Які лёс чакае спартоўцаў Лукашэнкі і Пуціна?


Амаль год Спартовы арбітражны суд у Лазане разглядаў скаргу Беларускага фонду спартовай салідарнасці. І вось адказ: «Спартовы арбітражны суд не мае прававых інструментаў, каб прымусіць УЕФА правесці расследаванне ў адносінах Беларускай федэрацыі футболу».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

У Лазану Беларускі фонд спартовай салідарнасці звярнуўся пасля таго, як не дапамаглі звароты ўласна ва УЕФА. Мэта ж гэтых зваротаў – расследаваць рэпрэсіі супраць футбалістаў, якія ў 2020 годзе выказаліся супраць фальсіфікацыі выбараў і міліцэйскага гвалту.

І ўсё ж адказ Спартовага арбітражнага суда пакідае спадзеў на тое, што справядлівасць пераможа, кажа дырэктар Фонду спартовай салідарнасці Аляксандр Апейкін.

«Cпартовы арбітражны суд прызнаў, што ў Беларусі ў дачыненні да спартоўцаў існуе палітычны пераслед, і ёсць факты парушэнняў і дыскрымінацыі, і выказаў шкадаванне, што УЕФА не распачынае такое расследаванне, хаця гэта было б мэтазгодна. Вось гэта даволі важная фармулёўка».

Паводле Аляксандра Апейкіна, такая пазіцыя можа аказаць уплыў на рашэнне таго ж УЕФА аб адхіленні Беларусі ад адбору на «Еўра-2024». Гэтае пытанне Звяз еўрапейскіх футбольных асацыяцыяў будзе разглядаць у наступны аўторак.

«Збяруцца, пасядзяць, крыху пагавораць і скажуць, што зноў-такі спорт па-за палітыкай, пытанняў няма. Таму што нядаўна выбіралі Шарснёва, і на гэтых выбарах новага кіраўніка так званай Беларускай федэрацыі футболу былі прадстаўнікі міжнародных структураў. І яны там спакойна і ручкаліся, і нахвальвалі тых, хто займаецца рэпрэсіямі ў беларускім футболе», – мяркуе галоўны рэдактар парталу by.tribuna.com Алег Гаруновіч.

А ўжо заўтра выканкам Міжнароднага алімпійскага камітэту будзе вызначаць, у якім фармаце беларускія і расейскія спартоўцы змогуць удзельнічаць у летняй алімпіядзе 24 года ў Парыжы. І ці змогуць увогуле.

«Міжнародны алімпійскі камітэт будзе рэкамендаваць міжнародным федэрацыям дазволіць доступ беларускіх і расейскіх атлетаў да спаборніцтваў. Але трэба разумець, што гэта можа мала чаго азначаць. Бо міжнародныя федэрацыі могуць выконваць гэтыя рэкамендацыі, а могуць не выконваць», – зазначае Аляксандр Апейкін.

Напярэдадні паседжання выканкаму МАК з сумеснай заявай выступілі Алімпійскія камітэты Украіны, Польшчы, Літвы, Латвіі ды Эстоніі. «Цяпер не час разглядаць вяртанне беларусаў і расейцаў на Алімпійскія гульні», – гаворыцца ў дакуменце:

«Мы хочам падкрэсліць, што не нацыянальная прыналежнасць спартоўцаў вызначае іхную ролю, а той факт, што іх спансаруе іхны ўрад або бізнес, які падтрымлівае крамлёўскі рэжым, што працягвае сваю агрэсіўную вайну супраць Украіны».

З гэтай пазіцыяй пагаджаецца Алег Гаруновіч:

«Алімпійскія гульні – гэта была нагода спыніць усе спрэчкі, усе войны і разам выйсці і паспаборнічаць, але ж цяпер ідзе досыць нетыповая вайна, калі адна дзяржава хоча знішчыць іншую. Гаворка ідзе ледзь не пра знішчэнне цэлага народу».

Што ж да пазіцыі Украіны, яна наступная: ніякіх спартоўцаў з Беларусі ды Расеі на міжнародных спаборніцтвах, пакуль Пуцін вядзе вайну супраць Украіны, а Лукашэнка ўсяляк яму дапамагае.

Днямі Міжнародная федэрацыя хакею працягнула адхіленне зборных Беларусі ды Расеі ад сваіх спаборніцтваў. Цяпер замест чэмпіянату свету беларуская і расейская зборныя будуць гуляць між сабою. На травень запланавалі ажно 8 такіх матчаў.

Алесь Яшчанка, «Белсат»