Расея пагражае заблакаваць Чорнае мора


Б’юць па партах і цывільных суднах. Пасля выхаду са збожжавай угоды Расея ўсё часцей скіроўвае свае ракеты супраць марской гандлёвай інфраструктуры Украіны і пагражае цалкам заблакаваць суднаходства ў Чорным моры.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

У ноч на 27-га ліпеня расейскія войскі атакавалі порт у Адэскай вобласці Украіны. Ракеты «Калібр» выпусцілі з падводнай лодкі ў акваторыі Чорнага мора. У выніку пашкодзіла грузавы тэрмінал, адзін чалавек загінуў.

Масава атакаваць марскую інфраструктуру Украіны расейцы пачалі з мінулай серады, пасля заявы Крамля аб выхадзе са збожжавай угоды. Пагражалі атакаваць і цывільныя суды, што будуць заходзіць ва ўкраінскія парты пасля 20-га ліпеня.

«Усе судны, якія ідуць у акваторыі Чорнага мора ва ўкраінскія парты, будуць разглядацца як патэнцыйныя перавозчыкі грузаў ваеннага прызначэння. Адпаведна, краіны сцяга такіх судоў будуць уважацца за ўцягнутыя ва ўкраінскі канфлікт на баку Кіеўскага рэжыму», – гаворыцца ў паведамленні расейскага Мінабароны.

Расея вывела карвет «Сяргей Котаў» патруляваць суднаходную паласу паміж пралівам Басфор і Адэскай вобласцю. Аднак да атак на караблі трэціх краінаў расейскі флот пакуль не наважыўся.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Судна са збожжам выходзіць з украінскага порту.
Фота: Александр Кубраков/Facebook

«ЗСУ заявілі, што ў адказ будуць лічыць законнымі цэлямі ўсе караблі, што рухаюцца ў Чорным моры ў расейскія парты і парты акупаванага Крыму. А цяпер уявіце, які трафік у парты Украіны пасля 2022-га году, а які ў расейскія», – кажа вайсковы эксперт Паўло Лакійчук.

Малаверагодным сцэнар татальнай блакады Чорнага мора лічаць аналітыкі Амерыканскага інстытуту вывучэння вайны.

Пагаджаецца з гэтым і вайсковы эксперт Паўло Лакійчук. Па-першае, ва ўкраінскага войска ёсць што супрацьпаставіць расейскаму флоту.

«Калі “Котаў” выходзіў з порта, то быў атакаваны “невядомым” надводным дронам. У ЗСУ сродкаў паражэння не так і шмат, таму іх выкарыстоўваем эканомна, але яны ёсць». – зазначае Лакійчук.

Па-другое, камерцыйныя суднаходныя маршруты можна перакласці праз тэрытарыяльныя воды Румыніі, Балгарыі і Турцыі, а атакаваць караблі на тэрыторыі краінаў-сябраў NATO Расея не будзе.

«Такія маршруты ўжо ёсць, яны пракладзеныя. Адзінае, што прыйдзецца замяняць суда, спатрэбяцца з меншым водазмяшчэннем, але паўтаруся, маршруты ёсць і такія прапановы ўжо дасланыя партнёрам», – дадае Паўло Лакійчук.

Таму адзіным дзейсным спосабам марскога шантажу для Расеі застаецца атака на ўкраінскую інфраструктуру і парты. Паводле інфармацыі спікера ўкраінскай добраахвотніцкай арміі «Поўдзень» Сяргея Братчука, за апошнія 9 дзён у выніку ракетных атак былі пашкоджаныя 5 украінскіх цывільных суднаў і 26 абʼектаў партовай інфраструктуры.

«У іх задача, каб Украіна не магла самастойна прымаць удзел у збожжавай угодзе (бо Турцыя і ААН падпісвалі ўгоду з Украінай асобна, а з РФ асобна). Гэта вайсковы, эканамічны і палітычны шантаж. Да таго ж Крэмль вельмі хоча паказаць, што Пуцін усё яшчэ моцны і на нешта здатны, пасля ганьбы з бунтам ПВК Вагнэра», – кажа палітолаг Уладзімір Фясенка.

Бяспека суднаходства ў Чорным моры стала асноўнаю тэмаю першага тэрміновага паседжання рады Украіна – NATO.

Каб абараніць украінскую партовую інфраструктуру, краіны-чальцы альянсу разглядаюць магчымасць надаць Украіне дадатковыя сродкі супрацьпаветранай абароны.

Аляксандр Баразенка, «Белсат»