводзіў з афрыканскімі дыпламатамі.

«Гэта добрая міна пры кепскай гульні. І калі паглядзець на статыстыку, якая, праўда, усё болей закрываецца, дык Афрыка там долі працэнта ў замежным гандлі Беларусі займае. І наўрад ці тут будуць прарывы. Таму што там збольшага бедныя краіны», – кажа Аляксандр Класкоўскі.

Але няўжо за гэты год працы Сяргею Алейніку нічога нельга запісаць у заслугі?

«Я б адзначыў прафесіяналізм і стрыманасць Алейніка. Я думаю, што ў гэты ягоны актыў можна запісаць тое ў прыватнасці, што танальнасць заяваў МЗС стала болей стрыманай. Нейкі час яны проста бралі моду з Масквы з тамтэйшай Марыі Захаравай сумна вядомай. Гэта былі зусім адвязаныя такія, хамскія заявы. Дык вось, уражанне такое, што Алейнік прытрымлівае там актыўнасць адпаведных спікераў», – мяркуе Класкоўскі.

Сам жа Лукашэнка нярэдка адводзіць кіраўніку МЗС ролю рыхтавання глебы для сваіх сустрэчаў. Як гэта было на сённяшняй нарадзе разам з прэм’ер-міністрам ды віцэ-прэмʼерамі. Самастойных дыпламатычных стасункаў так дагэтуль беларускія чыноўнікі і не маюць.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»