Як ABBA дапамагае беларускаму бізнесу за мяжой


Многія беларусы выязджаюць за мяжу і пачынаюць жыццё з нуля. А некаторыя яшчэ і бізнес. У гэтым дапамагае Асацыяцыя беларускага бізнесу за мяжой ABBA.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Людзям, якія трапілі ў іншую краіну, вельмі важна быць у асяроддзі такіх жа, як і яны, таму мы дапамагаем: праводзім шмат семінараў, праводзім шмат адукацыйных праграмаў», – распавядае прэзідэнт Асацыяцыі Яўген Буры.

Апроч бюракратычных праблемаў, пытанняў фінансавання, пасля пачатку поўнамаштабнай вайны беларусы сутыкаюцца з дыскрымінацыяй. Напрыклад, калі не даюць арэнднага памяшкання праз беларускі пашпарт.

«Ёсць выпадкі прыпынення тых крэдытных лініяў, што ўжо былі ўмоўленыя, з якімі былі падпісаныя дамовы. І яны былі спыненыя. Банк не кажа, што гэта звязана з беларускім пашпартам, але мы разумеем і ведаем, што гэта можа спрыяць такой пастанове банкаў», – дадае Яўген Буры.

Прэзідэнт ABBA зазначае, што масавасці няма, а такіх выпадкаў усё менш. У тым ліку Асацыяцыя залагоджвае гэтую праблему з міжнароднымі партнёрамі, якім, наадварот, важна падтрымаць беларускіх прадпрымальнікаў. Гэтак лічыць і Моніка Сасяк, намеснік дырэктара па міжнароднай супрацы ў Нацыянальнай эканамічнай палаце:

«Прадпрымальніцкі дух прыводзіць да росту валавога ўнутранага прадукту, да новых ідэяў, да творчасці. У Польшчу прыязджаюць спецыялісты з Беларусі. Таму цяпер падтрыманне такіх фірмаў будзе вельмі вялікім дадаткам да польскай эканомікі».

Паводле ABBA, з 2020 года ў замежжы з’явілася чатыры тысячы бізнесаў беларусаў. Зміцер і Алена Бачылы таксама мусілі збегчы ў 2021 годзе. Мінулым летам яны адкрылі тут студыю тэкстыльнага дызайну «Comfort Zone». Падобнаю справаю сямʼя займалася і ў Беларусі.

«Папросту жылі неяк, выжывалі. Пасля ў нас зʼявіўся план – мы паціху перавозілі абсталяванне, па адной машынцы, па адной нейкай дэталі мэблі. Ну і планавалі, што мы тут усё ж такі адкрыемся. Асноўная праблема была ў няведанні, неразуменні сітуацыі, што мы тут будзем рабіць», – узгадвае Зміцер Бачыла.

Прадпрымальнікі запрашаюць да сябе швачак для працы на канкрэтных замовах. Кліенты студыі – гатэлі і рэстараны, бізнесоўцы і прыватныя асобы. Праблемай застаецца моўны барʼер, таму пакуль шукаюць замоўцаў з беларускай і ўкраінскай дыяспараў, хоць да прадпрымальнікаў пачынаюць звяртацца і палякі. З праблемамі напачатку дапамагла даць рады акурат ABBA, распавядае Зміцер Бачыла.

«Яны нам вельмі дапамаглі рэальна, бо яны нам распавялі адразу ўсе нюансы, моманты. Мы зразумелі, што тут усё не так страшна, як мы думалі».

На прэзентацыі асацыяцыі яны ўступілі ў праграму сяброўства ABBA. Гэта яшчэ адно сёлетняе новаўвядзенне. Сяброўства дае доступ да ўсіх навучальных праграмаў і дадатковае падтрыманне ад партнёраў асацыяцыі. Але трэба зрабіць грашовы ўнёсак. 99 еўраў на год для аднаго прадпрымальніка. А для суполак – у залежнасці ад колькасці працаўнікоў – ад 169 еўраў да 999 еўраў на год.

Дарадца асацыяцыі Яраслаў Кот стаў першым, хто ўрачыста ўзяў сяброўства ў ABBA. Ён паведаміў нам, што асацыяцыя працягне дапамагаць усім ахвотным нават па-за праграмаю сяброўства:

«Гэта супольнасць у першую чаргу. Яна ўключае не толькі сяброў асацыяцыі. Сябры асацыяцыі – гэта тыя, хто і самі пастанавілі дапамагаць. Мы пастанавілі яшчэ і спансаваць асацыяцыю, каб яна больш магла рабіць і лепш дапамагаць акурат тым, хто пакуль што не дарос да таго, каб самому ўкладацца ў яе».

Гэтак, у конкурсах бізнесаў, што адбудуцца ўжо ўвесну і ўвосень, выйграць грант могуць і тыя, хто не ўдзельнічае ў праграме сяброўства. Да таго ж, асацыяцыя пачала працаваць з польскімі банкамі над адмысловай лініяй крэдытавання менавіта беларусаў.

Яна Шэк, «Белсат»