Навошта Крэмль працягвае кантактаваць з «Хамасам»?


У Маскву прыехалі прадстаўнікі «Хамасу» – арганізацыі, якая ў шэрагу краінаў лічыцца тэрарыстычнай. Але не ў Расеі. Візіт выклікаў вострую рэакцыю Ізраілю, які рэзка асудзіў сустрэчу з прадстаўнікамі баевікоў. Ці чакаць абвастрэння стасункаў паміж Масквой і Тэль-Авівам? І навошта Крамлю «Хамас»?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Дэлегацыя «Хамасу» на чале з сябрам яго палітбюро Абу Марзукам завітала ў МЗС Расеі. Візіт не анансавалі. Паводле афіцыйнай расейскай версіі, размаўлялі пра вызваленне закладнікаў. Паводле «Хамасу», Абу Марзук закранаў пытанне, цытата, «агрэсіі супраць Газы». Візіт адбываецца пасля атакі «Хамасу» на Ізраіль. Міністэрства замежных справаў гэтай краіны на сустрэчу ў Маскве адрэагавала востра.

«Ізраіль разглядае запрашэнне высокіх чыноўнікаў “Хамасу” ў Маскву як нягодны крок, што падтрымлівае тэрарызм і ўзаконьвае зверствы тэрарыстаў “Хамасу”», – заявіў афіцыйны прадстаўнік МЗС Ізраілю Ліёр Хаят.

Прэсавы сакратар Пуціна Пяскоў у адказ нібыта апраўдваецца:

«У дадзеным выпадку ніякай крамлёўскай праграмы няма, у гэтых прадстаўнікоў аніякіх кантактаў з Крамлём няма. Паводле лініі МЗС былі стасункі. Мы працягваем і лічым неабходным працягваць нашыя кантакты з усімі бакамі. І, вядома, будзем працягваць наш дыялог з Ізраілем».

Сустрэча з прадстаўнікамі «Хамасу» – не першы неадназначны крок Масквы адносна Ізраілю. Крэмль фактычна не асудзіў дзеянняў баевікоў. Блакаду сектару Газа Ізраілем Пуцін параўнаў з блакадаю Ленінграду. Пасля чаго «Хамас» падзякаваў кіраўніку Расеі за падтрыманне. А да нападу палестынскія радыкалы атрымалі фінансаванне на мільёны долараў праз расейскую крыптабіржу «Garantex», пісала выданне «Wall Street Journal».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Тэрарыстычная групоўка «Хамас».
Фота: Chris McGrath / Getty Images

Калі ў Еўразвязе, ЗША, Канадзе і Японіі «Хамас» прызнаны тэрарыстычнай, а ў Іярданіі і Егіпце – забароненай арганізацыяй, то расейскія ўлады падобным статусам яго не надзялілі. Ці пацягне ўсё гэта за сабою паніжэнне ўзроўню дыпламатычных стасункаў паміж Ізраілем і Расеяй?

«У гэтай сітуацыі нам давядзецца мець нейкі дыялог. З дзвюх прычынаў. Першая – прысутнасць расейскіх войскаў у Сірыі. Другая – габрэйская супольнасць у Расеі. Нам неабыякавы лёс нашых суайчыннікаў там, дзе зноў пачалася хваля антысемітызму», – разважае былы амбасадар Ізраілю ў Расеі Аркадзь МілМан.

Якія мэты можа мець Крэмль, які падтрымлівае стасункі і з Ізраілем, і з «Хамасам»?

«Мне здаецца, галоўная задача МЗС Расеі – выступіць у ролі міратворцы, каб зблізіцца з арабскімі краінамі. Паказаць, што Расея можа развязваць глабальныя праблемы, звязаныя з крызісам на Блізкім Усходзе», – мяркуе палітолаг Дзмітрый Брыджэ.

«У першую чаргу – гэта адвесці ўвагу (чаго Пуцін ужо дамогся) ад вайны ва Украіне. Цалкам фокус сышоў у бок Ізраілю і вайны супраць “Хамасу”. Гэтага хацеў Пуцін. Ён і далей, нягледзячы на свае міратворчыя выказванні, будзе зацікаўлены ў гэтым хаосе», – кажа Аркадзь Мал-Мін.

Тым часам у выніку вайны на Блізкім Усходзе ўжо загінулі дваццаць тры грамадзяніны Расеі – паведамляе ізраільскі бок. Паводле расейскага пасольства ў Ізраілі, яшчэ двое расейцаў трапілі да «Хамасу» ў закладнікі.

Валянцін Васіленка, «Белсат»