Кватэрнае пытанне: чаму новага жылля ў Беларусі ўсё менш?


Усё менш новых кватэраў, менш квадратных метраў. Крызіс у будаўнічай галіне ў Беларусі – відавочны. Пра гэта ў адзін голас кажуць нашыя эксперты.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Калі мы гаворым пра такія ўнутраныя традыцыйныя галіны эканомікі, як будаўніцтва, якое было, скажам, адным з эканамічных рухавікоў таго ж Савецкага Саюзу, то сцісканне гэтага прыярытэтнага дзяржаўнага напрамку на дзясяткі адсоткаў за апошні час выклікаюць, я б сказаў, кагнітыўны дысананс», – зазначае эканаміст Віталь Алейнік.

«Мы цяпер у стане, калі мы ўводзім жытла менш, чым было пры БССР, і значна менш, на 25 %», – кажа блогер, бізнесовец і аўтар праграмы «Атмасфера» на «Белсаце» Аляксандр Кныровіч.

Вось так у лічбах выглядалі тэмпы будаўніцтва новага жылля за мінулыя пяць гадоў. Да 2021 года бачым рост. Калі ў 2018 у Беларусі пабудавалі 46,5 тыс. кватэраў, то ў 2021 – больш за 52 тысячы. Пасля ж назіраем пералом тэндэнцыі. У 2022 колькасць новых кватэраў у параўнанні з папярэднім годам змяншаецца на 3 тысячы.

Адмоўная тэндэнцыя захоўваецца і сёлета. І лічбы яшчэ больш красамоўныя: за студзень-красавік 2022 года ў Беларусі пабудавалі больш за 14 тысяч кватэраў, за такі ж перыяд гэтага года іх колькасць – 10,5 тыс. То бок змяншэнне на чвэрць.

«Мы можам казаць пра такую вілку паміж высокімі крэдытнымі стаўкамі, іпатэка на ўзроўні 15–16 % з аднаго боку, а з іншага боку з падзеннем дабрабыту людзей. Так, у першым квартале 2023 года ў тым жа Менску рэальныя наяўныя даходы скараціліся амаль на 7,5 %», – сцвярджае Віталь Алейнік.

На скарачэнне тэмпаў будаўніцтва ўплываюць не толькі эканамічныя чыннікі. Пасля таго як рэжым Лукашэнкі ў 2020 распачаў беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі, рэзка павялічылася міграцыя з Беларусі. Паводле даследавання цэнтру BEROC, за апошнія два гады ў краіны Еўразвязу маглі з’ехаць да 172 тысяч беларусаў. Паводле ацэнак Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы, пасля жніўня 2020 года з Беларусі зʼехала ад 200 да 500 тысяч чалавек.

«Адʼезд гэтых грамадзянаў уплывае на стан рынку. І мы бачым, як пасля пачатку рэпрэсіяў рэзка знізіўся кошт жытла ў Менску», – падкрэслівае Аляксандр Кныровіч.

«Мы зараз ведаем, асабліва пасля 2021, 2022 года, колькі кватэраў зʼявілася на другасным рынку, людзі зʼязджаюць, прадаюць кватэры, і ясна, што гэта таксама ўплывае на гэты рынак, цэны змяншаюцца. Ну а дзяржава бачыць гэта і думае: навошта будаваць новае жыллё, калі на рынку зʼявілася дастаткова шмат жылля, якое прадаецца», – мяркуе палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

Зменшыліся ў параўнанні з мінулым годам і тэмпы будаўніцтва жылля для ільготнікаў. Гэтак, за першыя чатыры месяцы 2022 з дзяржаўнай падтрымкай пабудавалі больш за 400 тысяч квадратных метраў жылля. За такі ж перыяд сёлета – 342 тысячы квадратных метраў. Афіцыйная статыстыка рапартуе, што колькасць тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў, імкліва скарачаецца. Але ці з гэтай прычыны ільготнага жылля будуюць менш?

«Дзяржава не можа знізіць пенсіі ці перастаць іх выплочваць, а перастаць будаваць кватэры ільготнікам – гэта так, гэта тое, што яна можа сабе дазволіць, не баючыся нейкага вялікага сацыяльнага выбуху», – кажа Віталь Цыганкоў.

А вось для тых, дзякуючы каму Беларусь пакінулі сотні тысяч грамадзянаў пасля 2020, кватэрнае пытанне не стаіць так востра. У гэтым месяцы набыў моц указ Лукашэнкі, згодна з якім пасля 25 гадоў службы арэнднае жыллё сілавікам пераходзіць ва ўласнасць бясплатна.

Алесь Яшчанка, «Белсат»