Скампенсаваць шкоду ад рэжыму Лукашэнкі


Правесці амністыю палітычных, вярнуць пацярпелым ад рэпрэсіяў добрае імя і права на прафесію, кампенсаваць шкоду ад дзеянняў падначаленых Лукашэнкі. Офіс Святланы Ціханоўскай разам з праваабаронцамі, юрыстамі і недзяржаўнымі арганізацыямі распрацаваў праект Канцэпцыі кампенсацыі шкоды рэпрэсаваным. Галоўная мэта – аднавіць справядлівасць. Чаму гэта важна цяпер?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Беларусь – сярод лідараў у свеце. Па колькасці палітвязняў на тысячу асобаў, па жорсткасці рэпрэсіяў, па маштабах уцёкаў насельніцтва ад беззаконня і садызму людзей у пагонах. І апроч сістэмнай працы па разбурэнню дыктатуры, дэмакратычныя сілы вядуць працу на будучыню, рыхтуюць план дзеянняў, каб найхутчэй вызваліць палітвязняў і тых, хто з розных прычынаў не атрымаў такога статусу.

«Ёсць цэлы спіс артыкулаў Крымінальнага кодэксу. І з аналізу звестак, што ёсць на сайце “Вясны” і іншых праваабарончых арганізацыяў, зразумела, што паводле такіх артыкулаў ёсць палітычны пераслед», – нагадвае Крысціна Рыхтэр, дарадца Святланы Ціханоўскай у прававых пытаннях.

Офіс Святланы Ціханоўскай прэзентаваў праект Канцэпцыі кампенсацыі шкоды рэпрэсаваным – дакумент, які спатрэбіцца адразу пасля падзення рэжыму Лукашэнкі.

Гэта загатоўка нарматыўнага акту для будучага сапраўднага парламенту. Працу над ім яшчэ 2 гады таму распачаў юрыст Сяргей Зікрацкі.

«На жаль, колькасць тых, хто фактычна пераследаваўся па палітычных матывах значна большая, чым тыя, хто быў прызнаны палітвязнем. Таму мы паспрабавалі вынайсці такі механізм, які дазволіць вызваліць ад адказнасці не толькі тых, хто з’яўляецца палітвязнямі, але і значна большае кола людзей», – распавядаў «Белсату» ў 2021-м Сяргей Зікрацкі, тады – прадстаўнік Святланы Ціханоўскай у прававых пытаннях (2021).

Мала выпусціць усіх палітычных, трэба запусціць працэс рэабілітацыі, у тым ліку юрыдычнай. Частцы адразу скасаваць судзімасць паводле палітычных артыкулаў крымінальнага кодэксу, іншым ужо на свабодзе даць магчымасць перагляду справы і вяртання годнага імя. Гаворка не пра агульную амністыю, а пра справы, непасрэдна звязаныя з палітычнымі рэпрэсіямі. Рэабілітацыі трэба не толькі асуджаным і тым, хто прайшоў Акрэсціна.

ЦІП на Акрэсціна ў Менску.
Фота: Sputnik

«Гэта і тыя, хто з’ехаў паводле палітычных матываў, і звольненыя з працы, пазбаўленыя права на адукацыю ці прафесію, пазбаўленыя званняў і навуковых ступеняў, адлічаныя з універсітэту і гэтак далей», – пералічвае Крысціна Рыхтэр.

Як тлумачыць Крысціна Рыхтэр, ёсць такі інструмент, як рэстытуцыя – вяртанне справы ў стан да палітычнага суда. Гэта ж датычыцца і палітычных звальненняў з працы, і ануляваных званняў. Канцэпцыя прадугледжвае кампенсацыю пацярпелым – за ўсе выплачаныя Лукашэнку штрафы, за канфіскаваныя кватэры, за катаванні і калецтва. І важна, каб сама дзяржава ў будучыні прызнала, што факты рэпрэсіяў былі. Бо сёння пасланнікі Лукашэнкі кажуць, што санкцыі гэта змова Захаду.

«Аднабаковыя захады прымусу, уведзеныя Захадам наўпрост ці ўскосна практычна супраць усіх дзяржаваў астатняга свету, мусяць быць тэрмінова адмененыя», – так з трыбуны 78-й Генеральнай Асамблеі ААН прамаўляў Сяргей Алейнік, міністр замежных справаў Аляксандра Лукашэнкі.

Канцэпцыя прадугледжвае міжнародныя стандарты, кантэкст Беларусі, але і практыку іншых краінаў. Напрыклад, палякі прайшлі праз падобнае падчас Ваеннага Стану, уведзенага камуністычнай дыктатурай.

«Людзей прымусова перасяляюць, затрымліваюць, беззаконна асуджаюць на шмат гадоў турмы. Цяжка казаць пра якую-кольвек свабоду. Я не кажу пра гаспадарчыя пытанні. Бо цяпер беларусы жывуць кепска, як палякі жылі кепска ў 1980-я гады ў Польскай Народнай Рэспубліцы», – параўновае сітуацыю Павэл Штама з Бюро гістарычных даследаванняў Інстытуту нацыянальнай памяці (Польшча).

Павэл Штама прыгадвае, што ў 1990-я гады пасля атрымання поўнай незалежнасці пра пацярпелых ад рэпрэсіяў прызабылі.

«Сітуацыя змянілася ў 2000-х гадах. Шмат польскіх герояў барацьбы за свабоду атрымалі дзяржаўныя ўзнагароды, іх пачалі згадваць у публікацыях, запрашаць на рознага роду ўрачыстасці. Але не было фармальнага атрымання маёмасці, грошай і гэтак далей», – распавядае адмысловец.

Каб у нас было іначай, і быў створаны гэты праект. Падрабязнасці праекту – на нашай старонцы Belsat.eu.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»