Святлана Ціханоўская просіць не закрываць мяжу беларусам


«Вагнэр» будзе жыць у Беларусі – абяцае Лукашэнка. Калі «Вагнэр» знікне, як арганізаваная структура, то можа і знікнуць і пагроза з такім імем – так мяркуюць у Офісе Святланы Ціханоўскай. Дэмакратычныя сілы Беларусі звярнуліся з афіцыйнымі зваротамі да ўрадаў суседніх краінаў з просьбай не зачыняць мяжу для пасажырскіх перавозак.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Аб’яднаны пераходны кабінет даслаў лісты ва ўрады Літвы, Латвіі і Польшчы са сваёй пазіцыяй і рэкамендацыямі ў справе магчымага закрыцця памежных пераходаў. Пра гэта «Белсату» паведаміў Франак Вячорка.

«Адбыліся кансультацыі з урадам і парламентам Літвы. Павел Паўлавіч Латушка працуе з урадам Польшчы. Яны ведаюць нашую пазіцыю, што трэба ізаляваць рэжым. Што калі ўводзіць абмежаванні, то гэта мусяць быць гандлёвае эмбарга і забарона на транзіт праз Беларусь, але не абмежаванне для пасажырскіх перавозак», – заявіў старэйшы дарадца Святланы Ціханоўскай.

Бо калі зачыніць межы Еўразвязу для беларускіх грамадзянаў, то пацярпяць перадусім праціўнікі Лукашэнкі, а не ягоныя прыхільнікі. Цяпер жа смерць кіраўнікоў Групы Вагнэра – Яўгенія Прыгожына і Дзмітрыя Уткіна – змяняе і пытанне рызыкаў для нашых суседзяў, і неабходнасць закрыцця мяжы, заявіў Франак Вячорка:

«Вельмі верагодна, што Вагнэр у бліжэйшыя некалькі тыдняў растворыцца, і ўвогуле не будзе ўяўляць з сябе адну цэльную сілу. Так, магчыма, Лукашэнка паспрабуе інтэграваць яго ў свае сілавыя структуры, але тая пагроза, пра якую казалі нашыя партнёры, ад Вагнэра, як баявой адзінкі, можа быць нівеляваная ў бліжэйшы час».

Такое меркаванне вельмі распаўсюджанае і ў экспертных колах.

«Мяркую, што Групе Вагнэра канец. Расейскія ўлады вырашылі яе знішчыць. Яны паспрабуюць стварыць яшчэ адну групу наймітаў пад больш непасрэдным урадавым кантролем. Бо яны ўсё яшчэ хочуць апераваць у Афрыцы і на Блізкім Усходзе, ім усё яшчэ трэба крывавыя алмазы», – тлумачыць экс-амбасадар ЗША ў NATO Керт Волкер, які цяпер прадстаўляе Цэнтр аналізу еўрапейскай палітыкі (CEPA).

Краіны-суседзі пакуль ставяцца вельмі асцярожна да вагнэраўцаў – узброеных наймітаў і ваенных злачынцаў, што размяшчаюцца ў Беларусі. Бо Прыгожын знік, а пагрозы – яшчэ не.

«Адбываюцца беларуска-расейскія вучэнні. Іх мэта – відавочна, дэстабілізацыя. Таксама пакуль цяжка сказаць, у якой ступені рэалізаванае размяшчэнне ядравай зброі ў Беларусі, але з гэтай перспектывы частковая прысутнасць Групы Вагнэра ў Беларусі няшмат тут уплывала, і, падобна, няшмат зменіць факт яе вываду ў Расею», – заявіў міністр замежных справаў Польшчы Збігнеў Раў.

У панядзелак у Варшаве адбудзецца адмысловае паседжанне міністраў унутраных справаў Польшчы, Літвы і Латвіі ў справе супольнага механізму поўнага закрыцця межаў з Беларуссю – калі спатрэбіцца. «Белсат» распавядзе пра вынікі паседжання.

Тым часам у Менску Аляксандр Лукашэнка разам з прапагандыстамі ўжо смяецца са смерці Яўгенія Прыгожына.

«Чалавек толькі з фронту: «Чорт з ім, загіну!» Я яму кажу: «Жэня, я табе зараз вышлю вяроўку і кавалак мыла» – «Не, не, не. Я так не хачу. Я героем загіну», – так Лукашэнка адказаў на пытанне, ці гарантаваў ён бяспеку Яўгенію Прыгожыну ў чэрвені, калі пераконваў яго не звяргаць Уладзіміра Пуціна.

«Я і не мусіў запэўніваць бяспекі Прыгожына. Па-другое, ніколі ў такім ключы размова і не ішла», – заявіў Лукашэнка ў пятніцу, наведваючы БДУ.

Зусім інакш Лукашэнка распавядаў пра сваю ролю ў перамовах, выступаючы ў сваім палацы перад генераламі сілавых структураў.

«Ён мне патэлефанаваў і кажа: «Аляксандр Рыгоравіч, я прымаю ўсе вашыя ўмовы. Але што мне рабіць? Калі спынімся, яны [авіяцыя Пуціна] нас пачнуць мачыць». Я кажу: «Не пачнуць. Я табе гарантую. Гэта я бяру на сябе»… Я сказаў Прыгожыну: «Гэта – гарантыя. Ажно да таго, што я выведу цябе ў Беларусь і гарантую табе поўную бяспеку. І тваім хлопцам», – такую версію Лукашэнка агучыў 27-га чэрвеня пасля ўручэння генеральскіх пагонаў сваім сілавікам.

Удар па самалёту Прыгожына ў расейскай паветранай прасторы не быў узгоднены з Лукашэнкам, яго ніхто не пытаў, мяркуе палітолаг Аляксандр Казак.

«Давер да Лукашэнкі, як да перамоўцы ці голуба міру падае да нуля. Аграменны страх будзе знаходзіцца ў расейскай паветранай прасторы якім-кольвек палітыкам, актывістам ці ўплывовым асобам, таксама бізнесоўцам», – пералічвае наступствы спецыяліст у нацыянальнай бяспецы.

«Я не магу сказаць, хто гэта зрабіў. Я не стану адвакатам у свайго старэйшага брата і г.д. Але я ведаю Пуціна… Гэта не падобна на Пуціна», – у пятніцу пераконваў сваіх прапагандыстаў Лукашэнка.

Самалёт Яўгенія Прыгожына ўпаў у Цвярской вобласці Расеі. Відавочцы катастрофы бачылі інверсійны след, падобны на след зенітнай ракеты, і чулі гукі выбухаў у паветры. Аднак Следчы камітэт Расеі распачаў крымінальную справу аб парушэнні правілаў эксплуатацыі паветранага транспарту.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»