25 гадоў Аляксандра Лукашэнкі: паказуха, пустыя абяцанні ды беларусы, што перасталі ўсміхацца


25 гадоў кіравання. І чвэрць стагоддзя паніжэння грамадскае самасвядомасці ды пустых абяцанак. А, можа, наадварот – захаванне стабільнасці і парадку ў грамадстве ды абарона суверэнітэту ва ўмовах ціску? Чым для грамадства запомніцца чвэрць стагоддзя пры Лукашэнку, ды чаму мы ўсё менш усміхаемся? Распавядзе Сцяпан Святлоў.

«Справа не ў тым, каб камусьці абмежаваць свабоду меркаванняў, гэта не са мною», – казаў калісьці Лукашэнка.

Але ж менавіта знікненнем апанентаў ды ціскам на грамадзянскую супольнасць, актывістаў, блогераў, незалежных журналістаў ды простых людзей запомняцца гэтыя два з паловаю дзесяцігоддзя беларускай стабільнасці.

«А дадаць нашую бяздзейнасць і недысцыплінаванасць, то ў нас увогуле ніякай дыктатуры, а поўная дэмакратыя, якой у ніводнай краіне свету няма», – расшчодрыўся калісьці Лукашэнка на шчырасць.

Няма ў Беларусі і вайны, пра што вельмі часта любяць нагадваць нам рупары дзяржаўных медыяў. Адкуль жа тады ўзялася тая «усеагульная млявасць ды абыякавасць да жыцця» – не кажуць. Вядомы мастак Алесь Марачкін канстатуе адсутнасць у айчыннай моладзі перспектываў ды называе пакаленне, што вырасла пры Лукашэнку, страчаным:

«Тут жа вось такія ватнікі, якога я намаляваў, будуць гаварыць: а што вы хочаце? Вы хочаце, каб было, як ва Украіне, так? У нас усё стабільна, усё добра. Маніпулююць свядомасцю людзей нашыя ўлады».

Але ж адкуль тае свядомасці ўзяцца, калі нацыянальна-арыентаваная палітыка ўладаў – гэта чырвона-зялёны сцяжок на мітынгу БРСМ, а больш за 86 % дзяцей навучаюцца па-расейску, бо… «люди, которые говорят на белорусском языке, не могут ничего делать, кроме как разговаривать на нем, потому что по-белорусски нельзя выразить ничего великого».

А таму і ўсе свае «вялікія» заявы гісторык Лукашэнка рабіў на «великом и могучем»: пра Скарыну, які жыў у Піцеры, пра Быкава, які пісаў вершы, ды пра Гітлера, з якім «не ўсё толькі кепскае было звязанае». Заявы смешныя. Аднак усмешак на тварах беларусаў – усё менш.

«Дарэчы, нядаўна пра гэта думала, чаму ўсе такія хмарныя і няшчасныя».

«Людзі сталі больш злыя. Куды ні зайдзі – у краму, на пошту. Куды ні зайдзі – паўсюль людзі злыя, кожны хоча жыць толькі для сябе».

«Злейшыя сталі, напэўна, больш зайздросныя».

«Я думаю, што ў першую чаргу праз тое, што ў людзей шмат праблемаў – стрэсавая сітуацыя. І цяпер усе людзі жывуць у стрэсе», – распавядаюць жыхары Бабруйску.

А цешыцца сапраўды няма чаму: нізкі ўзровень жыцця, адток насельніцтва – за гэтыя 25 гадоў беларусаў стала на 750 тысячаў менш, – рэкордныя месцы ў рэйтынгах па суіцыдах ды алкагалізацыі насельніцтва. Але ж бадай галоўнае – адсутнасць выбару.

«Апошнія выбары мы сфальсіфікавалі», – прызнаваўся Лукашэнка ў 2006-м. Сталы падман, пустыя абяцанкі ды хлусня. Гэтак характарызуе апошнія 25 гадоў Лукашэнкі ва ўладзе вядомы рэжысёр Юры Хашчавацкі, які ў сваіх фільмах разбіраў псіхалогію кіраўніка краіны.

«Горш за ўсё тое, што мы, я маю на ўвазе грамадства, прывучыліся да хлусні. Прывучыліся да хлусні ды прывучыліся да ігнаравання ды грэбавання асноўнымі вартасцямі, скажам так, цывілізаванымі».

А таму і меркавання людзей ужо даўно ніхто не пытаецца: апошні «рэферэндум» прайшоў у 2004-м. Ды і таго – пра пажыццёвае кіраванне Лукашэнкі – цывілізаваны свет не прызнаў. З тае пары ў народу больш нічога не пыталіся: ці патрэбныя нам дзясяткі лядовых палацаў, Нацыянальная бібліятэка, Еўрапейскія гульні або АЭС за 10 мільярдаў долараў у крэдыт пры велізарным дзярждоўгу.

Сам жа Лукашэнка адлічвае незалежнасць ад свайго прыходу да ўлады:

«За чвэрць стагоддзя сваёй незалежнасці ва ўмовах магутнага палітычнага, інфармацыйнага, эканамічнага ціску (памятаеце, зусім нядаўна было) нам удалося абараніць суверэнітэт, захаваць мір ды парадак у краіне».

Суверэнітэт захавалі, а таму цяпер «імкліва прасоўваемся» у пабудове Саюзнай дзяржавы.

Сцяпан Святлоў, belsat.eu

Фота: Reuters Photographer / Reuters / Forum

Аб’ектыў
Чвэрць стагоддзя ва ўладзе. Што прынесла нам і нашай краіне эпоха Лукашэнкі?
2019.07.10 21:58