Міжнародны дзень барацьбы за поўную ліквідацыю ядравай зброі


Сёння адзначаюць Міжнародны дзень барацьбы за поўную ліквідацыю ядравай зброі. Нягледзячы на міжнародныя дамоўленасці, распаўсюджванне ўзбраення расце. Няспынна паўстаюць новыя выклікі, напрыклад, ядравы шантаж Крамля і Лукашэнкі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў вызначыла ядравае раззбраенне ў якасці адной з галоўных сваіх мэтаў. З таго моманту прайшло 77 гадоў, але і цяпер у свеце застаецца 12 512 адзінак падобнага ўзбраення. Сёння, у Міжнародны дзень барацьбы за поўную ліквідацыю ядравай зброі, генеральны сакратар ААН Антонью Гутэрыш звярнуўся да міжнароднай супольнасці:

«Праз геапалітычны недавер і суперніцтва ядравая рызыка ўзнялася да ўзроўню, якога не было з часоў халоднае вайны. Прагрэс у справе перадухілення выкарыстання, распаўсюду і выпрабавання ядравай зброі зводзіцца на нішто. Дзяржавы, якія валодаюць ядравай зброяй, мусяць падаць прыклад праз выкананне сваіх абавязанняў у раззбраенні і праз абавязанні ніколі і ні пры якіх абставінах не выкарыстоўваць ядравай зброі. Давайце ж супольнымі намаганнямі раз і назаўжды зробім так, каб месца гэтым сродкам разбурэння было толькі ў падручніках гісторыі».

Да так званага ядравага клубу – дзяржаваў, якія ажыццявілі распрацоўванне, вытворчасць і выпрабаванні ядравай зброі, – належаць ЗША, Расея, Вялікая Брытанія, Францыя, Кітай, Індыя, Ізраіль, Пакістан, КНДР. У той жа час шэраг ядравых краінаў не ўдзельнічаюць у Дамове аб нераспаўсюдзе ядравай зброі. Мікалай Сокаў з Венскага цэнтру ў справах раззбраення і нераспаўсюду ўпэўнены, што ліквідацыя ядравай зброі немажлівая:

«Мы жывем ва ўмовах сістэмнага канфлікту, калі гаворка ідзе пра будучыню ўсёй сістэмы міжнародных адносін. І з пункту гледжання пэўнага шэрагу краін, ліквідацыя ядравай зброі адкрые магчымасць для трэцяй сусветнай вайны звычайным узбраеннем».

Сурʼёзным выклікам міжнароднай бяспецы сталі заявы ў Крамлі аб гатовасці ўжыць ядравую зброю. А сёлета ў лютым Расея абвесціла аб прыпыненні ўдзелу ў дамове з ЗША аб узаемным скарачэнні ядравых узбраенняў. Падчас прамовы ў Генеральнай асамблеі ААН 19 верасня прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паставіў пад сумнеў існую міжнародную сістэму прадухілення ядравай пагрозы:

« Паглядзіце, што зрабіла Расея з нашай Запарожскай электрастанцыяй. Яны абстралялі і акупавалі яе, а цяпер шантажуюць усіх радыяцыйнымі ўцечкамі. Ці ёсць сэнс у скарачэнні ядравай зброі, калі Расея ў той жа момант узбройвае атамныя электрастанцыі?»

Сёння расейская ядравая зброя, верагодна, завезеная ў Беларусь. Паводле Яўгена Красуліна, кандыдата гістарычных навук, гэта выключныя выпадкі, калі цяпер, пасля заключэння Дамовы аб нераспаўсюдзе ядравай зброі, размяшчаюць на чужой тэрыторыі гэтую ядравую зброю. Гэта сведчыць у першую чаргу аб тым, што краіна, якая такую зброю размяшчае, жадае выключыць сваю тэрыторыю з мажлівага ядравага канфлікту, і падставіць чужую тэрыторыю.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Ядравая зброя.
Фота: magift.ru

Спецыяліст па ядравым раззбраенні Мікалай Сокаў мяркуе, што ядравая зброя ў Беларусі – ненадоўга:

«У Расеі заўсёды была пэўная палітыка наконт таго, што ядравая зброя павінна захоўвацца на нацыянальнай тэрыторыі. Таму, я думаю, што ў прыватных размовах, асабліва ў размовах з кітайскімі калегамі, пазіцыя Расеі такая, што гэта часовая зʼява».

Яўген Красулін дадае:

«Такое ўражанне, што стратэгічнае мысленне – не самы моцны бок што менскага кіраўніцтва, што маскоўскага. За іх стратэгічна думае Кітай. Кітай ужо прадэманстраваў, недвухсэнсоўна, што ён рэзка супраць прымянення ядравай зброі».

У адказ на сённяшнія новыя выклікі ААН настойвае на выкарыстанні дыпламатыі і перамоваў для ліквідацыі ядравай пагрозы. Гаворачы аб небяспецы знаходжання ядравай зброі ў Беларусі, навуковец Мікалай Сокаў называе змену існага рэжыму на дэмакратычны як адну з асноўных перадумоваў для паслаблення ядравай напружанасці.

Аляксандр Асколаў, «Белсат»