У суботу пройдзе онлайн-марафон салідарнасці з палітвязнямі


Трэці год беспрэцэдэнтных рэпрэсіяў. Тысячы палітычных вязняў. Іхны спіс папаўняецца штодня. Каб дапамагчы закладнікам рэжыму Лукашэнкі беларускія незалежныя медыя і блогеры ў гэтую суботу, 29 ліпеня, упершыню аб’яднаюцца ў супольным дабрачынным онлайн-марафоне, бо нам не ўсё адно.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Нам не ўсё адно» – гэта 12-гадзінавы онлайн-марафон салідарнасці з беларускімі палітвязнямі.

«Тэлебачанне “Белсат” лічыць сваім абавязкам прыняць удзел у марафоне ў падтрымку беларускіх палітвязняў, аказаць тэхнічную падтрымку тым, хто не зможа сам зрабіць трансляцыю. Таму што палітвязні – гэта наш агульны боль, нашая трагедыя» – кажа намеснік дырэктара «Белсата» Аляксей Дзікавіцкі.

Разам з нашым тэлеканалам у ім удзельнічаюць больш за дваццаць незалежных медыяў, уплывовыя ютуб-каналы і блогеры.

«Памяць прытупляецца, але людзі дагэтуль застаюцца за кратамі, яны патрабуюць нашай дапамогі.

Іх сваякі, якія засталіся без кармільцаў, іхныя дзеці патрабуюць нашае ўвагі і дапамогі, і мы можам гэтую дапамогу аказваць», – кажа галоўны рэдактар «Еўрарадыё» Павел Свярдлоў.

«Як журналісты мы пішам пра іх кожны дзень, але як людзі мы можам болей і мусім рабіць болей. Мы можам пісаць лісты, пераводзіць грошы. Мы не мусім забывацца на іх і іхных блізкіх», – дадае журналіст «Медиазона. Беларусь» Аляксей Івашкевіч.

Политзаключенные в Беларуси, Музей свободной Беларуси, Варшава, Польша
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Імёны палiтвязняў у Музеi вольнай Беларусi. Варшава, Польшча. 13 жнiўня 2022 года.
Фота: Анастасiя Дубровiна / Белсат

Госці супольнага эфіру – беларускія палітыкі і актывісты, спартоўцы, музыкі і творцы.

«Мы адчыняем марафон а 10-й гадзіне па Менску. Першыя 2 гадзіны – гэта мы, “Звычайны ранак”. У нас будуць госці, якія звязаныя з тэмаю палітвязняў. Першы – Саша Івулін. Думаю не трэба тлумачыць чаму. “Саша выйдзе”. Пазней падключыцца Святлана Ціханоўская», – распавядае Канстанцін Каверын, вядоўца YouTube-каналу «Обычное утро».

«Пра што мы распавядзем у нашай частцы марафону? Перш за ўсё пра журналістаў. Сярод 1500 палітвязняў сталая лічба, каля 30 – прадстаўнікі СМІ. Гэта тыя, хто асвятляў пратэсты ці проста не спадабаўся Аляксандру Лукашэнку», – кажа Алег Груздзіловіч, журналіст радыё «Свабода», які сам нядаўна быў палітвязнем.

Марафон – ініцыятыва прадстаўніцы Абʼяднанага пераходнага кабінету ў сацыяльнай палітыцы Вольгі Гарбуновай. Сабраныя сродкі размяркуюць паміж фондамі, арганізацыямі ды ініцыятывамі дапамогі палітвязням.

«З-за вайны пытанне палітвязняў адышло з поля зроку свету, мы не можам дапусціць, каб забыліся на нашых герояў, адзіная віна якіх у тым, што яны былі не згодныя з палітыкай узурпацыі ўлады Лукашэнкам і выказалі гэты пратэст», – дадае Аляксей Дзікавіцкі.

Падтрымаць марафон можа кожны, за выняткам тых, хто застаецца цяпер у Беларусі. Гэтае абмежаванне выкліканае захадамі бяспекі.

З гэтай прычыны арганізатары онлайн-марафону заклікаюць не каментаваць ды не лайкаць, не рабіць рэпостаў трансляцыі з адкрытых акаўнтаў. Як і не пераводзіць сродкі з картаў беларускіх банкаў. Дзеля падтрымання можна скарыстацца картамі, рахункамі блізкіх і сяброў, якія выехалі за мяжу. Ці любым іншым бяспечным спосабам, рэкамендаваным праваабаронцамі.

Глядзіце супольны марафон салідарнасці з клопатам пра сябе. Разам падтрымаем палітвязняў ды іхных блізкіх. Бо нам не ўсё адно!

Алесь Баразенка, «Белсат»