Выбары ў палаты і саветы як палітычны рытуал


Адзіны дзень галасавання беларусы могуць адзначыць пустымі выбарчымі ўчасткамі. Так кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення пракаментаваў нам набліжэнне 25-га лютага, на якое чыноўнікі Лукашэнкі прызначылі выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і мясцовых саветаў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Якое б галасаванне ні адбылося, яно будзе сфальсіфікаванае. Не будуць падлічаныя галасы. Да той пары, пакуль Лукашэнка знаходзіцца пры ўладзе, выбары ў Беларусі немагчымыя. Лукашэнка і выбары гэта два несумяшчальных слова», – падкрэсліў у інтэрв‘ю «Белсату» Павел Латушка, намеснік кіраўніцы Аб‘яднанага пераходнага кабінету.

Напярэдадні Святлана Ціханоўская заклікала байкатаваць гэтае галасаванне, назваўшы яго «Бязвыбары».

«Падрыхтоўка да гэтага дня больш нагадвае вайсковую аперацыю. Імёны ў выбарчых камісіях засакрэцілі, а на ўчасткі збіраюцца паставіць міліцыю і ваенных… Каб усё прайшло стэрыльна і ціха, рэжым ліквідаваў усе апазіцыйныя партыі, а іх лідараў кінуў у турмы. Любая палітычная актыўнасць крыміналізаваная», – нагадала ў сваім звароце абраная прэзідэнтка Беларусі.

У папярэднія гады дэмакратычная апазіцыя час ад часу ладзіла актыўны байкот – карысталася электаральнымі кампаніямі для ўзняцця сацыяльных і палітычных праблемаў і далучэння новых людзей да палітычнай актыўнасці. Але апазіцыйныя кандыдаты здымаліся з выбарчай кампаніі перад самым галасаваннем. Праўда, беларусаў яшчэ не саджалі ў турму за бел-чырвона-белы сцяжок удома.

«Няма добрага сцэнару, які б можна было выкарыстаць дзеля нейкіх сваіх мэтаў падчас гэтай выбарчай кампаніі. Нават тыя магчымасці, якія былі раней да 2020 года, якія апазіцыя выкарыстоўвала, іх няма», – мяркуе палітычны аглядальнік радыё «Свабода» Валер Карбалевіч.

Пры гэтым значную частку людзей, асабліва бюджэтнікаў, чыноўнікі Лукашэнкі будуць прымушаць ісці галасаваць, у тым ліку датэрмінова, мяркуе Валер Карбалевіч:

«Паводле заканадаўства, сёння выбары адбываюцца незалежна ад таго, колькі людзей прыйдзе на ўчастак. Парогу яўкі цяпер няма».

Як пройдзе той Адзіны дзень галасавання, ужо распавёў кіраўнік Цэнтрвыбаркаму. Склад выбарчых камісіяў будзе засакрэчаны, за вынас бюлетэня ці яго фатаграфію – штраф у паўтысячы рублёў, а рабіць ацэнку празрыстасці будуць назіральнікі ад СНД. Меркаванні АБСЕ ды іншых заходніх арганізацыяў будзе ігнаравацца, даў зразумець Ігар Карпенка.

«БДІПЧ АБСЕ свае справаздачы аб выбарах у Беларусі цягам апошніх 20 гадоў выказвае ў палітызаваных негатыўных танах. Адсюль і падвойныя стандарты ў назіранні за электаральнымі кампаніямі», – заявіў старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лукашэнкі ў адмысловым праграмным артыкуле ў дзяржСМІ.

Таксама ўпершыню ў гісторыі грамадзяне Беларусі не змогуць прагаласаваць за мяжой. У амбасадах проста не будзе выбарчых участкаў.

«Паводле звестак МЗС, 1,5 млн беларусаў жыло за мяжой яшчэ да 2020 г. Цяпер, паводле звестак АБСЕ, у нас з’ехала 200-500 тыс. Лічба беларусаў за мяжой можа дасягаць 2 млн. І ўсіх гэтых людзей пазбаўляюць выбарчага права», – звяртае ўвагу юрыст Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Міхаіл Кірылюк.

«Пазбаўленне выбарчага права зʼяўляецца падставай, каб дамагацца непрызнання гэтых выбараў», – нагадвае намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Павел Латушка.

На выбары ў Палату прадстаўнікоў пойдуць усяго 4 палітычныя партыі, і ўсе яны афіцыйна падтрымліваюць Аляксандра Лукашэнку. Усе іншыя партыі ў Беларусі ліквідаваныя.

Яраслаў Сцешык, «Белсат».