У Лідскі раён завезлі адзёр


Адзёр у Лідскім раёне. Лабараторна дыягназ пацвердзілі ў аднаго чалавека, яшчэ пятнаццаць з падазрэннем на хваробу застаюцца ў раённым шпіталі, паведамілі ва ўпраўленні здароўя Гарадзеншчыны. Напярэдадні ж мясцовае тэлебачанне падало зусім іншыя лічбы: «У Лідскім раёне зарэгістравана шэсць выпадкаў захворвання на адзёр. Інфекцыю дыягнаставалі ў дарослых ва ўзросце ад 22 да 43 гадоў».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Паводле гарадзенскіх чыноўнікаў, адзёр у Лідскі раён прывезлі з суседняй вобласці. З якой менавіта, не ўдакладняюць. Летась у снежні Міністэрства аховы здароўя паведамляла, што адзёр у асноўным распаўсюджаны на Берасцейшчыне, Гомельшчыне, Меншчыне ды ў сталіцы. Агулам за 2023-ці год у Беларусі зарэгістравалі 160 выпадкаў гэтага захворвання.

Першымі сімптомамі адзёр нагадвае звычайную прастуду. Павышаецца тэмпература, з’яўляюцца насмарк і кашаль, вочы чырванеюць, цякуць слёзы. Галоўная прыкмета – сып, які зʼяўляецца на 4-5-ты дзень і распаўсюджваецца з галавы і шыі на тулава і канцавіны.

Адзёр – вельмі заразная хвароба. Да таго ж амаль у 40 адсотках выпадкаў дае ўскладненні, якія могуць зʼявіцца нават праз 10 гадоў.

«Адзёр у 21 стагоддзі не з’яўляецца той інфекцыяй, на якую варта махаць рукою. Гэта вельмі важна. І важна памятаць, што адзёр з’яўляецца адной з тых інфекцыяў, ад якой у цяперашні час у свеце не распрацавана процівірусная тэрапія», – патлумачыў загадчык кафедры інфекцыйных захворванняў Беларускага дзяржаўнага медычнага ўніверсітэту Ігар Карпаў.

Каб абараніць сябе ад адру, медыкі заклікаюць вакцынавацца. З усіх захварэлых на адзёр у Беларусі летась 75 адсоткаў не былі прышчэпленыя. Адмысловыя прышчэпкі ў нашай краіне робяць двойчы: у год і ў шэсць гадоў. У сталым веку таксама варта прайсці вакцынацыю – тым, хто не быў прышчэплены ў дзяцінстве або не хварэў на адзёр.

«А калі ж мы не вакцынуем? Калі ёсць проціпаказанні да вакцынацыі. У першую чаргу, гэта калі прызначана вакцынацыя і ў той дзень дзіця або дарослы чалавек хварэюць. У яго – рэспіраторная інфекцыя: павышэнне тэмпературы, слабасць, недамаганне», – адзначыў загадчык кафедры інфекцыйных хваробаў Нацыянальнага ўніверсітэту аховы здароўя імя Шупіка ва Украіне Аляксандр Дуда.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Сып у хворага на адзёр.
Фота: auroramedicalcentre.com.au

Чарговы раз важнасць вакцынацыі падкрэсліла Сусветная арганізацыя здароўя. Паводле экспертаў, падчас пандэміі каронавіруса ў Еўропе ўсё менш дзяцей атрымлівалі адмысловыя прышчэпкі. Як вынік – «трывожны рост колькасці захворванняў у рэгіёне». Прынамсі калі ў 2022-ім годзе зарэгістравалі 941 выпадак, то летась – ужо больш за 42 тысячы.

«Што тычыцца нашай краіны, то ў перыяд пандэміі каронавіруса ў нас Нацыянальны каляндар выконваўся ў поўным аб’ёме. Дасягаліся ўсе ахопы прафілактычнымі прышчэпкамі, якія нам рэкамендавалі. У сувязі з гэтым адзёр такога шырокага распаўсюду не атрымаў», – заявіў загадчык аддзялення імунапрафілактыкі Рэспубліканскага цэнтру гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Кірыл Ігнатаў.

Адносна далейшага развіцця сітуацыі з адром у Еўропе прагнозы Сусветнай арганізацыі здароўя пакуль не аптымістычныя. Паводле экспертаў, колькасць захворванняў працягне расці, калі не зрабіць тэрміновых захадаў.

Ірына Юрʼева, «Белсат»