Джо Байдэн: «Не забудзем. Не даруем». Ад выбухаў у Кабуле загінулі 170 чалавек, пацярпелі тысячы


Два выбухі – 170 загінулых, тысячы пацярпелых. Сярод іх былі дзеці. Такі вынік атакі тэрарыстаў «Ісламскай дзяржавы» на аэрапорт у Кабуле. Акрамя афганцаў ад выбухаў загінулі таксама 13 амерыканскіх салдатаў. Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн звярнуўся да тэрарыстаў, якія маюць дачыненне да атакі.

«Мы гэтага не даруем. Мы гэтага не забудзем. Мы знойдзем вас і прыцягнем да адказнасці. Я буду абараняць нашыя інтарэсы і наш народ усімі даступнымі мне сродкамі» – заявіў прэзідэнт ЗША Джо Байдэн.

Усю адказнасць за тое, што адбылося, Джо Байдэн узяў на сябе. Але пасля нападаў у Кабуле рэспубліканцы заклікалі Кангрэс ЗША вярнуцца з вакацыяў і правесці надзвычайную сесію ў пытанні Афганістану. У Сенаце гучаць галасы з патрабаваннем адстаўкі прэзідэнта. Тэракт у Кабуле называюць правалам Байдэна і ЗША, ганебным завяршэннем 20-гадовай амерыканскай прысутнасці ў Афганістане. Зрэшты, некаторыя эксперты гавораць: вывад войскаў – гэта адзінае правільнае, а галоўнае непазбежнае рашэнне.

«Тэрарыстычныя акты, актывізацыя тэрарыстычных арганізацыяў – вядома, усё гэта будзе як бы ў цэлым ствараць ягоны вобраз як прэзідэнта-няўдачніка. Але зноў жа, гэта пытанне адказнасці. Нельга бясконца доўга сядзець з чаканнем націску на кнопку «Выхад» ці не. Трэба націснуць на кнопку. І хай пасля гэтага адбываецца ўжо тое, што адбываецца» – кажа дырэктар Цэнтру Блізкаўсходніх даследванняў у Кіеве Ігар Сэмівалос.

Прадстаўнік руху «Талібан» пасля выбухаў каля аэрапорту ў Кабуле заявіў, што іхныя байцы больш не будуць перашкаджаць тым, хто захоча з’ехаць з Афганістану. Паводле яго, пакінуць краіну можна будзе нават пасля канчатковага вываду амерыканскіх войскаў.

«Парадаксальным чынам гэтыя выбухі могуць дапамагчы талібам. Талібы застаюцца адзінай сілай. Амерыканцы павінны будуць супрацоўнічаць з імі, каб знайсці аўтараў тэрактаў. Талібы будуць далей прытрымлівацца свайго плану. Уводзіць новы парадак у Афганістане. Талібы імкнуцца да поўнай улады, «Ісламская дзяржава» будзе ім у гэтым перашкаджаць. На сёння для талібаў гэта галоўны выклік. Верагодна, выбухі будуць працягвацца. «Ісламскай дзяржаве» важна, каб сітуацыя ў Афганістане не стабілізавалася» – сцвярджае аналітык польскага Інстытуту міжнародных справаў Патрык Кугель.

На сённяшні момант эвакуяваныя з Афганістану больш за 100 тысяч чалавек. Нягледзячы на тэракт, Джо Байдэн заявіў: эвакуацыя працягнецца. Іспанія, Нямеччына, Швецыя, Канада і Фінляндыя заявілі аб завяршэнні эвакуацыі.

Міхаіл Прановіч, «Белсат»