64 гадзіны, каб прайсці мяжу


На памежных пераходах Еўрапейскага Звязу і Беларусі – транспартавы калапс. Людзі чакаюць заезду ў нашую краіну некалькі содняў. Стомленыя і змардаваныя, яны не знаходзяць нічога іншага, як выказаць сваё незадавальненне гучным гудком.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Чэргі на межах пачалі з’яўляцца яшчэ мінулым чацвяргом. Цяпер жа сітуацыя пагаршаецца. Гэтак, на адзіным польскім пункце пераходу «Тэрэспаль –Берасце» ланцужок з аўтаў расцягнуўся на 12 кіламетраў. Не абыходзіцца без канфліктаў, выкліканых спробамі абʼехаць чаргу ды ўклініцца бліжэй да прапускнога пункту. Часам усё сканчаецца бойкаю.

Каб у такой цяжкой сітуацыі хоць неяк падтрымліваць парадак, людзі спрабуюць самаарганізавацца ў дружыны. Ды, дапамагчы адно аднаму, спяць па чарзе, частуюцца гарбатай і гарачай ежай.

Для атрымання аператыўнай інфармацыі наконт сітуацыі на памежжы людзі стварылі адмысловыя чаты, у якіх дзеляцца актуальнымі звесткамі.

З просьбаю залагодзіць праблему з чэргамі беларусы звярнуліся ў тым ліку і да кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўла Латушкі. Той неадкладна звязаўся са службамі паліцыі ў Тэрэспалі, Белай Падляскай ды Любліне.

«Ад іх я атрымаў запэўненне, што калі будзе неабходная пільная дапамога грамадзянам Беларусі, якія чакаюць выезду з тэрыторыі Польшчы на тэрыторыю Беларусі, яны могуць звяртацца да супрацоўнікаў паліцыі. Яны сказалі, што павялічаць таксама дзяжурствы аўтамабіляў паліцыі, якія патрулююць і пільнуюць бяспеку руху падчас чакання на мяжы», – кажа Павел Латушка.

Чарга на польска-беларускай мяжы.
Фота: t.me/myfin_news

Даводзіцца чакаць выезду беларусам і на мяжы з Літвою. Гэтак, у Мядзінінкаі чарга легкавых аўтаў расцягнулася больш чым на чатыры кіламетры.

Кіроўцам даводзіцца прастойваць больш за 30 гадзінаў.

«Стаю я тут ужо вось другія содні пайшлі. Спадзяюся, можа сёння я прайду мяжу. Праблема толькі схадзіць у прыбіральню. Ну, і харчаванне. Вось тут ёсць запраўка. Вельмі зручна. Тут можна купіць што-небудзь паесці, перакусіць. Туалет, на жаль, не працуе на запраўцы. Ну, а ў сваёй машыне толькі рухавік заводзіць, каб не мерзнуць. І ўсё. А так нармальна. Проста не першы раз ужо. Але такога яшчэ не было ніколі», – распавёў нам чалавек, які стаіць у чарзе на літоўска-беларускай мяжы.

У Службе аховы дзяржаўнай мяжы Літвы нам патлумачылі галоўную прычыну вялікіх чэргаў:

«Цяпер святы, Раство і Новы год. Беларусы хочуць прыехаць дадому. Ім даводзіцца чакаць, бо ў чарзе стаяць не толькі легкавыя машыны, але і трэйлеры. Шмат асобаў хочуць праехаць мяжу з Беларуссю – гэта галоўная прычына».

Беларускія памежнікі таксама называюць прычынаю і павелічэнне патоку перад святамі:

«Вы не першы. Шмат хто тэлефануе, пытаецца. Ну, вялікая плынь людзей едзе. За кошт вось гэтай плыні мытная служба наша не можа разарвацца. Яна не выканае звышнормаў. Яны і так звыш сваіх магчымасцяў працуюць. Узмацніліся нават. Там людзей больш, чым звычайна».

Як выйсце, просяць устрымацца ад пераезду мяжы на ўласным аўце. І аддаць перавагу рэйсавым аўтобусам, якія ў сярэднім трацяць на памежным пункце да дзевяці гадзінаў.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»