Вялікая кітайская сцяна паўстала перад беларускай эканомікай


Расейскі рынак стаў свабаднейшы ад замежнай прадукцыі па ўвядзенні санкцыяў. Але беларускія тавары там ня ў топе. Першынство трымаюць кітайскія вытворцы. Зрэшты, і на наш рынак прыходзіць усё больш брэндаў Паднябеснай.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Такая таварная экспансія непакоіць беларускіх чыноўнікаў. Усё часцей яны гавораць аб неабходнасці Расеі ды Беларусі бараніць рынак Саюзнай дзяржавы.

«Мы ўжо назіраем экспансію ўсходніх партнёраў і на беларускім, і на расейскім рынку аўтамабільнай і грузавой тэхнікі. Дынаміка палохае. За тры месяцы 2022 года доля брэндаў у сегменце грузавой тэхнікі з КНР у РФ складала ўсяго 9,5 %, за тры месяцы 2023 года – павялічылася амаль да 58%», – заяўляў нядаўна першы намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Мікалай Снапкоў.

Для параўнання за гэты ж перыяд сёлета продажы беларускага МАЗу на расейскім рынку панізіліся амаль на пяць з паловай адсоткаў. Расейскі ж КамАЗ за той самы перыяд прасеў у продажах ва ўласнай краіне больш чым на 20 адсоткаў – з 38-мі да 17-ці адсоткаў. Першапрычына ў коштах, кажуць эканамісты.

Адна са старых мадэляў МАЗ на пастаменце каля заводу. Менск, Беларусь, 26 чэрвеня 2021 года.
Фота: Белсат

«У Кітая вельмі вялізны рынак, там прадукуюцца ўсе кампаненты для гэтых аўтамабіляў. І, напрыклад, Кулрэй, які ў Беларусі каштуе больш за 20 000 долараў, у Кітаі каштуе 11000 долараў. Амаль у два разы меней. Таму мы не можам весці нейкую гаворку, што гэта нейкі дэмпінг», – кажа бізнесовец, вядоўца праграмы «Атма$фера» Аляксандр Кныровіч.

Але акурат антыдэмпінгавыя захады, каб абараніцца ад кітайскай эканамічнай экспансіі, і збіраюцца зрабіць у Беларусі. Прынамсі пра іх, хоць без падрабязнасцяў, згадаў той жа Снапкоў.

«Калі Расея ці Беларусь паспрабуе паставіць такую заслону для кітайскага аўтапрому – для гэтага трэба ўводзіць плацяжы, напрыклад, у два разы большыя за кошт гэтых аўтамабіляў. І як на гэта будзе рэагаваць сам Кітай. Якія забароны ён для Беларусі ці Расеі зробіць. Я вельмі жадаю паглядзець на гэтую вайну», – дадае Аляксандр Кныровіч.

«Узровень залежнасці ад Кітаю рэжымаў Пуціна і Лукашэнкі дасягнуў такога ўзроўню, што ўводзіць нейкія адміністратыўныя абмежаванні супраць кітайскіх кампаній яны не змогуць. Канкурэнтную барацьбу яны прайграюць», – выказвае меркаванне навуковы працаўнік Цэнтру эканамічных даследаванняў «BEROC» Алег Мазоль.

Зрэшты, ратаваць беларускі рынак спрабуе і Лукашэнка, прапаноўваючы кітайцам развіваць супольную вытворчасць аўтамабіляў карпарацыі «FAW». Нават больш за тое, стварыць супольны аўтамабіль.

«Кітайскія кампаніі зацікаўленыя ў продажы гатовай прадукцыі, таму і далей будуць выціскаць з расейскага рынку вытворцаў з Беларусі і, дарэчы, з Расеі. Зрабіць нешта сумеснае з Кітаем – гэта зноў аддаць частку рынку кітайскім вытворцам», – дадае Алег Мазоль.

Не на руку беларускім вытворцам, каб захапіць расейскі рынак, і заходнія санкцыі, наступствы якіх пакрысе пачынаюць прызнаваць чыноўнікі.

«Там жа санкцыі ўведзеныя не толькі на тавары, але і на тэхналогіі. І, скажам, спрабаваць кампенсаваць страты ад гандлёвай вайны сваімі ўнутранымі таварамі – гэтага не атрымаецца. Гэта будзе такое вяртанне да стымпанку. Зноў увядуць палутаркі на паравой сіле», – упэўнены кандыдат гістарычных навук Яўген Красулін.

Пасунулі кітайскія вытворцы не толькі беларускіх машынабудаўнікоў, але і такога гіганта бытавой тэхнікі, як «Атлант». Расейцы ўсё меней набываюць нашыя лядоўні, але застаецца попыт на пральныя машыны. Таму на павелічэнне іх вырабу і зрабіў стаўку вытворца.

Уладзіслаў Корсак, «Белсат»