32-ая гадавіна зацверджання незалежнасці Беларусі


Дакумент пра незалежнасць Беларусі зацвердзілі 32 гады таму. Гэты дзень не пазначаны чырвоным у афіцыйным календары, але шмат хто з беларусаў лічыць яго святам.

«У гэты ўрачысты дзень нагадаю вам бессмяротныя словы Кастуся Каліноўскага: «Толькі тады зажывем шчасліва, калі над намі маскаля ўжо не будзе». Дзеля таго і працуем. Жыве Беларусь! Са святам!», – з такімі словамі да беларусаў звярнуліся ваяры ўзводу цяжкага ўзбраення батальёну «Волат» палка Каліноўскага.

25-га жніўня 1991-га пазачарговая сесія Вярхоўнага Савету Беларусі надала Дэкларацыі аб суверэнітэце нашай краіны статус канстытуцыйнага закону. Прыняў гэтую дэкларацыю Вярхоўны Савет год раней у ліпені, але моц закону дакумент атрымаў менавіта ў 1991-ым, праз тры дні пасля правалу путчу ГКЧП у Маскве.

«Трэба было падрыхтаваць даволі шмат, гэта была такая працэдура. У гэтым сэнсе ў нас быў цэлы пакет дакументаў, мы сябе адчувалі – маю на ўвазе дэпутаты апазіцыі БНФ – вельмі ўпэўненыя ў гэтым сэнсе і падтрымка людзей на плошчы вельмі шмат для нас значыла», – узгадвае дэпутат Вярхоўнага Савету ў1990–1996 гадах Сяргей Навумчык.

Дэкларацыя абвяшчала поўны дзяржаўны суверэнітэт рэспублікі, самастойнасць і паўнату дзяржаўнай улады ў яе межах. Таксама парламент прыняў яшчэ некалькі пастановаў – замацаваў прыярытэт беларускіх законаў над агульнасаюзнымі. МУС і КДБ перайшлі пад кантроль рэспублікі. Тэрыторыя Беларусі аб’яўлялася непадзельнай і недатыкальнай. Дзейнасць Камуністычнай партыі часова спынялася.

«Дэпутаты-камуністы бачылі, як у Маскве Ельцын пад носам Гарбачова падпісаў указ пра спыненне дзейнасці КПСС. Гэта таксама паўплывала. І яны канешне ў гэтым страху гатовыя былі прагаласаваць за што заўгодна абы захаваць сябе ў гэтых дэпутацкіх крэслах», – кажа Сяргей Навумчык.

Пытанне надаць Дэкларацыі аб суверэнітэце статус канстытуцыйнага закону залучылі ў парадак дня толькі пад націскам апазіцыі БНФ і прынялі дзякуючы дзясяткам тысяч беларусаў, якія выйшлі на вуліцы.

«Настрой, канечне, быў вельмі ўзняты, і было адчуванне перамогі, і для людзей, відавочна, не была вялікай трагедыяй, як для некаторых цяперашніх дзеячаў, гібель савецкай імперыі. Наадварот, людзі разумелі, што з’яўляецца шанец, зʼяўляюцца нейкія магчымасці, перспектывы», – кажа кандыдат гістарычных навук Яўген Красулін.

Дэпутат Аляксандр Лукашэнка тады за незалежнасць дзяржавы не галасаваў. Паводле вынікаў пайменнага галасавання, ён не зарэгістраваўся, таму насупраць ягонага прозвішча стаіць пазнака «адсутнічаў». Не бароніць незалежнасці лукашэнкаўскі рэжым і сёння. Але для беларусаў цяперашнія падзеі – такі ж шанец вызначыць лёс краіны, як і ў 1991-ым.

«Цяпер галоўнае не апускаць рук, не крычаць «усё прапала», а рыхтавацца да будучыні. Зноўку абдумваць будучыню Беларусі, займацца праблемамі мовы культуры, адукацыі, фармавання інстытутаў, і ўсё атрымаецца», – перакананы Яўген Красулін.

Неабходнасць ізноў змагацца за незалежнасць краіны падкрэсліла ў віншавальным звароце Святлана Ціханоўская, бо цяпер нашая незалежнасць – пад самаю вялікаю пагрозаю за ўсю найноўшую гісторыю: «І я ўпэўненая, што ў нас хопіць і сілаў, і вытрымкі, і розуму перамагчы і цяпер – у імя будучыні нашых дзяцей, у імя незалежнасці і росквіту нашай Бацькаўшчыны. Жыве Беларусь!»

Вераць у незалежную будучыню нашай краіны і ваяры палка Каліноўскага. Яны ўпэўненыя: абараніўшы Украіну, здабудуць свабоду і для Беларусі.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»