Хто стане прэзідэнтам ЗША?


Яшчэ як быццам бы і махляр. І гэта да чатырох ранейшых толькі сёлета выстаўленых Доналду Трампу абвінавачанняў. Сярод іх: справы аб штурме Капітолію, аб спробе адмяніць вынікі папярэдніх прэзідэнцкіх выбараў ды аб неналежным захоўванні дакументаў. І тым не менш адыёзны кандыдат адмовіўся ад удзелу ў сённяшніх дэбатах кандыдатаў на праймерыз ад рэспубліканцаў, бо і так, маўляў, іх усіх апярэджвае.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«І гэта сапраўды так. Ён атрымлівае паводле розных апытанняў агулам больш за 50 % галасоў. А астатнія чалавек 7-8 дзеляць ужо, уласна, рэшткі. Гэтаму таксама дапамагаюць тэорыі змовы, якія ён распаўсюджваў пасля мінулых прэзідэнцкіх выбараў: што выбары ў яго скралі, што былі масавыя фальсіфікацыі», – кажа палітолаг Ян Весялоў.

Кандыдатам ад партыі на пасаду прэзідэнта робіцца чалавек, які перамог у партыйных праймерыз. Яшчэ летась перспектыўнай рэспубліканскай альтэрнатывай Трампу лічыўся менш скандальны губернатар Флорыды Рон Дэсэнтыс. Аднак цяпер шанцы Дэсэнтыса моцна падкошаныя шэрагам прынятых у Флорыдзе непапулярных законаў. У першую чаргу Законам аб забароне абортаў. Дэсэнтыс на другім месцы ў праймерыз-гонцы рэспубліканцаў, але адстае ад Трампа па выніках розных апытанняў.

«Дэсэнтыс вельмі кансерватыўны, у Флорыдзе прынялі вельмі жорсткія законы. Ну, як гэта ў Расеі называецца, ЛГБТ-прапаганда. Супраць навязвання левай праблематыкі ў школах, законы супраць мігрантаў дзіцячыя былі», – дадае палітолаг.

У лагеры ж дэмакратаў – падобная сітуацыя. Перамогу на праймерыз доўгі час прарочылі 41-гадоваму міністру транспарту Піту Бутыджыджу. Аднак усё змянілася, калі летась Трамп заявіў аб сваім намеры ісці на прэзідэнцтва. Пасля гэтага, нягледзячы на свой узрост, асноўным кандыдатам ад дэмакратычнай партыі стаў дзейны прэзідэнт Джо Байдэн.

«Калі б супраць Доналда Трампа быў вылучаны якраз нейкі малады дэмакрат, то вельмі многім амерыканцам прыйшлося б тлумачыць, хто гэта такі, навошта за яго галасаваць, чаму менавіта ён. А тут усё вельмі зразумела: тыя ж людзі, якія хадзілі ў 2020 годзе, вось яны зноў пойдуць галасаваць. Барацьба цяпер ідзе ў першую чаргу за нявызначаных выбарнікаў», – кажа палітолаг-амерыканістка Аляксандра Філіпенка.

Доналд Трамп.
Фота: Gage Skidmore / commons.wikimedia.org, CC BY-SA 3.0

Расейская прапаганда пакуль ускосна падтрымоўвае Трампа. Ён раней рабіў папулісцкія выказванні, што дамовіўся б з Пуціным аб заканчэнні вайны ва Украіне за 1 дзень.

«Калі казаць пра стаўленне да Украіны, да Беларусі, то, хутчэй за ўсё, наяўнасць дэмакратаў у Белым доме ў найлепшай ступені паўплывае на стаўленне і ўплыў у рэгіёне. Увага прынамсі будзе на Усходняй Еўропе, наогул на Еўропе ды іншых кантынентах, і нават на Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне ў першую чаргу, калі дэмакраты застануцца ў Белым доме і кангрэсе», – дадае Аляксандра.

Выбары 47-га прэзідэнта ЗША запланаваныя на 5-га лістапада 2024 года. Новы прэзідэнт мае ўступіць у паўнамоцтвы 20 студзеня 2025-га года.

Уладзіслаў Корсак, «Белсат»