Вырак журналісту Сяргею Сацуку: 8 гадоў калоніі


Усё нібыта паводле сцэнара. Днямі пракурор запатрабаваў для вядомага журналіста Сяргея Сацука 8 гадоў калоніі. Сёння дакладна такі вырак агучыла гэтак званая суддзя Менскага гарадскога суда Святлана Бандарэнка.

«Ён вельмі небяспечны быў для рэжыму, тым, што гаварыў праўду. Ён сваймі прынцыпамі не паступіўся. Я ўпэўненая, што нават цяпер, за кратамі, ён прытрымліваецца сваіх прынцыпаў», – кажа журналістка Беларускага расследавальніцкага Цэнтру Ксенія Вязнікоўцава.

Журналіста-расследавальніка Сяргея Сацука рэжым Лукашэнкі першапачаткова вінаваціў у атрыманні хабару. Яго затрымалі ў сакавіку 2020-га года. Тады ў Сяргея ўдома і ў рэдакцыі «Ежедневника» адбыліся ператрусы.

«Найперш выходзіць сюжэт на беларускім тэлебачанні пра нібыта хабар, які атрымаў Сяргей, а потым, у разгар каронавірусу ў 2020-м, калі Сяргей выходзіць з чарговым матэрыялам, дзе ставіць пад сумневы афіцыйную статыстыку Міністэрства аховы здароўя, праз два дні яго арыштоўваюць і змяшчаюць у следчы ізалятар», – узгадвае намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі.

Hавiны
Карупцыянеры, «інсайды», пагрозы. Усё, што вядома пра справу Сяргея Сацука
2020.03.26 17:27

Неўзабаве генеральны пракурор адмяняе пастанову аб узяцці Сацука пад варту, яго адпусцілі, узяўшы падпіску аб яўцы. Але паўторна затрымалі летась у снежні. Да хабару дадалі абвінавачанне ў перавышэнні службовых паўнамоцтваў і ўжо традыцыйнае распальванне варожасці.

Сяргей Сацук расследаваў карупцыю ў шэрагах чыноўнікаў. Пытанне на гэтую тэму ў 2015-ым годзе журналіст задаў Аляксандру Лукашэнку падчас прэс-канферэнцыі:

«У мяне апошнія 5–7 гадоў склалася дакладнае перакананне, што ў нас вядзецца не сістэмная маштабная барацьба з карупцыяй, а сістэмна ствараюцца ўмовы для карупцыі сярэдняга і вышэйшага ўзроўню».

У 2018-ым годзе Сацук высветліў, што карэйская вакцына «Эўпэнта» не была зарэгістраваная ў Беларусі, аднак Міністэрства аховы здароўя пастаўляла прэпарат у нашую краіну. Да гэтага пасля «Эўпэнты» ў Ганцавічах памерла двухмесячнае дзіця.

Размова
Лекар: Скандал вакол прышчэпкі «Эўпента» можа спарадзіць новую карупцыю
2018.09.18 23:27

«Спачатку ўлады аднекваліся, адбіваліся ад гэтага расследавання, але потым пасля яго пачалася такая вялізная «справа медыкаў», падчас якой выявілася маштабная карупцыя ў сферы аховы здароўя. Калі проста велізарныя хабары плаціліся за тое, каб увозіць лекі ў Беларусь, за тое, каб іх рэгістравалі», – кажа Алесь Ярашэвіч з Беларускага расследавальніцкага Цэнтру.

На думку доктара Станістава Салаўя, Сацук у сваіх расследаваннях зачапіў нават больш глабальную праблему, чымся карупцыя. Гэта праблема недаверу звычайнага чалавека да сістэмы аховы здароўя. Статыстыку хаваюць альбо скажаюць, людзі перастаюць давяраць тым, хто паклІканы клапаціцца пра іхнае здароўе:

«Гэта як хлопчык, які крычаў «воўк!», і яму проста потым не павераць. І гэтыя наступствы мы будзем пажынаць яшчэ вельмі доўга, нават пасля крушэння рэжыму. Нават пасля пабудовы нармальнай краіны. Таму такая праца павінная праходзіць: грамадскі кантроль, журналісцкія расследаванні павінныя быць. І, мяркую, вырак, які ён атрымаў. Гэта па сутнасці расплата за тое, што ён рабіў».

Пасля абвешчання выраку Сяргею Сацуку Беларуская асацыяцыя журналістаў выступіла з заявай, у якой патрабуе адмяніць прысуд і неадкладнага вызваліць Сяргея. А таксама іншых журналістаў, якія за кратамі толькі таму, што сумленна выконвалі сваю працу. Цяпер, паводле БАЖу, рэжым Лукашэнкі ўтрымлівае ў няволі 32 журналістаў.

Hавiны
Рэдакцыя «Ежедневника» – Лукашэнку: Вы публічна абяцалі Сацуку падтрымку
2020.04.01 10:40

Алесь Яшчанка, «Белсат»