Сем’і палітвязняў штодня сутыкаюцца з вялікаю колькасцю пытанняў і праблемаў. Цяпер інфармацыю наконт правілаў перадачы пасылак, лістоў і агульнай дапамогі тым, хто апынуўся ў месцах несвабоды, можна знайсці на сайце службы «Адно акно».
Глядзіце сюжэт у нашым відэа:
Арганізатары інфармацыйна-кансультацыйнай платформы «by.social» прэзентавалі на сайце матэрыялы пра магчымасці юрыдычнай, фінансавай, медычнай і псіхалагічнай дапамогі. Тэматыка матэрыялаў пашырыцца, яны будуць прысвечаныя праблемам беларусаў і на радзіме, і ў эміграцыі.
«Мы запускаем тэставую версію і прапануем аб’яднацца ўсім ініцыятывам і арганізацыям, дыяспарам, народным пасольствам, каб сумеснымі намаганнямі напоўніць гэтую базу дадзеных. Каб мы маглі аператыўна аказваць дапамогу людзям, якія сутыкнуліся з той ці іншай сацыяльнай праблемай», – заявіла прадстаўніца Абʼяднанага пераходнага кабінету ў сацыяльных справах Вольга Гарбунова.
У працэсе стварэння раздзелы для тых, хто ўжо адбыў пакаранне і хто пацярпеў ад рэпрэсіяў. Пакуль у тэставай версіі засяродзіліся на дапамозе палітзняволеным і іхным семʼям. Наколькі важнае стварэнне такой ініцыятывы для 1485 беларускіх палітвязняў? Спыталі ў эксперта.
«Чалавек зможа атрымаць дапамогу. Можа атрымаць параду куды звяртацца, да каго звяртацца, якая пляцоўка, дзе і што робіць. Я лічу, што гэта вельмі патрэбная ініцыятыва», – лічыць прадстаўнік Беларускай асацыяцыі палітвязняў «Да волі» Алег Кулеша.
Патрэбная дапамога і палітвязням, якія адбылі пакаранне і выехалі з Беларусі.
«Узнікае шмат простых пытанняў. Калі чалавек прыязджае, ён не разумее, як карыстацца крамай, грамадскім транспартам. Гэта ўсё трэба людзям тлумачыць», – дадаў Алег Кулеша.
Задаць пытанне можна праз чат-бот на сайце, напісаць у сацыяльныя сеткі ці электронны ліст на пошту. Таксама існуе магчымасць бясплатна і ананімна патэлефанаваць аператарам. Служба працуе 7 дзён на тыдзень з 12-й да 20-й гадзіны. Паклапаціліся і пра бяспеку.
«Калі чалавек перажывае і не хоча, каб засталіся лічбавыя сляды кантакту са службай, то я б рэкамендавала зрабіць званок праз сайт, альбо напісаць у чат, таму што пры закрыцці сайту ў браўзеры не захоўваецца ніякая інфармацыя», – дадала Вольга Гарбунова.
На сёння ў базе – 231 арганізацыя, куды аператары накіруюць тых, хто звернецца па кансультацыю. Стваральнікі «Аднаго акна» заклікаюць дзяліцца інфармацыяй пра ініцыятывы, што дапамагаюць беларусам у розных краінах, каб дапамога была як мага шырэйшаю.
Андрэй Сульжыц, «Белсат»