Латвія б'е рэкорды на чэмпіянаце свету па хакеі


Хакейная зборная Латвіі дамаглася гістарычнага дасягнення. Упершыню яна выйшла ў паўфінал чэмпіянату свету. У чвэрцьфінале на сваім лёдзе хакеісты Латвіі перамаглі шведаў з лікам тры – адзін.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Сёння я спецыяльна ўзяў выходны, бо верыў, што адбудзецца цуд – кажа латышскі хакейны заўзятар. – Я ў іх верыў і буду верыць! Яшчэ дзве гульні, і я хачу сказаць, што мне дваццаць чатыры гады, і я аддаў бы ўсё, каб адчуць гэта яшчэ раз!»

Іншыя аматары хакею таксама не стрымліваюць эмоцыяў:

«Пасля першых дзвюх паразаў здавалася, што чэмпіянат для нас скончаны».

«Я прыйшоў паглядзець, як каманда выйдзе ў паўфінал, і мы гэта зрабілі! Цяпер у Фінляндыю!»

Шалёнае падтрыманне гледачоў называюць адным з галоўных чыннікаў поспеху зборнай Латвіі. Другі чыннік – руплівая праца трэнераў.

«Трэнеры здолелі згуртаваць адзіны калектыў. Ён абыгрывае супернікаў не індывідуальна, а менавіта як адзіная каманда», – кажа хакейны журналіст з Латвіі Яніс Стэпітыс.

За поспехамі і паразамі Латвіі сочаць і ў беларускім хакеі. Апошнім часам зборныя паказвалі падобныя вынікі на сусветных спаборніцтвах (нашыя суседзі былі крыху лепшымі). Аднак цяпер нацыянальная каманда Беларусі трапіла пад санкцыі, у той час як Латвія бʼе рэкорды.

Чэмпіянат свету па хакеі з шайбай 2023 , чвэрцьфінал, Швецыя – Латвія. 25 мая 2023 г.
Фота: ІНТЦ КАЛНІНС / Reuters / Forum

«Чаму параўноўваюць гэтыя зборныя? Беларусь і Латвія дастаткова невялікія краіны. Прыкладна падобная колькасць тых, хто гуляе ў хакей ды ўсяго астатняга. Але бачыце, на доўгай дыстанцыі зборная Латвіі паказвае больш стабільны вынік, чым зборная Беларусі», – разважае былы дырэктар «Лакаматыву» з Воршы Яўген Мазура.

Нягледзячы на вялікую колькасць новых лядовых арэнаў і спартовых школах пры іх, Беларусь паслядоўна ідзе шляхам натуралізацыі хакеістаў. Некалькі гадоў таму быў папулярны паўночнаамерыканскі вектар – у нашай зборнай гулялі Кевін Лэйланд, Джэф Плат, Нік Бэйлен. Цяпер вядуцца размовы пра расейцаў. Латвія ж рушыць у іншым кірунку.

«У Латвіі не прынята натуралізоўваць гульцоў з іншых краін ні ў адным відзе спорту – гуляюць толькі мясцовыя хлопцы або дзяўчаты, – кажа Яніс Стэпітыс. – Я думаю, заўзятары б такое не прынялі нават дзеля таго, каб узмацніць зборную. Зборная – гэта гонар краіны, і там павінны гуляць прадстаўнікі сваёй краіны».

Былы генеральны дырэктар аршанскага «Лакаматыву» Яўген Мазура звяртае ўвагу на розніцу ў кадравай палітыцы менскага і рыжскага «Дынама» у Кантынентальнай хакейнай лізе (латвійскі клуб гуляў там да пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны).

«Калі латышы ігралі ў КХЛ, яны выкарыстоўвалі гэта для падрыхтоўкі гульцоў. Тое, пра што гавораць, але не робяць у менскім “Дынама”, што з дапамогаю КХЛ мы мусім рыхтаваць зборную. Фактычна ж там гуляе па 15 канадцаў. У нас проста праглядаюць гульцоў і прапануюць ім пашпарты», – кажа Яўген Мазура.

Трэнер Уладзімір Крыкуноў, аўтар алімпійскага цуду на лёдзе ў Солт-Лэйк-Сіці са зборнаю Беларусі, бачыць розніцу ў падыходзе да трэнавальнага працэсу на ўзроўні хакейных школаў. На ягоную думку, у Латвіі працэс больш прафесійны. Спецыяліст звяртае ўвагу і яшчэ на адзін важны момант:

«Традыцыі ў хакеі ў Латвіі. Калі толькі зараджаўся хакей, у СССР прыязджалі гэтыя хлопцы з Латвіі і вучылі расейцаў гуляць у хакей. Таму там хакейная гісторыя даволі вялікая».

А пакуль Латвія святкуе. Хакейныя ж заўзятары збіраюць рэчы і купляюць квіткі ў фінскі Тампэрэ. Там пройдзе паўфінальная гульня сусветнага пяршынства Латвія – Канада.

Ян Федаровіч, «Белсат»