Сяргей Рутэнка апынуўся паміж Залай славы гандболу і санкцыйнымі спісамі


Еўрапейская федэрацыя гандболу (EHF) падчас учорашняй цырымоніі ў Вене заснавала Залю славы еўрапейскага гандболу. Сярод першых уганараваных асобаў і беларус Сяргей Рутэнка. Арганізатараў цырымоніі не збянтэжыў той факт, што былы гандбаліст, які цяпер стаў спартовым функцыянерам, актыўна падтрымлівае рэжым Лукашэнкі ды апраўдвае рэпрэсіі і гвалт.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Адзін з найлепшых гандбалістаў свету і зацяты прыхільнік рэжыму Лукашэнкі – беларус Сяргей Рутэнка ў спісе першых 60 асобаў, уключаных Еўрапейскай федэрацыяй гандболу ў Залю славы.

Сваю кар’еру Рутэнка пачаў яшчэ ў 90-х у менскім «Аркатроне», адкуль у 2000 годзе перайшоў у славенскі «Гарэне». Далей былі таксама славенскі «Цэле», іспанскія «Сьюдад-Рэаль» і «Барселона». Пасля кароткай камандзіроўкі ў катарскую «Лехвію» скончыў карʼеру ў менскім СКА. Беларускі левы паўсярэдні 8 разоў выгульваў чэмпіянат Іспаніі, чатыры разы – славенскае першынство з «Цэле», а са «Сьюдад-Рэалем» і «Барселонаю» 6 разоў станавіўся найлепшым у Еўропе. Сярод асабістых узнагародаў – званні найлепшага бамбардзіра Лігі чэмпіёнаў і чэмпіянату Еўропы.

«Еўрапейская федэрацыя ўсё ж арыентавалася на спартовыя паказчыкі. Гэта быў асноўны крытэр. Там не было крытэру маральнага ці каштоўнаснага. Трэба яшчэ ўлічваць, што еўрапейская грамадскасць не вельмі добра інфармаваная, што сапраўды адбываецца ў Беларусі і якую ролю там адыгрываюць тыя ці іншыя асобы», – кажа выканаўчы дырэктар Беларускага фонду спартовай салідарнасці Аляксандр Апейкін.

Раней сваёй грамадзянскай пазіцыі Сяргей Рутэнка не выказваў. Як грамадзянін трох краінаў (Беларусі, Славеніі ды Іспаніі) ён працяглы час аддаваў перавагу выступам за славенскую зборную. Усё змяніў 2020 год. Сяргей Рутэнка паставіў свой подпіс пад лістом спартоўцаў у падтрыманне Лукашэнкі. Праз што страціў кантакт з родным малодшым братам – былым гандбалістам зборнай Беларусі Дзянісам Рутэнкам, які стаў на бок народу, асудзіўшы ґвалт сілавікоў. У 2022-м Сяргей падхапіў рыторыку прапаганды, называючы вайну ва Украіне спецаперацыяй.

Зборная Беларусі па гандболе.
Фота: handball.by

«Рабіў усё тое, што патрэбна рэжыму па прасоўванні ідэалогіі і гэтак далей. Столькі ад яго было каментароў, што нават чытаць не хацелася, але на жаль трэба. Чалавек, калі ў гэтай сістэме, ён робіць усё, каб яна існавала надалей. Ён прымае гэта і, выглядае, што яму гэта нават падабаецца», – зазначае Сабіна Аліева, журналістка выдання «By.Tribuna.com».

Такая пралукашэнкаўская пазіцыя Сяргея Рутэнкі не засталася незаўважанай – былога гандбаліста прызначылі кіраваць федэрацыяй тэнісу. На гэтай пасадзе ён актыўна выступае супраць спартовых санкцыяў і абараняе першую ракетку Беларусі.

«Сабаленка толькі нешта скажа ці паспрабуе выказацца, як было на пачатку вайны, – адразу вылазіць Рутэнка і заяўляе, што яе не так зразумелі і яна нічога такога не мела на ўвазе. Вельмі цяжка разʼяднаць два пачуцці, што гэта добры спартоўца, але не вельмі добры чалавек», – дадае Сабіна Аліева.

Аспрэчваць рашэнне Еўрапейскай федэрацыі гандболу ўшанаваць асобу Рутэнкі Фонд спартовай салідарнасці не будзе. Бо гэта ўжо будуць дзеянні наўздагон.

Пакуль жа кіраўнік Беларускай тэніснай федэрацыі толькі фігуруе ў санкцыйных спісах Польшчы. Разам з Віктарам Лукашэнкам, Дзмітрыем Баскавым і міністрам спорту Сяргеем Кавальчуком.

Аляксандр Баразенка, «Белсат»