Як абыходзіць санкцыі: майстар-клас ад беларускіх уладаў


Тыя санкцыі, што ўжо прынятыя, датычаць, сярод іншага, і прамысловага абсталявання. Аднак улады Беларусі, падобна, паспяхова выкручваюцца. І асноўныя прадпрыемствы, што зарабляюць для бюджэту валюту, працягваюць працаваць. Як дыктатура можа ўхіляцца ад прамысловых санкцыяў?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

За год купля імпартнага абсталявання ў Беларусі ўпала на чвэрць. Хаця яно шырока выкарыстоўваецца ў прамысловасці, што дае краіне большую частку валютнай выручкі. Адна з прычынаў – санкцыі. Але заводы праз нястачу абсталявання ці запчастак не спыняюцца, кажа Юрый Рававы з «Рабочага руху».

«Сітуацыя з набыццём абсталявання і нейкіх рэмкамплектаў – не самая крытычная для Беларусі, хаця і ёсць перашкоды. Часта выкарыстоўваюцца фірмы-пасярэднікі, што дапамагаюць купляць гэтае абсталяванне», – распавядае Юрый Рававы.

Паводле «Рабочага руху», абсталяванне з Еўразвязу могуць везці праз Беларусь, называючы краінаю прызначэння, напрыклад, Казахстан. Але груз знікае сярод беларускіх лясоў і палёў. Другі варыянт – браць запчасткі з адных станкоў і ставіць на іншыя, распавядае Аляксей Кротаў, былы працаўнік «Беларуськалію».

«Калі “Беларуськалій” працуе на 20 адсоткаў магутнасці, то ён будзе, пакуль не вычарпае рэсурс гэтых магутнасцяў, працаваць яшчэ 10 гадоў. А з гэты час можна наладзіць сваю вытворчасць, бо ёсць інжынерная школа», – мяркуе Аляксей Кротаў.

Ёсць і адваротныя прыклады. Беларуская чыгунка не можа адрамантаваць цягнік, што яшчэ летась наехаў на прычэп з гноем. Машына зробленая ў Польшчы, завод аднаўляць яе не бярэцца праз санкцыі супраць Беларусі, пішуць польскія медыі.

Адчулі эфект санкцыяў і звычайныя беларусы. Палова апытаных у сацсетках «Белсату» адзначае праблемы ў куплі запчастак да заходняй тэхнікі. З каментароў вынікае, што асабліва цярпяць уладальнікі аўтамабіляў.

«Дэталі прывозяць кантрабандным шляхам. Таму плацім нашмат даражэй і без атрымання гарантыі на рамонт ці замену», – піша адзін з гледачоў.

«У крамах знікла сертыфікаваная заходняя хімія для машынаў. Няма вадкасцяў для гідраўзмацняльнікаў стырна, заходніх аліваў для рухавіка… На СТА, дзе ёсць крамы, папярэджваюць, каб кліенты прыязджалі са сваймі запчасткамі. Асабліва калі машыны пасля 2010 года выпуску з Еўропы, бо патрэбных запчастак няма і не будзе. Са старымі машынамі яшчэ выкручваюцца, бо шмат дэталяў з Кітаю», – распавядаюць беларусы ў каментарах да апытання.

«Я мяркую, што менавіта Кітай разглядаецца як альтэрнатыва з пункту гледжання складанай тэхналагічнай вытворчасці. Такі абыход санкцыяў будзе. Імаверна, разглядаюцца і больш складаныя схемы», – кажа Аляксей Харкевіч.

Магчымы таксама шэры імпарт тавараў для насельніцтва, прамысловага абсталявання і запчастак да яго – праз трэція краіны. Дарэчы, экспарт беларускай падсанкцыйнай прадукцыі праз іх ужо ідзе – пра гэта паведамляў Беларускі расследавальніцкі цэнтр.

«Шмат што будзе залежаць ад пазіцыі Еўразвязу. Ці будуць яны заплюшчваць вочы на гэта? Бо яны маюць пэўную інфармацыю, як гэта адбываецца», – кажа Юрый Рававы.

Шэры імпарт даражэйшы праз лагістыку і пасярэднікаў. Да якасці кітайскіх аналагаў могуць быць пытанні. Але пакуль такія варыянты магчымыя, наўрад ці можна чакаць калапсу беларускае вытворчасці. То бок, нейкія грошы ў рэжыму Лукашэнкі будуць.

Валянцін Васіленка, «Белсат»