Чым можа пагражаць новы штам каронавірусу «ніндзя» беларусам?


Калі верыць «Вікіпедыі», ніндзя ў феадальнай Японіі – гэта «выведнік, дыверсант і наёмны забойца». Дзецям можа з’яўляцца мульцяшнай чарапашкаю. Медыкі яго ведаюць у выглядзе віруса. Чым пагражае «ніндзя» беларусам?

Новы падвід віруса COVID-19, зарэгістраваны ў 43 краінах свету, напачатку жніўня праявіўся ў Менску і Віцебску ды пачаў марудлівае, але ўпэўненае падарожжа па краіне.

«Гэта новы штам «о-мікрон-ніндзя». Яго асаблівасць – у тым, што даволі складана яго выявіць. Але лёгкі аптымізм выклікае тое, што пакуль смяротнасць ад яго не такая ж высокая, як, напрыклад, ад леташняга штаму «дэльта». Тады была, напэўна, самая высокая смяротнасць за ўсе хвалі ковіду», – патлумачыў каардынатар фонду медычнай салідарнасці Андрэй Ткачоў.

Пік захворвання, паводле ягонага прагнозу, чакаецца ў верасні-кастрычніку, калі пачнецца навучальны год, і большасць адпускнікоў вернуцца на працоўныя месцы. А пакуль «ніндзя» плаўна, але ўпэўнена ўкараняецца ў здаровыя шэрагі беларускіх грамадзянаў. Гэта пацвердзілі ананімныя, але цалкам кампетэнтныя крыніцы. У прыватнасці, у Рэспубліканскім цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя паведамілі, што колькасць хворых прырастае. Але яшчэ не наступіў той эпідэмічны парог ва ўсёй краіне, каб можна было канстатаваць відавочны ўздым, падкрэслілі адмыслоўцы. Яны таксама параілі пачакаць да верасня.

Але верасень – гэта ўжо літаральна праз пару-тройку дзён. Ці не трэба тэрмінова бегчы прышчапляцца? У адной з менскіх паліклінік, куды мы патэлефанавалі, супакоілі: усё пад кантролем. Прэпараты ёсць, чэргаў няма. Трэба толькі ўзгадаць, калі ў папярэдні раз атрымалі дозу вакцыны – і калі ласка, за аптымальны тэрмін: шэсць месяцаў. Раней цэлы год ад рэвакцынацыі можна было не рабіць прышчэпкі. А цяпер дазволілі – вакцыну раз у паўгода.

Яшчэ адна навіна – парадак правядзення антыковіднай вакцынацыі. Дзяцей ва ўзросце ад 5 да 17 гадоў Міністэрства аховы здароўя Беларусі рэкамендуе прышчапляць дзвюма дозамі прэпарату «Сінафарм». А дарослым – на выбар: адну інʼекцыю «Спутнік Лайт», або дзве «Сінафарм» ці «Спутнік V». Не так даўно дзяржаўныя медыі пісалі аб рэгістрацыі ў рэспубліцы кубінскай вакцыны. Але, мяркуючы з усяго, далей за падпісанне папераў справа не пайшла.

Працаўніца Рэспубліканскага цэнтру гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя прызналася, што кубінцы нам вакцыну не пастаўляюць. Яе ўвогуле няма ў Беларусі – ні за грошы – аніяк.

У студзені было абвешчана, што ў Віцебскім раёне вытворчасць ветэрынарных прэпаратаў часткова перабудуюць пад выраб «чалавечай» антыковіднай вакцыны. Але першая партыя адтуль чакаецца, у найлепшым выпадку, толькі налета. І меркаваная эфектыўнасць такой прышчэпкі выклікае здаровы скепсіс у людзей абазнаных. Беларускі медык, доктар медычных навук, які працуе, у тым ліку, у Еўропе, пагадзіўся пракаментаваць навіну для «Белсату» толькі на ўмовах поўнай ананімнасці:

«Міністэрства аховы здароўя зʼяўляецца часткай бюракратычнай сістэмы. І хлусіць гэтак жа сама, як і ўрад, як афіцыйныя крыніцы. Хлусня на кожным кроку. Ні грама давяраць нельга!».

Калі верыць афіцыйнай статыстыцы, у Беларусі COVID-19 падхапілі ўсяго 994 037 чалавек, памерлі ад яго – 7 118. Гучыць, вядома, непраўдападобна.

Андрэй Ткачоў таксама звярнуў увагу на відавочна заніжаную статыстыку па хворых і асабліва па памерлых. Паводле прыблізных ацэнак журналістаў, якія праводзілі ўласнае расследаванне па смяротнасці ад ковіду за ўвесь час, як толькі ён зʼявіўся, – смяротнасць у Беларусі ўжо пераваліла за 100 000 чалавек.

Ці можна верыць заспакаяльным запэўненням так званых «людзей гасударавых» аб цалкам кантраляванай сітуацыі з ковідам у Беларусі? У сусветнай прэсе выказвалася меркаванне, што штам «о-мікрон» больш заразны і цяжка праходзіць. Але ў беларускім Міністэрстве здароўя просяць грамадзянаў не турбавацца.

Галоўны санітарны лекар Беларусі Аляксандр Тарасенка раней заяўляў літаральна наступнае: «Мы не чакаем нейкіх зменаў у плане лячэння, а таксама ў клініцы і цяжкасці працякання. Мы ўсё ж перакананыя, што дадатковых мерапрыемстваў з боку Міністэрства аховы здароўя (акрамя як павелічэння тэмпаў вакцынацыі), змены пратаколаў – не трэба».

Падобна да таго, што пакуль хвалявацца сапраўды няма пра што, але нялішне, напэўна, запасацца маскамі, антысептыкамі ды вітамінамі.

Марына Яновіч, «Белсат»