Чым пагражаюць лішняя вага ды атлусценне


Снэкі, газаваныя напоі, фаст-фуд. Гэтая ежа надзвычай папулярная сярод дзяцей і падлеткаў. Між тым Сусветная арганізацыя здароўя менавіта яе называе адною з галоўных прычынаў з’яўлення лішніх кілаграмаў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Натуральна, варта пазбягаць пэўных прадуктаў. Але асноўнае – гэта колькі калорый ты спажываеш і колькі калорый расходуеш. Баланс вызначае набіраеш ты вагу ці не», – упэўнены лекар Аляксей Носаў.

Лішняя вага ды атлусценне могуць выклікаць цэлы шэраг праблемаў. Напрыклад, хранічныя рэспіраторныя хваробы, ускладненні апорна-рухальнага апарату, а таксама захворванні, якія ёсць прычынаю большасці смерцяў у свеце. А менавіта – сэрцава-судзінныя хваробы, а таксама рак розных органаў.

Зрэшты, звяртае ўвагу нутрыцыёлаг Алеся Трыфан, варта не запужваць дзяцей, а найперш забяспечыць ім доступ да паўнавартаснага і збалансаванага харчавання:

«Я кажу не пра курыцу, грэчку ды брокалі, а агулам пра тое, каб у харчаванні былі ўсе неабходныя прадуктовыя групы, і каб у дзіцяці быў да іх доступ. Таксама варта інфармаваць дзяцей аб карысці ягадаў, агародніны, садавіны, кашаў, ​​рэгулярнасці прыёмаў ежы».

Цягам апошніх дзесяцігоддзяў лішняя вага робіцца ўсё большаю праблемаю для жыхароў розных краінаў свету. Беларусь не выключэнне.

Згодна звесткам Сусветнай арганізацыі здароўя, 20-25 % дзяцей і падлеткаў у нашай краіне маюць лішнюю вагу або нават атлусценне. Агулам у Еўропе гэты паказнік, дарэчы, крыху вышэйшы. Там цяпер актыўна працуюць над фармаваннем правільных харчовых паводзінаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Freepik

«У Еўропе ўводзяць урокі па здароваму харчаванню ў школах і ўкараняюць розныя праграмы, – кажа Алеся Трыфан. – Напрыклад, у Польшчы ёсць праграма, падчас якой у гульнявой форме прывіваюць дзецям звычку есці гародніну і піць малако».

У Беларусі падобных агульнадзяржаўных праграмаў няма. Але, як зазначае Аляксей Носаў, асновы правільнага харчавання мусяць закладваць найперш бацькі.

«Сямʼя, бацькі павінныя вучыць сваіх дзяцей як жыць. Фізічная актыўнасць мусіць быць у век высокіх тэхналогіяў. Таму што ўсе сядзяць з тэлефонамі, знішчаюць хрыбетнік, набіраюць лішнюю вагу. Трэба рухацца, таму што рух – гэта жыццё», – мяркуе Аляксей Носаў.

Акрамя фізічнай актыўнасці, паведамляе Сусветная арганізацыя здароўя, для дзяцей і падлеткаў надзвычай важныя сон, абмежаванне выкарыстання электронных прыладаў ды ўключэнне ў рацыён большай колькасці садавіны і гародніны.

Між тым, згодна з прагнозам САЗ, да 2035 года толькі ў Еўропе колькасць няпоўнагадовых з атлусценнем узрасце на 61 % сярод хлопчыкаў і на 75 % сярод дзяўчат.

Ян Федаровіч, «Белсат»