Камісія для вяртання 2.0: рэжым чакае заявак да канца 2024 года


Лукашэнка вылецеў у Расею, прыняўшы важнае, паводле ягонага рэжыму, рашэнне. Напярэдадні ён сваім указам працягнуў працу гэтак званай камісіі для вяртання да канца гэтага года.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Паводле інфармацыі, якую атрымала ініцыятыва «BELPOL», рэжым заяўляе пра станоўчы эфект ад працы гэтай структуры. Да таго ж чыноўнікі задаволеныя публічнымі, цытата, чыстасардэчнымі раскаяннямі і расказамі тых, хто звярнуўся ў камісію, пра быццам няпростае жыццё за мяжою.

«На самой справе яны жа гоняцца за адным – за «палкамі». То бок гэтыя паказнікі, якія ім трэба паказаць дыктатару, каб ён успрыняў іх быццам працу са станоўчага боку, каб наблізіцца да яго, каб атрымаць ухваленне ад дыктатара. А як распавесці пра працу камісіі, калі мы яе закрываем? Значыць, яна працавала дрэнна?» – адзначыў прадстаўнік ініцыятывы «BELPOL» Мацвей Купрэйчык.

Летась камісія для вяртання атрымала больш за 150 заявак ад беларусаў, заявіў яе старшыня – генеральны пракурор Андрэй Швед. У сваю чаргу кіберпартызаны ў ліпені 2023-га года паведамлялі ўсяго пра 16 зваротаў. Пры гэтым у траўні Швед рапартаваў пра больш як 70 заявак. Нестыкоўкі і ў пазіцыі Лукашэнкі ды ягоных памагатых пра неабходнасць вяртаць беглых на радзіму.

Паводле гісторыка і палітычнага аглядальніка Аляксандра Фрыдмана, нічога дзіўнага ў такой рыторыцы няма. Лукашэнка вядомы сваёй супярэчлівасцю, а прапаганда за ім паўтарае.

«Відавочна, што гэтая камісія і ўвогуле гэтае вяртанне – гэта тое, у чым рэжым зацікаўлены. Бо можна вярнуць гэтых людзей і выкарыстаць гэтых людзей у якасці рэсурсу і гэтаксама магчымасць дабрацца да гэтых людзей», – патлумачыў Аляксандр Фрыдман.

Лёс тых, хто, паводле рэжыму, вярнуўся ў Беларусь праз камісію, таксама склаўся па-рознаму. Гэтак, берасцейцу Ігару Неміровічу летась прысудзілі год калоніі за абразу Лукашэнкі. А жыхар Ваўкавыску Сяргей Петрулевіч, які спачатку апынуўся пад падпіскаю аб нявыездзе, зноў раптам трапіў у Польшчу. Ці можа КДБ вербаваць такіх вяртанцаў?

«Такі кейс, як Сяргей Петрулевіч, можна сказаць на дадзены момант будзе адзінкавым, я так лічу. У будучыні так, яны могуць падцягнуць аднаго-двух чалавек. На самой справе, у іх іншыя метады працы, пра што мы неаднаразова апавядалі. І таму ім прасцей вербаваць людзей, якія знаходзяцца за мяжою – на нейкіх кампраметуючых звестках, на ціску на родзічаў і гэтак далей», – мяркуе Мацвей Купрэйчык.

На фоне масавых рэпрэсіяў у Беларусі нашыя эксперты чарговы раз заклікаюць не звяртацца ў камісію для вяртання, бо веры рэжыму няма. Да таго ж, адзначыў юрыст Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Арцём Праскаловіч, гэтая камісія не валодае ніякімі правамі ў межах крымінальна-працэсуальнага кодэксу:

«Да канца тэрміну даўніны прыцягнення да адказнасці за тое ці іншае злачынства, якое будуць інкрымінаваць беларусу, генеральны пракурор, які і ачольвае камісію, можа адмяніць любое працэсуальнае рашэнне і зноў распачаць гэтую крымінальную справу»

Дазнацца пра наступствы вяртання ў Беларусь можна не толькі праз камісію. Ці будзе такая паездка бяспечная, гатовыя апавесці на падставе ўласнай інфармацыі ў ініцыятыве «BELPOL» кожнаму ахвотнаму.

Ірына Юр’ева, «Белсат»