Беларусы шануюць памяць герояў


Дзень герояў адзначаюць 27 лістапада. Ён прысвечаны Слуцкаму збройнаму чыну, пачатаму войскам Беларускай Народнай Рэспублікі дзеля самастойнай беларускай дзяржаўнасці і супраць бальшавікоў. Як нашчадкі шануюць памяць тых, хто змагаўся за нашую незалежнасць, і працягваюць іх справу?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Сёлета 103-ая гадавіна з часу, калі беларусы распачалі збройную барацьбу супраць савецкай улады ў ваколіцах Слуцку, што атрымала назву Слуцкага збройнага чыну. Мэтаю паўстання ягоныя ўдзельнікі абвясцілі абарону незалежнасці Беларусі. Крыху больш за месяц яны вялі баявыя дзеянні. Аднак сілы былі няроўныя.

Паводле гісторыка Аляксея Ластоўскага, самае важнае ў гісторыі Слуцкага збройнага чыну, што гэта была рэальная спроба сфармаваць беларускае войска менавіта пад ідэаламі Беларускай Народнай Рэспублікі, і якое аказвала сур’ёзны супраціў бальшавікам.

І праз сто гадоў Слуцкі збройны чын застаецца важнаю старонкай у гісторыі нашай краіны. Штогод беларусы збіраліся для ўшанавання памяці герояў. Аднак цяпер адкрыта згадваць пра тыя падзеі ў Беларусі немагчыма. Таму нашыя суайчыннікі ладзяць акцыі ў замежжы. Сёлета мітынгі і шэсці прайшлі ў Берліне, Вільні і Беластоку.

Акцыя памяці герояў Слуцкага збройнага чыну адбылася і ў Варшаве. Вуліцамі польскай сталіцы пад бел-чырвона-белымі сцягамі прайшлі сотні беларусаў.

Удзельнікі маршу на Дзень беларускіх герояў ідуць са сцягамі і банэрамі ў падтрымку палітвязняў. Варшава, Польшча. 26 лістапада 2023 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат.

Адметнасцю часу было тое, што ўдзельнікі акцыі згадвалі імёны герояў мінуўшчыны, а таксама тых, хто аддаў жыццё за незалежнасць Беларусі ў яе сучаснай гісторыі. Ды палітычных зняволеных, якія проста цяпер застаюцца за кратамі, у беларускіх турмах і калоніях за сваю прынцыповую грамадзянскую пазіцыю.

Як кажа арганізатар акцыі, старшыня Руху салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык, мы мусім быць не толькі салідарнымі з імі, мы мусім іх прыгадваць.

«Бо адзіны ёсць маленькі прамень святла ў той катастрофе, што напаткала наш беларускі народ, – гэта мужнасць беларускіх палітвязняў у лукашэнкаўскіх засценках, якія змагаюцца за ўвесь беларускі народ».

Традыцыйна ў гадавіну Слуцкага збройнага чыну да беларусаў звярнуліся старшыня Рады Беларускай Народнай рэспублікі Івонка Сурвіла. Яна прывітала ад імя Рады БНР і ад сябе асабіста ўсіх, каму баліць сэрца па героях, якія пайшлі паміраць, каб жыла незалежная Беларуская Народная Рэспубліка.

А нацыянальная лідарка ў сваім традыцыйным звароце адзначыла, што як і 100 гадоў таму, Расея насаджае ўласныя ідэі і каштоўнасці, каб знішчыць нашае права на самавызначэнне.

«Але мы не маем права саступіць у гэтай барацьбе. Бо інакш знікне не толькі нашая краіна, але і нашая ідэнтычнасць».

Барацьба за незалежнасць, супраць імперыі ідзе цяпер ва Украіне. На яе баку змагаюцца і беларускія добраахвотнікі. Праз перамогу яны бачаць магчымасць для вызвалення Беларусі.

Дамініка Кунцэвіч, «Белсат»