Што адбывалася ў першыя дні пасля чарнобыльскай аварыі?


Ноч на 26-га красавіка 1986 года. Чацвёрты энергаблок Чарнобыльскай АЭС. Магутны выбух. Аварыя стала найвялікшай тэхнагеннай катастрофай у гісторыі чалавецтва. Здарылася гэта зусім побач з Беларуссю, тады яшчэ БССР. Акурат у той бок, на паўночны захад, вецер панёс радыеактыўнае воблака. На гэтую тэрыторыю выпала 70 % усяго забруджвання.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Чарнобыль – гэта не толькі страшная тэхналагічная катастрофа. Гэта праўда. Але ж ёсць вялікае злачынства, якое ўчыніла камуністычная партыя. Гэта тая хлусня, якую яны казалі пра Чарнобыль. Менавіта гэтай хлуснёй яны шмат людзей забілі», – заявіў лідар руху салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык.

Ратаваць насельніцтва не спяшаліся. Савецкія ўлады ў першыя дні замоўчвалі праўду аб маштабах катастрофы. На поўную моц працавала прапаганда. Замест эвакуацыі – насельніцтва рыхтавалі да першамайскіх дэманстрацыяў.

«Так нельга было рабіць, але яны ўсё роўна хлусілі. Праводзілі гэтыя футбольныя матчы паміж Хойнікамі і Брагінам, праводзілі суботнік», – узгадвае Вячаслаў Сіўчык.

Адсяленне людзей з небяспечных тэрыторыяў пачалося пазней, калі ўтойваць маштабы катастрофы зрабілася немагчыма. На самой станцыі з першых гадзінаў пасля выбуху трывала ліквідацыя наступстваў. Колькасць ахвяраў сярод ліквідатараў магла быць меншай, калі б не памылковыя рашэнні адказных асобаў.

Чарнобыльская АЭС. Помнік тым, хто абараняў свет ад ядравай катастрофы. Кіеўская вобласць, поўнач Украіны. 28 красавіка 2022 г.
Фота: Hennadii MinchenkoUkrinform / ddp images / Forum

«Вырашылі закідаць рэактар свінцом. Ён павінен быў расплавіцца ды ўтварыць корак. Але гэта не спрацавала – свінец выпарваўся не далятаючы да актыўнай зоны рэактара. Праз гэта мы атрымалі ахвяры сярод верталётчыкаў», – заявіў расейскі фізік-ядравік Андрэй Ажароўскі.

Сярод слушных рашэнняў – стварэнне саркафагу над разбураным рэактарам. Яго пабудову скончылі да зімы 1986 года.

«Калі б пашкоджаны рэактар працягваў залівацца дажджамі, то вымыванне радыенуклідаў было б вельмі сур’ёзным», – лічыць расейскі фізік-ядравік Андрэй Ажароўскі.

У першыя гады незалежнасці апазіцыя БНФ у Вярхоўным Савеце намагалася даць прававую ацэнку дзейнасці тагачаснага кіраўніцтва БССР. Стварылі адмысловую камісію. Але камуністычная большасць у парламенце спыніла яе працу. Гэтае рашэнне вітаў і дэпутат Лукашэнка, які выступаў супраць «судзілішча над людзьмі».

Андрэй Сульжыц, «Белсат»