31 год Незалежнасці Беларусі


24-га жніўня Украіна адзначыла Дзень Незалежнасці. 25-га – чарга Беларусі. Менавіта ў гэты дзень 31 год таму БССР дамаглася самастойнасці. Вярхоўны Савет надаў статус канстытуцыйнага Закону «Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце». У час, калі пагроза нашай незалежнасці расце, памятаць і шанаваць такія даты – надзвычай важна.

25 жніўня 1991 года Беларусь стала незалежнай ад СССР.
Фота: БелаПАН

Сёння 31-ая гадавіна здабыцця Незалежнасці Беларусі з яе далейшым пераўтварэннем з савецкай рэспублікі – у самастойную дзяржаву. Што дала нам гэтая Незалежнасць – мы запыталіся ў нашых чытачоў:

«Разуменне свайго ўласнага шляху, уласны погляд на сваю гісторыю, на свой сённяшні дзень».

«А дзе яна, тая незалежнасць? Гэта як мера, пра якую ўсе гавораць, але ніхто не бачыў».

Аднымі з першых перамены адчулі спартоўцы. Раней за права трапіць у зборную СССР ім даводзілася цяжка змагацца з канкурэнтамі з 14 краінаў. Незалежнасць спрасціла шлях на сусветныя спаборніцтвы.

«Калі толькі ўтварылася незалежная краіна Беларусь, я паматаю, як прыходзіў у зал і бачыў (у нас – у гімнастаў была такая форма бела-чорная, чамусьці, але на ёй мне падабаўся герб наш – Пагоня і сцяг – бел-чырвона-белы», – памятае свае эмоцыі майстар спорту па спартовай гімнастыцы Сямён Букін.

У галіне культуры асабліва першыя тры гады пасля атрымання незалежнасці былі прарыўнымі – кажа літаратуразнаўца і рэжысёр Васіль Дранько-Майсюк:

«Новыя пісьменнікі, бумбамлітаўцы, паказалі што беларус можа быць свабодным, жангляваць словамі, быць дзёрзкім, хуліганістым, файным! Сябе праявіў Васіль Быкаў, які ўсё ж да гэтага быў у палоне сваёй ваеннай схемы. У яго з’явіліся фантастычныя творы, сатырычныя творы».

Дзевяностыя – росквіт беларускай музыкі, асабліва фольк-мадэрну і року. Зʼяўленне гуртоў «Палац» «Крыві», «NRM», «Крама» і гэтак далей. І гэта росквіт беларускага тэатру.

«Гэта, у першую чаргу, Пінігін, якога я вельмі люблю. Ён з 1988-га па 93-ці год стварыў такія рэчы, як «Дракон», «Ідылія», «Тутэйшыя». Гэта «Вольная сцэна» Валерыя Мазынскага, якая нарадзіла новых цудоўных артыстаў. – кажа Васіль Дранько-Майсюк.

Усё гэта (і не толькі) нават пасля прыходу да ўлады нязменнага кіраўніка стварыла падмурак для ўмацавання нацыянальнай ідэнтычнасці і развіцця мовы. Усё дзякуючы падзеям 31-гадовай даўніны, адным з архітэктараў якіх быў Юрый Беленькі – дэпутат апазіцыі ў Вярхоўным Савеце:

«Беларусь атрымала незалежнасць з рук усіх нашых змагароў – папярэдніх пакаленняў – Касцюшкі, Каліноўскага, Слуцкіх змагароў. Усе гэтыя пакаленні змагаліся за нашую незалежнасць. Калі ўзнік такі момант гістарычны ў жніўні 1991 года, знайшліся патрыёты Беларусі якія скарысталі, – сказаў у сваім звароце Юрый Беленькі.

Аналітыка
Колькі той незалежнасці засталося? Спыталі год таму і сёння
2022.08.25 21:09

Пасля паразы камуністычнага путчу ў Маскве Расея на чале з Ельцыным (адзіны раз у гісторыі) часова стала саюзнікам Беларусі і дэмсілаў іншых рэспублік – дала зялёнае святло на самастойнасць.

Таму на нечарговай сесіі Вярхоўнага Савету БССР левыя, правыя і камуністы падтрымалі прапановы БНФ пра абвешчанне незалежнасці, забарону КПБ-КПСС, стварэнне ўласнага войска. Дэкларацыі надалі Канстытуцыйны статус.

Пуцінская Расея ў апошнія некалькі гадоў намагаецца аслабіць незалежнасць Беларусі, якую вызначаюць:

«І ўласная эканоміка, і ўласныя нацыянальныя інтарэсы, нацыянальная культура і мова. І гэта ўсё трэба адстойваць. І нават сёння (ва ўмовах чужынскай улады) нават тое, што беларусы не ўдзельнічаюць дзякуючы незалежнасці ў чужых маскоўскіх войнах (…) – гэта ўжо здабытак, – звярнуў увагу Беленькі.

Палітык перакананы, што да бальшыні беларусаў прыходзіць разуменне каштоўнасці незалежнасці, заклікае памятаць пра гэтую дату і прынамсі віншаваць сваіх знаёмцаў.

Юлія Цяльпук «Белсат»