Чырвона-зялёны апошні званок: выпускнікі развіталіся са школай


У сталіцы, у вялікіх і малых гарадах і ў вёсках раніца выглядала падобным чынам: выпускнікі развітваліся са школай. Урачыстыя лінейкі паўсюль пачаліся з гімну і ўзняцця сцяга. А чырвона-зялёная атрыбутыка пераважала ў афармленні.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Апошні званок і выпускныя вечары Міністэрства адукацыі абвесціла прысвечанымі Году міру і стваральнай працы. Сталічныя выпускнікі разам з кіраўніцтвам Менгарвыканкаму ўсклалі кветкі да стэлы «Менск – горад-герой». Абгрунтавалі гарадскія ўлады гэтую акцыю неабходнасцю нагадаць выпускнікам пра «трагічную старонку ў нашай гісторыі».

«Галоўнае – памятаць, што мы народ-пераможца, мы перамаглі фашызм. І другое – каб на тэрыторыі нашай краіны фашызм не знайшоў працягу», – заявіў намеснік старшыні Менгарвыканкаму Арцём Цуран.

Традыцыя апошняга званка засталася ў Беларусі з савецкага часу. З’явілася яна адразу пасля вайны, а ў 70-я гады стала неафіцыйным дзяржаўным святам, кажа былая настаўніца Ганна Саламонава. Сёлетняе чырвона-зялёнае афармленне – не жаданне дзяцей, а абавязак класнага кіраўніка.

«А для дзяцей гэта ўвогуле… яны не ўкладаюць ніякага сэнсу ў гэта. А кіраўніку трэба фотаздымкі гэтыя здаць у аддзел адукацыі раённы. Раённы аддзел потым – у абласны, і гэтак далей», – тлумачыць Ганна Саламонава.

Улады выкарыстоўваюць свята ў сваіх мэтах, кажа былы працаўнік аддзелу ідэалогіі Андрэй Павук. Бо іх задача – расціць грамадзянаў лукашэнкаўскай Беларусі.

«Пасля гэтага стрэсу 2020 года, калі так званая “ўлада” ўбачыла, што багата не патрыётаў, багата “наркаманаў” і “прастытутак”, праплачаных Дзярждэпам, Захадам дык яны працу над памылкамі правялі і знайшлі такое выйсце, як гэта», – кажа Андрэй Павук.

Яшчэ адной асаблівасцю сёлетніх выпускных мерапрыемстваў стала тое, што Міністэрства адукацыі не рэкамендуе прыцягваць да іх арганізацыі старонніх людзей: вядоўцаў ці шоўменаў. А пройдуць святы пад кантролем Міністэрства ўнутраных справаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Выпускны вечар вучняў 11 класаў сярэдніх школ у Смаргоні, Беларусь. 10 чэрвеня 2021 года.
Фота: ВК / Белсат

«Працаўнікі органаў унутраных справаў будуць забяспечваць ахову грамадскага парадку ва ўсіх месцах правядзення ўрачыстых мерапрыемстваў, а таксама дарожную бяспеку паблізу навучальных установаў. Пад асаблівую ўвагу возьмуць і месцы масавага перабывання грамадзянаў: паркі, скверы, набярэжныя. Захады скіраваныя на папярэджанне правапарушэнняў і здарэнняў, у тым ліку звязаных з распіццём спіртных напояў», – паведаміў начальнік аддзелу арганізацыі працы інспекцыяў у справах няпоўнагадовых Аляксандр Блізнюк.

У суседніх краінах з дзяржаўнай сімволікай на свяце развітання са школай не перабольшваюць, а дзень робяць запамінальным для выпускнікоў.

Да прыкладу, у Нямеччыне ў апошнія дні заняткаў вучні прыходзяць у забаўных касцюмах, жартуюць з настаўнікаў і гарэзнічаюць у школе.

Падобным чынам адзначылі апошнія дні вучобы выпускнікі адной з віцебскіх школаў: напярэдадні апошняга званка яны прынеслі ў школу водныя пісталеты, танчылі і рабілі смешныя сэлфі. А ў Кіраўску кожны выпускнік пасадзіў у школьным двары дрэўца.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»