Чырвоны боршч або пікет з экстрэмісцкай сімволікай – чаму рака ў Маладзечне стала чырвонай?


У Маладзечне ў рацэ «зварылі боршч». А магчыма, гэта было «пікетаванне з выкарыстаннем бела-чырвона-белай сімволікі». Такім чынам беларусы патлумачылі чырвоны колер вады ў канаве. Мясцовыя чыноўнікі спужаліся грамадскага розгаласу і заявілі, што чырвоная вада не стварае ніякай шкоды. Маўляў, неўзабаве вінаватыя пакаяцца на відэа.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Рэчка ў Маладзечне пафарбавалася ў крывава-чырвоны колер.

«Наўрад ці гэта нейкая прыродная з’ява, бо вада яшчэ і пенілася», – пракаментаваў сітуацыю мясцовы жыхар.

Гэтая маленечкая канава ліўневай каналізацыі ўпадае ў раку Вушу непадалёк ад Вілейскага чыгуначнага маста.

«Шукаем, нехта нешта злівае. Хто – не можам сказаць, дакладней, не ведаем, на дадзены момант шукаем. Аналізы лабараторыя ўзялі, адабралі ваду, нешта чырвонае, падобна да нейкай фарбы. Бог яго ведае, што гэта. Я вам на вока візуальна і навобмацак не скажу, што гэта такое – нейкая чырвоная вадкасць, нейкі фарбавальнік. Я ж не ведаю, там ліўнёўка ідзе з прамысловых прадпрыемстваў, там гэтых прыватнікаў – валам. І вось ходзім-шукаем, куды хто можа зліваць», – пракаментаваў нам па тэлефоне інспектар Маладзечанскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Іван Мялюк.

Ягоны ж начальнік даў абсалютна супрацьлеглы адказ.

«Шкоды прыродзе няма. А вось разгільдзяйства працаўнікоў аднаго з гарадскіх прадпрыемстваў ёсць. Яны ашчаджаюць на ўсталяванні ачышчальных збудаванняў і скідаюць адкіды вытворчасці ў ваду, як правіла, пад вечар, калі заканчваецца працоўны дзень. Нам ужо вядома, хто гэта зрабіў. Людзі будуць пакараныя, нават пакажам іх у тэлевізары», – сказаў начальнік Маладзечанскай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы наваколля Уладзіслаў Чарноў.

Розныя адказы чыноўнікаў маглі стацца вынікам страху грамадскага розгаласу, мяркуе менеджарка «Зялёнага тэлефону» Паліна Бурко. Тым больш што ў інтэрнэце ўжо зʼявіліся жарты пра боршч у рацэ і пікетаванне з выкарыстаннем бела-чырвона-белай сімволікі.

«Ад якога прадпрыемства, незразумела, што менавіта за адкіды, чаму яны не ўплываюць. Патлумачана не было. Выглядае, што праблема была агучана ў медыях, цяпер магчымы нейкі грамадскі ціск праз гэта. І яны пачалі нешта рабіць. І што ў рэшце рэшт адбудзецца, толькі час пакажа», – кажа менеджарка «Зялёнага тэлефону» Паліна Бурко.

Дарэчы, цяпер вада ў рацэ ў Маладзечне змяніла свой колер на зялёны, але і ён не выглядае натуральна.

Яшчэ адная праблема з пільнаваннем экалагічнага заканадаўства паўстала ў Рэчыцкім раёне. Там чыноўнікі папярэдзілі мясцовых жыхароў пра грамадскія слуханні за 3 гадзіны да іх пачатку. Абмеркаванне датычыла ўздзеяння на наваколле праекту распрацоўвання радовішча нафты каля вёскі Капараўка на Гомельшчыне.

«Праз тое, што недастаткова кампетэнцыі, напэўна, яны сапраўды памыляюцца, не могуць некаторыя юрыдычныя пытанні правільна вырашыць. І потым праз тое, што ў нас ёсць іерархія арганізацыяў, што ўсе адказныя перад кімсьці, яны баяцца і спрабуюць свае памылкі схаваць не вельмі якасна», – тлумачыць мяркуе менеджарка «Зялёнага тэлефону» Паліна Бурко.

Праз рэпрэсіі ў краіне выступаць з ініцыятываю баяцца і грамадзяне, мяркуе мэнэджарка «Зялёнага тэлефону». І тым не менш, Паліна Бурко раіць мясцовым жыхарам пісаць зварот у Рэчыцкі райвыканкам і «Беларуснафту» з патрабаваннем прызнаць, што слуханні не адбыліся, бо былі парушаны нормы заканадаўства. А калі гэта зрабіць складана, то звяртацца да менеджараў «Зялёнага тэлефону» +375 29 1702670 або на платформу «petitionsby.site».

Аліна Скрабунова, «Белсат»