ЗСУ знішчылі вялікі дэсантны карабель ЧФ Расеі «Новачэркаск»


Магутны выбух і полымя агню! У порце акупаванай Феадосіі сёння было горача! Як стала вядома пазней, гэтак гарэў дэсантны карабель Чарнаморскага флоту Расеі «Новачэркаск» ад трапляння ў яго пры правядзенні вайсковай аперацыі Паветраных сілаў ЗСУ і ўкраінскіх спецслужбаў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Нашыя пілоты, брыгада тактычнай авіяцыі, нанеслі скрышальны ўдар крылатымі ракетамі па гэтым вялікім дэсантным караблі “Новачаркаск”, ну, і адпаведна знішчылі сам карабель і той груз, які знаходзіўся на борце. Ну, і відавочна, што і экіпаж», – заявіў спікер камандавання Паветранымі сіламі ЗСУ Юрый Ігнат.

Знішчаны «Навачэркаск» – карабель, які для Савецкага Саюзу пабудавала Польская Народная Рэспубліка на гданьскай карабельні ў 1987-ым годзе.

«Вялікі дэсантны карабель. Велізарная махіна даўжынёй у 120 метраў, галоўная місія якой – перамяшчаць грузавое прызначэнне або высаджваць марскія дэсанты на непадрыхтаваныя ўзбярэжжа. Камплект гэтых караблёў быў засяроджаны перад пачаткам поўнамаштабнага расейскага ўварвання яшчэ ў студзені-лютым 22-га года. І ў прынцыпе гэтыя караблі павінныя былі выканаць місію па высадцы марскога дэсанту на ўзбярэжжа Адэскай вобласці», – патлумачыў вайсковы аглядальнік, экс-спікер Генштабу ЗСУ Уладзіслаў Селязнёў.

Мяркуючы з фотаздымкаў, апублікаваных сэрвісам «DeepState», ад «Новачэркаска» мала што засталося, то бок аднаўленню ён наўрад ці падлягае.

Выбухі ў Феадосіі, у выніку якіх быў падбіты расейскі карабель. Крыніца: Times of Ukraine / Telegram

«Часткова пашкоджана партовая інфраструктура, і зараз яшчэ правяраецца інфармацыя ў частцы знішчэння буксіра. Марскога буксіра, які стаяў ля прычальнай сценкі побач з гэтым самым вялікім дэсантным караблём», – кажа Уладзіслаў Селязнёў.

Паспяховасць аперацыі для знішчэння стратэгічна важнага дэсантнага карабля можа сведчыць пра непрацаздольнасць расейскай паветранай абароны.

«Супрацьпаветраная абарона ў расейцаў ніякая, калі можна так сказаць. У іх базавая станцыя – гэта С-400. Але гэта, як аказалася, добра пафарбаваная С-300. Таму яна выкрываецца. Цяпер наша авіяцыя супрацьпаветраную абарону расейцаў лузгае як семечкі. Ужо знайшлі гэтыя механізмы. Яны нічога супрацьпаставіць не змогуць», – кажа палкоўнік запасу ЗСУ Раман Світан.

«Новачэркаск» – далёка не адзіны карабель Вайскова-марскога флоту Расеі, знішчаны Збройнымі Сіламі Украіны. За час поўнамаштабнай вайны ўкраінскія сілы абароны патапілі або вывелі цалкам з ладу прынамсі адну субмарыну – «Растоў-на-Доне» – і 23 вайсковыя караблі. Сярод іх – фрэгат «Адмірал Эсэн», вялікі дэсантны карабель «Менск» і флагман Чарнаморскага флоту Расеі – ракетны крэйсер «Масква».

«Белсат»